Празь пяць гадоў пасьля той вандроўкi пра невялiкае мястэчка Чарнобыль даведаецца ўвесь сьвет. Для сьвету гэтае слова стане сынонiмам апакалiпсiсу. Для мяне ж яно назаўжды будзе асацыявацца з той бязьмежнай свабодай, якую адчувае птушаня, упершыню пакiдаючы бацькоўскае гняздо. З чаканьнем нечага невядомага, але абавязкова толькi добрага. I зь сiняй царквою, дзе я быў хрышчаны ня згодна з абрадам, а на шчасьлiвы шлях.
Пахне вясна
Нiяк не магу забыцца на сваю першую сустрэчу зь беларускiм нацыянальным сьцягам. Гэта было ў верасьнi 91-га. Шпацыруючы зь сяброўкаю ў Румянцаўскiм парку, мы, набыўшы па пляшцы «Рэчыцкага» пiва, выйшлi на ўзьбярэжную. Яшчэ цёплае восеньскае сонца паволi асядала на супрацьлеглы, амаль некрануты цывiлiзацыяй, бераг Сожа. Дрэвы ў золаце, на небе нi аблачынкi, вада ў рацэ гладкая, бы ў сподку. Адным словам, куды нi зiрнi — паўсюль гатовы здымак для каляровага турысцкага праспэкту. Я толькi пачынаў захворваць на беларушчыну, таму ўзьнёсла й безупынна дзялiўся зь сяброўкаю радасьцю сваiх уцёкаў ад Расеi-мацi, i плянамi будаўнiцтва новай дзяржавы. Але тая не падзяляла майго настрою. «Ты не ўяўляеш, — казала яна, — як я не хачу, каб Беларусь была асобнай дзяржаваю». Я глядзеў на гэтую беларуску, як на закончаную дурнiцу. А яна тым часам працягвала: «Што для цябе, чужынца, гэтая зямля? Палiгон для ўвасабленьня ўласных амбiцыяў. Памроiў ды зьехаў. А я не хачу жыць ва ўбогай краiне».
Раптам, з-за павароту на рацэ, нiбы фантом, зьявiўся цеплаход. На карме трапятаўся невялiчкi бел-чырвона-белы сьцяжок. Капiтан, напэўна, быў нацыяналiстам. Тады яшчэ над былымi райкамамi вiселi палотнiшчы БССР. На тле вады й восеньскага лесу нашыя колеры глядзелiся асаблiва ўрачыста. Нацыяналiстычнае судна немiтусьлiва й спакойна, як маўклiвы неабвержны аргумэнт, наблiжалася да нас. Мы абое моўчкi назiралi ягоны шлях. «Што, прыгожа?» — запытаўся я. «Так. Сапраўды прыгожа». «А ты кажаш: «убогая». Ня пройдзе й пяцi гадоў, i мы не пазнаем яе. Закопчаны сухагруз стане шыкоўным прагулачным ляйнэрам, на якiм ты будзеш прагульваць свае шматлiкiя талеры. «Ну а ты, вядома, будзеш капiтанам. Ня менш». «Я згодны й на пасаду кандуктара».
Празь пяць гадоў краiну было й сапраўды не пазнаць. Тая ж, каму я абяцаў прагулянку на ляйнэры, не дачакаўшыся, зьехала ў зусiм няўбогую краiну пад назвай USA. I дзякуй Богу, што зьехала. Не люблю прайграваць спрэчкi жанчынам.
Ня так даўно, шпацыруючы на адзiноце па тым самым паркавым маршруце, я затрымаўся пакурыць на пешаходным мосьце праз Сож. Нягледзячы на веснавы дзень, мне было сумна. I раптам убачыў на вадзе, здаецца, тое ж самае судна. Нiбы карабель-прывiд, яно ўсё так жа нясьпешна i ўпэўнена, як i сем гадоў таму, кiравала на поўдзень. На карме, я не паверыў вачам, скрозь смугу ўгадвалiся нязьменныя колеры сьцяжка. Што за насланьнё? Толькi праз хвiлiну да мяне дайшло, адкуль такая адчайная матроская беларускасьць. Судны Беларускага рачнога параходзтва заўжды хадзiлi пад бел-чырвона-белымi кармавымi гюйсамi! Дзiўна, але разгадка мяне зусiм не расчаравала. Карабель даўно зьнiк з вачэй, а я ўсё стаяў, палiў цыгарэты адну за адной, i проста зараджаўся ўпэўненасьцю, што спрэчка не прайграная. I якога разу злавiў сябе на думцы, што менавiта ў гэтай краiне, як нiдзе, добра дыхаецца вясною.
Гомель бязь Ленiна
Наш горад застаўся бяз помнiкаў правадыру. На галоўнай плошчы яго iмя ўжо няма ягонай шэрай масыўнай постацi, што служыла каму аб'ектам для паднясеньня ландышаў, каму указальнiкам уваходу ў абласны тэатар. Калi замест яе я, нарэшце, заўважыў двухмэтровы бэтонны абгрызак, дык адчуў не наiўную радасьць, маўляў, — даўно пара. I не фiлязофскае шкадаваньне па яшчэ адной перагорнутай iлюстрацыi жыцьця. А зьдзiўленьне адсутнасьцю ўсялякай рэакцыi ў горадзе на гэтае зьнiкненьне. Хай сабе й часовае (а дакладней, своечасовае — не пасьпеў нiкога прыцiснуць). Хай яго перавараць, перакляпаюць ды заўтра назад паставяць. Але сёньня ж яго няма. Як няма заклапочаных хадою рэстаўрацыi вэтэранаў зь лiстамi ў "Гомельскай праўдзе". Цi прыколаў на тэму камандора ў газэце "Джэм". Адно мамы тлумачаць сваiм цiкаўным стварэньням што "дзедушка Ленiн пайшоў пагуляць".
Памятаю, колькi было шуму, калi пагуляць пайшоў першы Лукiч, якi правадырыў каля ўнiвэрсытэту. Пайшла, дакладней, толькi верхняя частка. Штаны на пастамэнце стаялi яшчэ з тыдзень. Але й iх прыйшлося прыбраць разам зь нераскрытаю справай пра акт вандалiзму.