— Бутрым, ты ж столькі разоў казаў, што ёсць веды небяспечныя, што сам ледзь не загубіў душу… Успомні, як ты каяўся! Зноў хочаш абрынуцца ў цемру?

— Можа быць, варта рызыкнуць і прайсці праз цемру, каб здабыць святло? — адсутна прагаварыў Лёднік.

— Ты ж праваслаўны!

— Айцец Габрыелюс ніколі не патрабаваў ад мяне змяніць веравызнанне. Галоўнае — шчырая вера ў Госпада.

— Нічога сабе! — абурыўся Пранціш. — Не ведаю, якімі фокусамі задурыў табе галаву прыёр, але чаму ж ён, такі прагрэсіўны ды цярпімы, палюе тут на ведзьмакоў ды развёў у горадзе такую гразюку?

— Усё ў свой час зменіцца…

Пранціш, Паланэя і пан Агалінскі стаялі перад ложкам, на якім валяўся мройны доктар, у страшэннай разгубленасці.

— Пан Лёднік, няхай вашамосць успомніць пра сваю прыгажуню жонку. Няўжо пан не хоча больш пабачыць яе? — мілым галаском прагаварыла Паланэя. Доктар трохі памаўчаў, потым адказаў гэтак жа абыякава:

— Магчыма, ёй будзе лепей без такога мужа, як я.

Вырвіч не верыў сваім вушам.

— Як ты можаш прадаць Саламею? Яна ж цябе кахае!

— А што наконт лёсу аднаго маленькага хлопчыка? Наконт слова гонару? — пагрозна спытаў пан Агалінскі. Доктар павольна сеў на ложку, скіраваў на пана Гервасія халодны позірк:

— Такім, як я, не трэба мець ніякіх прыхільнасцяў і абавязкаў. Гэта замінае.

І ўстаў, ільдзяны, абыякавы, нетутэйшы.

— Дарэчы, калі я вярнуся ў брацтва, куды мяне аднойчы прынялі і дзе я прайшоў так мала па дарозе ведаў, я сам змагу вырашаць чужыя лёсы. Увогуле, хутка надыдзе час, калі светам будуць кіраваць не звыродлівыя атожылкі манархічных дынастый, а навукоўцы і філосафы.

— Ах ты халоп паганы! — пан Агалінскі схапіўся за шаблю, але раптам усвядоміў, што не можа выцягнуць яе з похваў. Ён тузаў сваю верную зброю і абліваўся потам пад пільным цяжкім позіркам Лёдніка.

— Я мусіў прынізіцца перад вашым братам толькі таму, пан Агалінскі, што быў недавукам і адмовіўся карыстацца сваімі пэўнымі здольнасцямі. Гэта было не маё бяссілле, а мой выбар, — роўным голасам прагаварыў доктар.

— Бутрым, хопіць! — у жаху закрычаў Пранціш. — Спыніся! Падумай пра Саламею! Пра Алесіка! Пра мяне, урэшце!

— Я і думаю, — глуха прамовіў Лёднік, зрабіўшы крок да дзвярэй. — Вам усім лепей быць ад мяне падалей.

— Я нікуды цябе не пушчу! Зараз жа — на коней і прэч з клятага горада! — Пранціш паспрабаваў схапіць Лёдніка за рукаў, але пад позіркам настаўніка не мог зрабіць і кроку. Паветра нібыта згусла, сцінула горла. Здаецца, гэта адчуў не толькі адзін студыёзус, таму што панна Паланэя зноў завішчэла.

Цяпер Вырвіч ясна бачыў страшнае падабенства позіркаў Лёдніка і прыёра манастыра святога Тамаша.

— Бывайце.

Лёднік рэзка развярнуўся і выйшаў. Адразу аднавілася вольнасць рухаў. Але настрой быў самы адчайны.

Яны сядзелі за сталом, пілі гарбату з малаком па мясцовым звычаі, і здавалася, нават гадзіннік на сцяне не цікае, а ўскрыквае.

— Я так і ведаў, што ён — чараўнік! І як мы цяпер без доктара знойдзем пячору, панства? — паныла пытаўся пан Гервасій.

— Што ж, я буду за яго! — уздыхнуў Пранціш. — Усе разлікі ён пакінуў, збольшага я ў ягоныя даследванні пасвечаны.

— Калі вы дапаможаце ў росшуках, вы атрымаеце вялікую ўзнагароду, пан Вырвіч! — адразу падтрымала гераічны парыў студыёзуса панна Багінская. — Вас чакае бліскучая будучыня!

— На вастрыі шаблі Германа Ватмана, ваша мосць? — з’едліва спытаў Пранціш. Панна Багінская пачырванела і пачала ў нечым запэўніваць, але Пранціш не слухаў.

— Пан Караль Радзівіл зробіць вас мечнікам! — са свайго боку дадаў пан Гервасій. — І вы, пан Бжастоўскі, калі дапаможаце, таксама трапіце ў лік альбанчыкаў! З вас вырасце сапраўдны мужчына!

Паланэя, нягледзячы на трагічнасць становішча, не папусціла панасмешнічаць.

— Такі ж мужчына, як вы, пан Гервасій?

— Анягож! Я сам займуся вашым выхаваннем, вашамосць!

Цяпер ужо і Пранціш ледзь не зарагатаў.

— Не ведаю, якія вашыя далейшыя планы, літасцівыя панове, і ведаць не хачу, але найлепей вы зробіце сабе і мне, калі на золку адсюль з’едзеце, — нервова прамовіў пан Вайда, які сядзеў, счапіўшы рукі і не кранаючы свой кубак. — Не тое, каб я вас выганяў, але… Я люблю ціхае жыццё. Звык, ведаеце, да свайго маленькага шчасця. Я сказаў вам, што мы баяліся ў часы навучання пана Габрыелюса Правітуса. Але аднойчы мы пачалі гэтак жа пабойвацца свайго аднакурсніка Баўтрамея Лёдніка. І я вельмі паважаў яго за тое, што ён змог парваць з панам Правітусам і тымі, хто за ім стаіць. Бо лічылася, што ад іх сысці немагчыма. Але так і ёсць, відаць…

У дарогу выправіліся, як раіў тамашоўскі доктар, на золку, яшчэ ў цемры і цішы. Але варта было выехаць за вароты дома — іх перапынілі. Усё адбылося хутка, спрактыкавана… І Пранціш зразумеў, што з гораду яны не выедуць ніколі — проста знікнуць, і Лёднік, магчыма, ніколі не даведаецца пра іхні лёс. Дый ці стане даведвацца?

На развітанне Пранціш схітрыўся ўсунуць пану Вайду, які выйшаў іх праводзіць і стаяў пераляканы, як верабей пад лапай коткі, аркушык паперы, пакінуты Лёднікам. Аркушык з накрэсленым імем «Аляксандр».

— Перадайце Бутрыму… Раскажыце пра нас…

Перейти на страницу:

Похожие книги