— Прабачце, Аркадзь Нікіфаравіч, афіцыянтка яшчэ не ўзяла заказ, але ж, бачыце, на стале каньяк і шампанскае. Мо не пагрэбуеце з намі пасядзець?
— Можна,— палагаднеў рэжысёр.— Хоць я і павячэраў. А праз чатыры гадзіны павінен быць у аэрапорце. Скончылася камандзіроўка.
— Ну што ж,— сказаў Максім,— сем футаў пад кіль. А нам яшчэ канца не відаць.
— А на якім судне вы плавалі? — адкусваючы яблык, пацікавіўся рэжысёр.
— Па-першае, не плавалі, як вы сказалі, а ішлі, а па-другое, на выратавальніку «Хуткім» з портам прыпіскі Мурманск,— удакладніў Максім.
— Не ведаю,— нібы і не пачуў першых слоў Аркадзь Нікіфаравіч.
— Дык вы многа чаго не ведаеце,— усміхнуўся Хвалей.— Нават тое, што мы з боцманам,— ён кіўнуў на Ахрэма,— на вашых здымках ледзь богу душу не аддалі…
— Як гэта? — пагладзіў бародку рэжысёр.
— Вельмі проста. Калі падрывалі лёд, мелі поўную магчымасць трапіць да Нептуна ў госці…
— Вялікае мастацтва патрабуе ахвяр,— сказаў рэжысёр.— Здараецца, што і прафесійныя артысты на здымках гінуць. Рызыка ёсць у любой рабоце. Тым больш вам, марскім ваўкам, здаецца, не прывыкаць да яе.
Гэта прагучала як пахвала, але ж Забалотнага аж перакруціла ад спакойнага паблажлівага тону, які ўзяў Аркадзь Нікіфаравіч.
— Скажыце, а дзе вы ваявалі? — спытаў ён.
— Як вам растлумачыць? Кожны ваяваў на сваім месцы. Мне не давялося ўдзельнічаць у баях. Але ж і я змагаўся з кінакамерай у руках. Здымалі ў эвакуацыі фільмы.
— Бачна, што ў эвакуацыі,— не стрымаўся Забалотны,— Таму і чалавечае жыццё не навучыліся цаніць.
Рэжысёр смешна зморшчыў твар, з непрыхаванай іроніяй паглядзеў на Ахрэма.
— Дарэчы, я не страхавы агент, паважаны. Так што вы памыліліся адрасам. Дзякую за пачастунак,— ён зноў па-тэатральнаму нахіліў галаву.
— Чаго ты вызверыўся? — калі пайшоў Аркадзь Нікіфаравіч, спытаў Максім.— Нават не даведаліся, як будзе называцца фільм. Усё ж такі цікава паглядзець.
— Я на гэты ягоны фільм і бясплатна не пайду,— адрэзаў Забалотны.
Настрой сапсаваўся. Ахрэм разумеў, што павінен быў стрымацца, але ж падкрэсленая перавага, з якой размаўляў з імі рэжысёр, балюча параніла яго.
— Давай, Максімка, лепей за твае поспехі. Каб у цябе добра ўсё ў жыцці склалася: па сэрцу знайшоў дзяўчыну, паступіў у вучылішча.
Паступова горкае пачуццё ад размовы з рэжысёрам знікла. Ды і ў зале павесялела: зайграла музыка. На сцэну выйшаў лысаваты, але яшчэ маладжавы мужчына ў светлым бліскучым касцюме. У залу палілася трохі самотная песня:
В окна домов застучала морзянка:
для всех любимых — возвращаемся в порт!
И только мне отозвалось невнятно:
для нелюбимого — берег не ждет!
Ахрэм наструніўся. Яму здалося, што ён ужо некалі чуў гэты мяккі, як зазыўны голас. Але ніяк не мог успомніць, дзе ён мог яго чуць.
Проходит время, обида тает,
в душе оставив соленый стон.
Морзянкой море корабль качает.
Для нелюбимых каюта — дом
Чымсьці паўзабытым, горкім дыхнула на Забалотнага. Быццам ён зноўку перажыў, пачуў пякучыя словы: «Нялюбы ты мне стаў. Няўжо не бачыш?..»
Яны сядзелі далёка ад эстрады, і адсюль, з глыбіні залы, немагчыма было разгледзець твар мужчыны. Аднак ягоная маладжавая пастава здавалася знаёмай.
— Штосьці апельсінаў захацелася,— схлусіў Ахрэм,— Мо пад прылаўкам ёсць?
Ахрэм не пайшоў па праходзе, а, нібы хаваючыся ад чужых вачэй за высокімі зялёнымі пальмамі, узяў бліжэй да сцяны. Спыніўся ў кутку непадалёку ад стала адміністратара.
Эстраду падсвечвалі рознакаляровымі пражэктарамі. Святло мянялася: то чырвонае, то сіняе альбо зялёнае з фіялетавым, і таму здавалася, што па айсбергу бегае паўночнае ззянне.
Пасярэдзіне эстрады стаяў Валянцін. З залы ён выглядаў эфектна, і Ахрэм без зайздрасці падумаў, што, пэўна, яго і зараз кахаюць жанчыны. Але зласліва ўзрадавала думка, што Валянцін на схіле гадоў вымушаны зарабляць у партовым рэстаране. «Я ж не сцвярджаю, што жыву дзеля чыстага мастацтва. Каб існаваць, трэба мець кавалак хлеба...»
«Не хацеў бы я на старасці есці такі хлеб», — успомніўшы гэтыя словы, паківаў галавой Ахрэм.
Песня скончылася, і, калі Забалотны паглядзеў на сцэну, Валянціна ўжо не было. Толькі прыладжваліся да нейкай новай мелодыі музыканты, Ахрэм пайшоў да свайго століка, за якім сумаваў Хвалей.
Убачыўшы былога Аленінага мужа, Ахрэм яскрава зразумеў, што нічога бясследна не мінула, толькі крыўда стала яшчэ больш балючая і абвостраная. Ён думаў пра тое, што Валянцін не адмовіцца пачаставацца за чужы кошт. I тады ён, Ахрэм Забалотны, зможа зазірнуць у вочы чалавеку, які яго некалі абрабаваў.
— Ты запомніў спевака? — спытаў у Максіма Забалотны.
— А што, даць яму пяцёрку, каб паўтарыў сваю баладу? — здзівіўся Максім.
— Запрасі яго за наш столік: бачу, у цябе прападае вялікі талент на знаёмствы. А сам, калі так душа патрабуе, можаш запрасіць дзяўчыну на танец.
У эале гойсалася мелодыя танга, сінімі нітачкамі ўзнімаліся да столі цыгарэтныя дымкі, і, здавалася, людзі таксама гойдаюцца на арэлях.