Прыёр усміхнуўся, узмахам рукі адаслаў падалей цікаўных і схіліўся над просьбітам.
— Гасподзь заўсёды чуе малітвы тых, хто шчыра раскайваецца. Вось ён і прывёў цябе да мяне, Баўтрамеюс. Ты ж разумееш, дарагі мой, што насамрэч апынуўся тут не дзеля гэтай сваёй просьбы, а таму, што хацеў вярнуцца да мяне. Хіба не так?
Голас прыёра гучаў так мякка і пераканаўча, што немагчыма было пярэчыць. Але Лёднік глуха паўтарыў:
— Прашу дазволіць нам выехаць з гораду, ваша правялебнасць.
— Пакажы мне свае рукі, Баўтрамеюс, — папрасіў прыёр. Лёднік неахвотна працягнуў скрываўленыя далоні. Айцец Габрыелюс узяў іх у свае рукі, схіліўся над імі, нібыта моўчкі памаліўся — Пранціш усёй істотай адчуў нейкую нетутэйшую сілу, ад якой у роце застаўся прысмак медзі і падняліся валаскі на скуры, як бы хто правёў па ёй пёркам. Прыёр выпрастаўся, стомлены, нібы доўга і цяжка працаваў, на вуснах лунала пераможная ўсмешка. Лёднік пакруціў далоньмі перад вачыма: раны зацягнуліся, нібыта прайшло некалькі гадоў, засталіся толькі ружовыя зморшчаныя рубцы. Сціснуў пальцы, расціснуў… Вырвіча ледзь не званітавала ад містычнага жаху. Дзесьці за спінай віскнула Паланэя… Яе віскат патануў у захопленых крыках. Цяпер было зразумела, чаму ўвесь горад слухаецца пробашча. Няўжо ён сапраўды святы?..
— Што скажаш, Баўтрамеюс? — з ласкавай усмешкай папытаўся пробашч. Лёднік паглядзеў на сваю далонь і спакойна адказаў:
— Уражвае.
— Ты таксама так можаш, — айцец Габрыелюс гаварыў даверліва і адначасова ўладна. — Ты дарэмна спалохаўся сваёй сілы, сышоў на самым пачатку, так бы мовіць, з вітальні, якая падалася табе засмечанай. Хаця варта было прайсці далей, ты патрапіў бы ў раскошныя пакоі. Ты нават не ўяўляеш, дарагі мой, ад чаго адмовіўся.
Лёднік, бледны, як прывід, слухаў, упарта сціснуўшы вусны і не падымаў вачэй. Прыёр паклаў руку яму на плячо:
— Ну, добра, пойдзем, Баўтрамеюс. Ты страціў шмат крыві, я дам табе лекі.
Бутрым, усё гэтак жа апусціўшы вочы, пакорліва ўстаў і рушыў за прыёрам. Нават не азірнуўся на сваіх спадарожнікаў.
Людзі разыходзіліся, узрушаныя, узнёслыя. Агаломшаны Пранціш прыгнечана сціскаў у кішэні непатрэбны слоік з ацаляльнай маззю, падрыхтаванай прафесарам.
Калі яны праходзілі каля ўзвышэння з распяццем, зноў абнесенага ланцугом, Пранціш заўважыў, што апошнія кроплі крыві ўжо сцёртыя з каменю аматарамі рэліквій.
Ад цікаўнікаў, якія чапляліся з роспытамі, удалося схавацца толькі ў доме пана Вайды. Пан Гервасій нарэшце даў волю ўзрушэнню і пачаў выпытваць тамашоўскага доктара, што той думае пра цуд ацалення, сведкамі якому яны сталі ў саборы. Але пан Вайда толькі адмахваўся і спасылаўся на волю Божую. Але Пранціш бачыў, што ў святасць айца Габрыелюса пан Вайда асабліва не верыць.
Што ж гэта тады, чараўніцтва? І чаму прыёр казаў Лёдніку, што той таксама так можа?
Затое пан Вайда запэўніў гасцей, што шлях з горада для іх адкрыты. Панна Паланэя зараз жа пачала збірацца, парадкаваць накупленае, чаго не хапала — прасіць у пані Вайды.
А Вырвіч заўважыў, што насоўку, якой выцірала твар Лёдніку, панна грэбліва выкінула праз вакно.
Лёднік вярнуўся позна. Нармальныя людзі, гэта значыць, фраў Вайда, дзеці, прыслуга — ужо спалі. Вырвіч кінуўся з роспытамі…
Але доктар нават галавы не павярнуў, моўчкі зайшоў у адведзены яму пакой, упаў спінай на ложак, паклаўшы вылечаныя рукі пад галаву, і засяроджана ўтаропіўся ў столь.
Столь была, як столь — дубовыя бэлькі, прывэнджаныя свечкамі, павуцінне па кутах, куды не дапяў дабрацца руплівы венік пакаёўкі. Але ясна, што Лёднік бачыў зусім не гэты нецікавы матэрыяльны прадмет. Ягоны цёмны пагляд быў такі адсутны, што рабілася страшна.
— Бутрым, заўтра выпраўляемся!
— Я застаюся.
Доктар прамовіў гэта вельмі будзённа.
— Слухай, мы і так час страцілі. І пакуль ёсць магчымасць…
— Я нікуды не еду, — доктар зрабіў ласку перавесці позірк на Пранціша. І Вырвіч спалохаўся. Такога Лёдніка ён яшчэ не бачыў… Дакладней, той час ад часу праяўляўся — калі ладзіліся небяспечныя доследы альбо дыспуты… Полацкі Фаўст.
— Адпраўляйцеся без мяне. Вас выпусцяць. Вось дазвол ад пробашча.
Баўтрамей дастаў з кішэні паперыну, кінуў Пранцішу. У святле свечак худы твар былога алхіміка падаваўся злавесным.
— Бутрым, што ён з табой зрабіў? — амаль закрычаў Пранціш. — Чым пагразіўся? Раскажы, што-небудзь прыдумаем!
Лёднік зноў утаропіўся ў столь.
— Ён даў мне магчымасць выбару. Я магу з’ехаць з вамі, калі захачу. Толькі я зразумеў, што ўвесь гэты час хацеў іншага… Каб толькі вы ведалі, што паказаў мне сёння айцец Габрыелюс! Якія адкрыцці, якія магчымасці для незацуглянага розуму! Гэта проста неверагодна! Зброя доктара Дзі…—прафесар пагардліва фыркнуў. — Састарэлае! Дзі быў майстрам, але не самых высокіх ступеняў. Пра самых абазнаных — ніхто не чуе і не ведае. Падобную зброю ў таемных лабараторыях яны даўно, напэўна, умеюць рабіць, і куды болей дасканалую…
У голасе Лёдніка гучэла захапленне і сапраўдная жарсць. Пранціш спалохаўся.