Цэнтравы кабак абласнога цэнтру толькi зачынаў свой "гудзёж". Нядбайна размаляваны папяровы плякат паведамляў, што рэстарану споўнiлася 25. Цыгарэтны дым яшчэ не пасьпеў ператварыцца ў сiнi туман, пра якi лянiва сьпявалi музыкi, яшчэ магчыма было адшукаць столiк з чыстым абрусам, яшчэ захоўвалася надзея на спакойную вячэру без душэўных знаёмстваў i пытаньняў — цi бываў я за Ўралам. Хуценька замовiўшы нешта, я са злоснай цiкавасьцю пачаў разглядаць публiку. Тыповы набор пэрсанажаў часопiса "Вожык" за 73 год. Кнырападобныя заўмагi-кавалеры падлiвалi водачку сваiм мадамам, таксама якiм-небудзь таваразнаўкам. Каб пасьля, натрэскаўшыся эскалёпаў, трэсьцi потнымi целясамi пад завываньнi чырвонамордага, валасатага салiста, якi вiдавочна забыўся надзець клёшы й чырвоную кашулю. Гэта ў iх называецца — весела правадзiць урэмя. Не разумею — як iх дасюль ня выверне ад гэтага вясельля, якое за дваццаць пяць гадоў не зьмянiла анi мэню страваў, анi iнтэр'еру сьценаў, хiба толькi крыху абнавiўся рэпэртуар ВIА.
Пачытаць газэту не атрымалася. Я выразна адчуваў нечы погляд. Праз два столiкi ад мяне сядзеў мой колiшнi камузвода. Нiчога не заставалася, як, выдаўшы на твары ўсьмешку радасьцi й намагаючыся згадаць ягонае iмя, запрасiць яго шырокiм жэстам за свой столiк. З горыччу разумеючы, што ста грамамi сустрэча баявых сяброў не завершыцца. Рэстаранны ансамбаль, нiбы на заказ, зацягнуў "Здравствуй, чужая мiлая".
Маёй моўнай арыентацыi сяржант зьдзiвiўся не адразу. Толькi пасьля чаркi "за сустрэчу". Ён удумлiва таропiўся, пакуль ня выбухнуў: "Ну, Мiцька, ты даеш. Як, бляха, па Беларускiм тэлябачаньнi. Толькi яшчэ больш непанятна. I многа там у Мінску вас такiх?" "Толькi лепшыя людзi раёну". "Ага, каб усiм на зло". "А, можа, на дабро?" "А, можа, на дабро. Давай, Мiця, за дабро". I перакулiў кiлiшак. А мяне, чамусьцi, усё больш прабiраў сорам за тое, што я не магу прыгадаць, як жа ягонае iмя. Зрэшты, я ўсё больш быў рады гэтай сустрэчы. Якая выразна дала мне адчуць прамiнулыя з часоў савецкага войска дзесяць гадоў.
Пад ягоныя скаргi на хрэновую долю, я быццам упершыню ўсьвядомiў, што мы былi прызваныя з адной зямлi. I амаль апошнiя, каго пасьпела загрэбсьцi савецкае войска. Яшчэ да нашага вяртаньня ў Беларусь, краiна, якой мы прысягалi на вернасьць, пачала iмклiва развальвацца. Першымi, не чакаючы дзембеля, на радзiму йрванулi прыбалты. Мы зайздросьцiлi iм, некаторыя зларадна прадракалi ўцекачам наручнiкi й дысбаты. Але чаму нiкому з нас у галаву не прыходзiла думка, што й нам ёсьць куды вяртацца. Прычым не ўцекачамi, а чаканымi дзецьмi. Недарэчна адарванымi на два гады дзеля будаўнiцтва валагодзкага КаГэБэ.
"Шчас я закажу гэтым салаўям чыво-небудзь беларускага. Спецыальна для цiбя". Я глядзеў на крыху пастарэлае за дзесяць гадоў аблiчча свайго былога ўзводнага й нiяк ня мог уявiць яго нiкiм iншым, як толькi савецкiм сяржантам. Чалавекам з ужо такога, здавалася, далёкага мiнулага, што мiжволi ўзьнiкала ўражаньне, быццам гэта ня я гасьцяваў у ягоным горадзе, а ён прыехаў да мяне ў Беларусь. Праз хвiлiну з эстрады прагучала: "А теперь для нашего гостя из солнечного Гомеля звучит песня "Молодость моя — Белоруссия". Задаволены сваiм жэстам сяржант разьлiў па трэцяй i апошняй. "Ну, давай, за Беларусь нашу радную". Выпiлi якраз пад непрыстойнае енчаньне чырвонамордага салiста пра тое, што "в каждой нашей семье с нами малые дети Хатыни".
Далей ён заўважыў нейкую сваю знаёмую й наша разнамоўная, нацягнутая гутарка шчасьлiва скончылася. "Пака, Мiцяй". "Бывай... сяржант". Я пакiдаў кабак у той час, калi "красивая жизнь" тут толькi пачыналася. I ў каторы ўжо раз парадваўся сваёй чужасьцi на гэтым балi. Нясьцерпна хацелася сьвежага паветра знаёмых вулiц. Дзе ў кожнай маладой постацi я даўно й небеспадстаўна бачу патэнцыйнага аднамоўнага суразмоўцу. I ня толькi ў гэты дзень.
Шклянка гарбаты
Ня здолеўшы вытрымаць свой моўны пост месячнай даўнiны, бо знаходзiўся тады сярод сваiх лiтоўскiх сяброў, я наважыўся адкласьцi яго да вяртаньня дадому. I сваё ўзыходжаньне на борт вагона Беларускай Чыгункi, як на родны бераг, я вырашыў адзначыць ветлiвым замаўленьнем шклянкi гарбаты. Мяне ня столькi зьбянтэжыла тое, што маладая праваднiца мяне не зразумела, колькi яе рэакцыя на саму наяўнасьць беларускiх гукаў у роце маладога пана ў капелюшы. Парушыўшы пост, я паўтарыў сваю замову па-ангельску, але гэта яшчэ больш раззадорыла дзяўчыну. Нахабна i з усьмешкаю гледзячы ў мае вочы, яна пераможна сказала фразу, што пасьпела ўжо мне парадкам надакучыць за тыя гады, што я пражыў у сувэрэннай Беларусi. «Говорите нормально». Колькi разоў мне прыходзiлася «заговаривать нормально», я ня памятаю. Пра ўсё, што зьвязана з уласным прынiжэньнем, стараесься хутчэй забыцца. «Ты еще транспорант разверни». Гэтым яна мяне завяла. Гарбаты ды яшчэ з цукрам захацелася мацней. Варыянтаў было няшмат. Альбо наладзiць экскурс у багацьцi роднае мовы, альбо знайсьцi перакладчыка. Я выбраў другое. Накiраваўшыся да начальнiка цягнiка.