Сканчалася нашая гастроль у Бярозе. Гарадку, чыя адзіная адметнасьць — кляштар картэзіянаў — паволі расьцягваецца суседзямі-дачнікамі "на цэглу". "Якія ў нас людцы. Руплівыя, гаспадарлівыя, — зазначыў Арлоў, — нічога ў іх не прападзе". У астатнім Бяроза такая ж "нармальная", "чалавечаская", і "памятнік Леніну есьць". Нягледзячы на кепскае надвор'е, на сустрэчу ў школе сабралася даволі шмат дзяцей. Дзяцей разумных, беларускамоўных, цікаўных. Як нам патлумачылі настаўнікі, на сустрэчы ў асноўным тыя, хто пайшоў калісьці ў беларускамоўныя клясы, якіх у Бярозе ўжо не набіраюць.
Начавалі ў бярозаўскім гатэлі — двухпавярховым помніку архітэктуры сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Мэбля, фіранкі й адзіны туалет з умывальнікам. Цётка-ключніца паведаміла, што нумароў на аднаго чалавека тут ніколі не было, але затое цёпла. "Усе нумары для закаханых", — падсумаваў я. Адсутнасьць тэлевізара ў такім антуражы не бянтэжыць. Наадварот, ён толькі б замінаў пранікацца атмасфэраю прамінулых сталінскіх часін. Па вячэру выбраліся ў рэстарацыю, дзе, зразумела, не было вольных столікаў. Нашы людзі могуць ня толькі гераічна працаваць, але ня менш гераічна адпачываць. Прычым невядома, што ў іх лепш атрымліваецца. Як толькі ўбачу чырванатварых потных тоўстых нашых цётак у іхным рытуальным рэстаранным танцы, дык адразу цягне мяне пагаварыць пра спадчыну ВКЛ, спрадвечную беларускую эўрапейскасьць ды фантастычную нашую будучыню. Цывілізацыю ў Бярозе рэпрэзэнтуе начная крама, дзе мы купілі віна й чэбурэкаў. І падчас выпрабаваньня сваіх страўнікаў гэтымі экстрэмальнымі чэбурэкамі, разагрэтымі на гатэльнай батарэі, я казаў Уладзімеру: "Уяві, пройдзе яшчэ гадоў сто. І ў гэтым самым нумары, дзе, можа быць, зьявіцца тэлевізар, будуць сядзець два рупліўцы роднай мовы, што прыехалі са сталіцы на творчую сустрэчу зь дзеткамі. І будуць марыць пра яшчэ лепшую Беларусь". — "Павінен зазначыць, — адгукнуўся Арлоў, — што гэта вельмі аптымістычная карцінка. Прынамсі, праз сто гадоў нас будзе каму разумець".
І нарэшце, самае прыкрае. У Сьветлагорску мы павінны былі выступаць у залі гарадзкога ДК, але ў апошні момант атрымалі адмову. Арганізацыю сустрэчы ўзяў на сябе Сьветлагорскі гуманітарны ліцэй. І гэта дало мясцовым уладам зачэпку, каб зачыніць яго. Застанецца на новы тэрмін Лукашэнка, не прападзе й апазыцыя, а вось што будзе са Сьветлагорскім ліцэем? І што лепш? Калі б мы ўсё ж выступілі ў тым ліцэі? Ці захаваны ліцэй, у якім нам нельга выступаць?
Вядома ж, немагчыма распавесьці пра ўсе ўражаньні ад трох тысячаў кілямэтраў па Беларусі. Пра Ветку, дзе ў музэі старавераў пасьля рамонту чамусьці прыбралі шыкоўныя парэнчы. Пра рэчыцкага беларуса грузінскага паходжаньня Зураба й ягоныя неверагодныя тосты...
Вынікам вандровак сталася ўпэўненасьць, што Беларусь мае цудоўныя пэрспэктывы. Неістотна, што тут многае трэба пачынаць з нуля. Галоўнае, што ёсьць з кім.
«Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен...»
Упершыню я пачуў гэтую песьню ў летняй мітусьлівай Маскве, на Трыюмфальнай плошчы, колішняй Маякоўскага. Я вяртаўся дадому з войска. Яшчэ не ў Беларусь вяртаўся, а толькі ў Гомель. І ў чаканьні цягніка цэлы дзень бадзяўся па расейскай сталіцы — бяз справы й пэўнай мэты, абы куды ісьці. І тут сярод тлуму й сквару Садовага кольца, зь нечага прыпаркаванага аўто зайгралі «Песьняры». Музыка настолькі кантраставала з шалёным рытмам гораду, што я міжволі спыніўся. Стаяў, курыў і слухаў да канца песьню пра няспраўджанае каханьне да нейкай смуглявай Алесі. Штосьці ў маім разьняволеным дэмбэльскім настроі на міг зьмянілася. Гэта ня быў гонар за Беларусь ці яшчэ якое патрыятычнае пачуцьцё. Я ехаў дадому і беларускую песьню на сваім шляху прыняў хіба што як добры знак. Яе шчымлівая мэлёдыя яшчэ доўга не выходзіла з галавы.
Празь некалькі гадоў, самастойна наганяючы школьны курс беларускай літаратуры, я разгарнуў кніжку Куляшова. На першай старонцы мяне чакаў прыемны сюрпрыз — верш «Бывай». Але знаёмыя словы ўжо не ўспрымаліся без мэлёдыі. Я ўзяў гітару й паспрабаваў прасьпяваць. І тут мяне чакала новая неспадзяванка. Верш быў даўжэйшы за песьню на цэлыя тры страфы, але сьпяваць менавіта верш было нашмат цікавей. Песьня без выразнага рэфрэну набывала рамансавы драматызм. Вось гэтыя прапушчаныя строфы: