— Хай будзе ўдалым промысел,— сказаў Валянцін.— Ну і каб муж хутчэй вярнуўся дадому.— Ён узяў з вазы яблык, разразаючы, усміхнуўся.— А мо, Алена, і не трэба, каб ён хутчэй вяртаўся? Падганю калі-небудзь карэту і, як цыган, украду вас. А там чыстае поле, зоркі, касцёр... I такая цішыня, што кожнае слова можна пачуць здалёку. Яно бязгучнае, гэта слова, як само каханне...— Валянцін раптам пакрывіў свае ледзь прыпухлыя вусны.— Во дзівак! Усё гэта выдумкі. Жыццё больш празаічнае. Але бываюць такія ўсплёскі, што хочацца шалець ад радасці. Вы, Алена, у мастацкім музеі былі?

— Не, пакуль што не была,— ёй у гэтым было сорамна прызнацца.

— Аднойчы я на выстаўцы ўбачыў партрэт невядомай. На жаль, не запомніў прозвішча мастака. Калі стаяў ад партрэта непадалёку, дык нічога асаблівага не заўважыў: жанчына як жанчына. А вось адышоўся ў канец залы, паглядзеў на гэты самы партрэт і знямеў ад нечаканасці. Проста на мяне пазірала, бы жывая, гэтая незнаёмка. Нешта летуценнае, няўлоўнае, незразумелае ўбачыў я ў яе трохі самотным позірку. Здавалася, што яна зараз сыдзе на падлогу, зробіць рэверанс і загаворыць…—Валянцін нечакана змоўк, палез у кішэню.— Дазвольце, Алена, закурыць. Не думаў, што расхвалюе мяне гэты ўспамін…

Алена Канстанцінаўна ў знак згоды кіўнула галавой і ў душы пашкадавала, што Валянціну так не да часу захацелася курыць. Ёй стала да слёз шкада сябе, бо яе жыццё было абмежавана маленькім пакойчыкам і работай ды яшчэ нялёгкім чаканнем з доўгай-доўгай пуціны Ахрэма.

Унізе зноў зайграла музыка, прыглушаная, ледзь чутная.

— Дык што я хацеў вам сказаць? — парушыў маўчанне Валянцін.— Што я павінен сказаць? Толькі цур: на маю шчырасць не крыўдзіцца…

— Ну, калі нічога такога…

— Адзін класік некалі сказаў, што вялікае бачыцца на адлегласці,— зноў загаварыў Валянцін.— Вы помніце, як мы з вамі пазнаёміліся?

— Няўжо ж,— ціха адгукнулася Алена Канстанцінаўна. Яна ўспомніла, як разам з Ахрэмам слухала песню, якую Валянцін прысвяціў ёй, і захацелася зноў пачуць ягоны голас.— Цудоўны атрымаўся вечар. Мне даўно не было так хораша, як тады…

— Прызнацца, дык трохі боязна зараз,— паглядзеў на Алену Канстанцінаўну Валянцін.— Але памірае чалавек толькі аднойчы. У мяне было такое адчуванне, як тады перад партрэтам. Пайшлі вы з Ахрэмам дадому, а мне быццам цемра захінула вочы. Круціла, катавала душу: не ўбачу зноў вас, і жыццё губляе сэнс. Як насланнё. Ды і не гатовы я быў да таго, што мяне так можа скруціць бязлітаснае глупства. Разумею, што здраджваю Ахрэму. Засела штосьці балючае ў грудзях, а адступіцца не магу. Ці ж я вінаваты, што ўсё так атрымалася? — Валянцін, бы спустошаны прызнаннем, апусціў галаву.— Даруйце…

Усё адбылося так нечакана, што Алена Канстанцінаўна быццам знямела. Яна ніколі раней не лічыла сябе занадта прыгожай ці занадта разумнай, каб узбуджаць вялікія пачуцці. I вось гэты не падобны на іншых мужчына, які, пэўна, створаны для шчасця, прызнаецца ёй у каханні. Яна не магла ўявіць сабе, што нешта падобнае можа з ёй здарыцца. Гэта было зусім не тое, як некалі прапанаваў руку і сэрца Ахрэм: «Мне флот пакойчык выдзеліў…» Дык божа ж мой: ці ж справа ў гэтым уласным пакойчыку, дзе не госцем, а гаспадаром пасялілася тужлівая адзінота? Што яна бачыла шчаслівага ў сваім жыцці? Толькі тыя кароткія, як бліскавіца, імгненні, калі адчыняліся дзверы і ў хату ўваходзіў Ахрэм. Дык колькі тых імгненняў было? Няўжо ён не разумеў яе вялікую крыўду, калі і на беразе, у тыя лічаныя хвіліны радасці, бег на свой траўлер?

Ёй чамусьці захацелася выяўляць Ахрэмавы недахопы. Але раптам у цьмяным святле залы быццам усплыў стомлены мужаў твар, ягоная трохі вінаватая ўсмешка, пачуўся прастуджаны голас: «Ну вось я і дома, старая…» — і Алене Канстанцінаўне стала сорамна за свае думкі.

— Пагаварылі трохі, пасядзелі, дык і час дадому,— устаючы з крэсла, сказала яна.

— Тады дазвольце праводзіць,— папрасіў Валянцін.— Мне тут аднаму таксама млосна.

— Не трэба,— вырашыўшы быць непрыступнай, адказала Алена Канстанцінаўна.— Дарога дахаты недалёкая.

Валянцін пакорліва зноў сеў за столік. На ягоным хударлявым твары адбіліся цені.

— Хачу, каб усе жанчыны былі падобнымі на вас, Алена. Тады, мабыць, і мы будзем шчаслівейшымі…

«Будзем шчаслівейшымі…» — горка ўздыхнула Алена Канстанцінаўна. Яна ўключыла таршэр, і зеленаватае святло напоўніла пакой. Мілагучны стук гадзінніка на сцяне насцярожыў. Верзлася, што ў кватэры ёсць яшчэ хоць і нежывая, але разумная істота.

Алена Канстанцінаўна, нібы гэта было толькі ўчора, яскрава ўспомніла, як вярнулася тады з клуба, як блыталіся ў галаве думкі і аднекуль здалёку даносіўся голас Валянціна. Нібы клікаў у невядомае, скардзіўся на няўтульнае жыццё, і хацелася апрануць паліто, выбегчы на вуліцу, каб зноў акунуцца ў тую весялосць і тое яркае святло, дзе яна пакінула Валянціна.

«Дык што ж гэта такое? — роспачна вырвалася тады з яе грудзей.— Калі ўжо нарэшце вернецца Ахрэм? Ну, калі ласка, не бадзяйся доўга!..».

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже