Бухгальтар раённага ТБМ узмацнiў гук i рвануў машыну зь месца. Далей я толькi пасьпяваў схоплiваць карцiнкi раённага жыцьця, што замiльгалi ў рок-н-рольным рытме.
Сьвежапафарбаваны баракальны касьцёл; бронзавы першадрукар, падобны на крыжаноснага рыцара, якi замест мяча абапёрся на фалiянт з мудрым надпiсам «Бярыце i чытайце»; забiтая выключна маладой публiкай заля бiблiятэкi; апазыцыйная мясцовая газэта з праграмным артыкулам Пазьняка; i яшчэ вельмi разумныя вочы дзяцей у вясковай школе.
Трохi аддыхаўшыся ў гатэлi, я нарэшце заўважыў, што вокны нумару выходзiлi на сярэднявечны замак часоў Вялiкай Лiтвы. Маленькiя хаткi тутэйшых жыхароў нахабна падступалiся да самых сьценаў помнiка даўнiны. Тым самым надаючы замку выгляд вельмi вялiкага, пакiнутага дому. Гаспадары якога абавязкова вернуцца. Ды я iх, зрэшты, ужо бачыў.
Даўно заўважыў — людзi, для якiх беларуская мова ёсьць толькi прафэсiйным абавязкам цi гiстарычным помнiкам, нехаця пачынаюць гаварыць штампамi кепскiх гiстарычных п'есаў. «Да нас прыехаў наш цудоўны пiсьменьнiк, чые творы назаўжды ўваходзяць у скарбонку духоўнай культуры нашай зямелькi. Павiтаем, дзецi, жывога клясыка». Колькi разоў я гэта чуў, столькi ж i не шкадаваў аб скарачэньнi беларускамоўнага навучаньня. Але нi ў кога гэтая мова не гучыць больш пераканаўча й жыва, чым у дзяцей, якiя ўвогуле гавораць некалькi гадоў свайго жыцьця. ТБМаўскi бос, а па-сумяшчальнiцтву яшчэ й завадзкi сьлесар, павёў нас да сябе ў iнтэрнат у госьцi. У адным з пакояў гулялiся iнтэрнатаўскiя дзецi. Дзясяткi тры чалавек займалiся тым, чым i павiнны займацца людзi, якiм ад пяцi да дзесяцi гадоў — хадзiлi на галаве. Але пакой зьвiнеў, рагатаў i енчыў нашаю моваю. «Ды так, зарганiзаваў нешта накшталт дзiцячага клюбу. Бацькi ж ня супраць. Дакладней, сюды iмкнуцца прыстроiць сваiх чадаў жыхары суседнiх iнтэрнатаў», — патлумачыў карцiну бос.
Седзячы перад ад'ездам у няўтульным савецкiм рэстаране, уся выгода якога заключалася ў замкавай вежы ў вакне, я цi не ўпершыню за мiнулыя суткi ўлавiў чужую гаворку. Цераз столiк ад нас размаўлялi памiж сабою сiвы сьвецкi леў нобэлеўскага выгляду з кiлiшкам каньяку ў руцэ й трыццацiгадовы маладзён, падобны на зорку апэрэты. Размаўлялi па-француску. Бухгальтар ТБМ патлумачыў: «Гэты стары — сапраўдны француз. Ды яшчэ й марксiст у дадатак. Зьбег аднекуль з Брэтонi ў 60-х, каб самому будаваць камунiзм. Да гэтай пары ўсё будуе». «Ты лепш ў яго запытайся, як тут можна жыць», — параiў мне пiсьменьнiк. Але седзячы ў захалусным рэстаране ды жуючы бiточкi па-беларуску пад шансонны дыялёг, гледзячы на вальтэраўскую галаву на тле замкавай вежы, мне, можа, упершыню не захацелася ў Парыж.
4000 км па ідэальнай БССР
Перад выбарамі прэзыдэнта і адразу пасьля іх мы з Уладзімерам Арловым аб'езьдзілі з выступамі і канцэртамі ўсю Беларусь.
Як здорава, што аднойчы я авалодаў беларускай граматай ды вывучыў колькі гітарных акордаў! Дзякуючы гэтым дзьвюм рэчам пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі. Варта толькі завесьці рухавік, вырвацца за менскую кальцавую. У любым кірунку. Напрыклад, на Маладэчна.
Мяне заўжды зьдзіўляла Маладэчна. Пасьля менскіх вуліц ваўпшасавых ды мясьніковых маладэчанскія шыльды ўзьдзейнічаюць на псыхіку значна больш за сталічныя графіці. Вялікі Гасьцінец, Віленская, Лібава-Роменская. Чаму менавіта Маладэчну ўдалося ў той невялічкі пэрыяд незалежнасьці пад "Пагоняй" зрабіць тое, пра што менчукі мараць і сёньня? "Прабачце, але сабралася так мала людзей", — перапрашалі нас арганізатары. Лета, сьпёка, на плошчы віруе чэскі люна-парк. А ў залі тэхнікуму — пара сотняў маладзёнаў. Можа, для Маладэчна гэта й мала.
Вельмі зьдзівіла Вялейка. Там пад нашую "крамольную" імпрэзу ўлады далі гарадзкі Палац культуры. Добрае сьвятло на сцэне, добры гук у мікрафонах, ізноў жа амаль поўная заля моладзі. Якую ня трэба агітаваць за беларушчыну. Пасьля такіх выступаў пра што зусім ня хочацца размаўляць, дык гэта пра лёс мовы. Які можа быць лёс у мовы, якую паўсюль разумеюць?
Хаця ў Шаркоўшчыне нас не разумелі. "Як праехаць да першай школы?" Дзьве дзяўчынкі старэйшага школьнага веку глядзяць на цябе, нібы на іншаплянэтніка. "Дзе тут у вас пошта?" — і цябе ўжо не разумее саракагадовы мужык. — "Нету ў нас такой". Быццам заехаў у які расейскі Таржок. Але ў Таржку, няйначай, зразумелі б хутчэй. "Дзеці, — ласкава загаварыў Арлоў, — а дзе ў вас Паўночны завулак?" — "А па-рускі гавары", — адказаў самы бойкі дзіцёнак. — "А тут што, Расея?" — завёўся Ўладзімер. — "Тут Беларусь", — прагучаў па-піянэрску горды адказ. — "Дык чаму ж вы, засранцы, па-беларуску не разумееце? Гнаць вас трэба адсюль". Я націснуў пэдаль газу, шчыра баючыся, што пісьменьнік пагоніць вісусаў зь Беларусі зараз жа.
Але ня варта адчайвацца нідзе. Нават з такімі складанымі словамі, як "першы", "паўночны" й "пошта", нас урэшце зразумелі і нам дапамаглі.