На ўсходзе дня майго заранка дагарае,

Каб позна ўвечары на Захадзе ўзысьці.

Тое, што чалавеку, які так вытанчана й геніяльна разьвітаўся са сваім першым каханьнем, было 14 гадоў, мяне не бянтэжыла.

Пазьней я даведаўся рэальную гісторыю гэтага каханьня. Гісторыю, што сама па сабе — гатовы кінасцэнар.

Малады чалавек, страціўшы ўсе надзеі на ўзаемнасьць, праводзіць сваю каханую з роднае беларускае вёскі ў далёкі Ленінград на вучобу. Тая, з усьмешкай прымаючы ягоныя хлапечыя заляцаньні, дазваляе хлопчыку правесьці сябе да станцыі. Яе вабіць незнаёмы, вялікі сьвет. Дзе жыцьцё ярчэйшае й цікавейшыя людзі. Далей ад гэтай вясковай глушэчы. Хлапец адчувае, што бачыць сваё каханьне, можа, апошні раз у жыцьці. Ён піша верш.

Дарогі герояў разыходзяцца ўсё далей, і надзея на сустрэчу ўсё меншая. Яна вучыцца на пэдагога ў Піцеры. Ён едзе ў сталіцу Савецкай Беларусі, дзе зь першых крокаў заяўляе сябе таленавітым паэтам. Лёс ня скупіцца на выпрабаваньні, але аберагае героя ад самага страшнага. У трыццатыя ён страчвае двух самых блізкіх сяброў. Пасьля арышту першага зь іх ён тыдзень не ўстае з ложку. Ён бясьсільны што-колечы зьмяніць і чакае самага страшнага. Але лёс літасьцівы да яго. Жыцьцё працягваецца. Наш герой жэніцца, нараджаюцца дзеці. І тут прыходзіць вестка зь мінулага. Ліст ад той, што калісьці нібыта адпрэчыла яго. У ягонай каханай арыштаваны муж... Але герой дапамагчы ня можа нічым.

Далей — вайна, фронт. І героям зноў наканавана выжыць. Каб сустрэцца на пачатку пяцідзясятых гадоў у родных мясьцінах. Яны дамаўляюцца спаткацца на пошце. Немаладая настаўніца расейскай літаратуры прыходзіць раней. Машына ўлаўраванага паэта і сталінскага ляўрэата крыху прыпазьняецца. Чалавек у добрым гарнітуры выходзіць на пыльную вясковую вуліцу, бачыць праз вакно, не даходзячы да дзьвярэй пошты, тую, на каго чвэрць стагодьдзя таму маліўся, і зьбянтэжана вяртаецца ў сваё аўто. Кульмінацыя. Час не пашкадаваў ягонага каханьня. І ён не гатовы быў сустрэцца зь немаладой, пазбаўленай колішняй прыгажосьці, кабетаю. Адваротную дарогу да сталіцы Савецкай Беларусі герой намагаецца трымаць сябе ў руках. Але сьлёзы ўвесь час просяцца вонкі. Болей спробаў сустрэцца — зь ягонага боку — ня будзе. Яны абмяняюцца яшчэ некалькімі лістамі. Напрыканцы жыцьця ён насьпявае свой колішні юначы верш знаёмаму кампазытару. Той удасканаліць мэлёдыю. І народзіцца песьня. А праз кароткі час наш герой пойдзе з гэтага жыцьця, ушанаваны ўладаю ды расьпісаны ў школьных падручніках. Настаўніца на шмат гадоў перажыве свайго паэта. Узгадваючы тыя далёкія праводзіны ў вялікі сьвет кожнага разу, калі ў радыё пускаюць найпапулярнейшую песьню «па заяўках слухачоў».

…Я ехаў у Саматэвічы. На радзіму не аўтара «Сьцяга брыгады» і «Хамуціюса», і не перакладчыка «Яўгенія Анегіна». Я ехаў на радзіму чатырнаццацігадовага аўтара маёй любімай песьні. Ад ягонай дачкі Валянціны я ведаў, што Саматэвічы — забруджаная радыяцыяй і ўжо адселеная вёска. Я ведаў, што той старой, двухсотгадовай хаты, колішняй карчмы, дзе жылі Куляшовы, няма. Хоць новая і складзена з тых самых бёрнаў. Я ведаў, што магу яе не знайсьці, а падказаць ня будзе каму. Але ўсё гэта толькі падахвочвала маю цікавасьць.

За Магілёвам паток аўтамабіляў заўважна радзее. Гэта самы непапулярны, а, можа, і самы бедны беларускі рэгіён. Турыстамі сюды ня едуць. А павярнуўшы за Чэрыкавам на Касьцюковічы, простая дагэтуль траса пачынае кружляць, нібы рака. Хваёвыя лясы памалу зьмяняюцца ліставымі, у якіх ужо амаль не засталося лістоты. І першая вёска безь людзей дае зразумець, што вы ўехалі ў адселеную зону. Спачатку бязьлюдны краявід з чорнымі, нежывымі вокнамі й адсутнасьцю зеляніны нараджае жаданьне як мага хутчэй праехаць праклятае месца. Асаблівы сум наганяюць гаспадарчыя пабудовы. Іржавыя ваданапорныя вежы, кароўнікі бяз дахаў ды павыбіваныя шыбы савецкіх кантор... Міжволі ўзьнікаюць асацыяцыі са «Сталкерам» Таркоўскага. Я толькі паддаю газу, і за чарговым крутым паваротам чарговай пустой вёскі ледзь не наяжджаю на нейкага маладога чалавека студэнцкага выгляду. Той сядзіць на ўзбочыне дарогі, адзін на бязьлюднай вуліцы, і нешта піша ў нататнік. Прычым так засяроджана, быццам у сябе дома. А можа ён і быў у сябе дома. Хто ведае... Спыняцца я ня стаў. Да маёй мэты заставалася зусім няшмат.

Перейти на страницу:

Похожие книги