Я знайшоў яго праз тры вагоны. Сярод эСВэшных выгодаў вальяжна аблёгся малады клясычны жыд. Масыўны, чарнавокi кабальера з бакенбардамi.
— Дзень добры, я журналiст зь Лiтвы, вельмi люблю вашую краiну, — пачаў я, падключыўшы «нярускi» акцэнт ды выняўшы сваю акрэдытацыйную картку. Пульхная, лянiвая рука запрапанавала прысесьцi. «Вось, паспрачаўся зь сябрамi на энную суму, што ў вашай краiне буду размаўляць толькi па-беларуску i абыйдуся без праблем. Ды не пасьпеў сесьцi ў цягнiк, як пачалiся праблемы». Густое брыво начальнiка цягнiка зацiкаўлена прыўзьнялося. Пасьля майго кароткага аповеду ён асабiста захацеў выступiць у ролi перакладчыка i ўзьняўся з канапы. Iдучы праз тры вагоны, ён, вiдаць, яшчэ больш прасякнуўся маёй моўнай праблематыкай.
Далей я толькi стаяў i насалоджваўся якасьцю перакладу, якi гэты жыдоўскi чалавек наладзiў, як высьветлiлася, для тыповай расейкi. I з экскурсам у закон аб мовах, i з камэнтарамi пра гонар Беларускай чыгункi, ды iншымi «вачыма зарубежных гасьцей». Паабяцаўшы ёй працягнуць урок пасля рэйсу, начальнiк выпалiў вядомую кiношную фразу: «Гарбаты гэтаму чалавеку. Я сказаў, гарбаты». Цiкава, што гэтая гарбата была адзiнаю, хто прадстаўляў у канфлiкце ўласна беларускi этнiчны бок.
Быў не другi дзень месяца. Але патрапiўшы ў чалавечы вiр менскага вакзалу, я слыхам абсалютна мiжволi ўлаўлiваў фразы, на якiя хацелася абарочвацца. «Мiхась, пачакай», — некаму крыкнуў хлопец з гiтараю. «Цi няма «Беларускай дзелавой?» — запытаўся ў кiяскёркi прэзэнтабэльны чалавек у залатых акулярах. «Чуеш, я ўжо на вакзале!» — крычыць некаму дзяўчына ў тэлефонную слухаўку. Адно шкада, што ня мне.
Можа, сапраўды, ня я адзiн адкрыў сакрэт, што нiякi гэта ня Дзень мовы, а дзень барацьбы з хамствам. Наколькi нечаканы паводле сцэнара, настолькi ж вясёлы паводле вынiкаў. З хамствам, зь якiм, як i з курэньнем, змагацца раз на месяц бескарысна. А самае галоўнае, нецiкава.
Незаўважаны юбiлей
14 чэрвеня 1916 году ў Гомелi выйшаў чарговы нумар газэты "Гомельская копейка". Як высьветлiлася, выйшаў, каб захавацца ў адзiным асобнiку, якi дайшоў да нашых дзён. Каб трапiць мне ў рукi 14 чэрвеня 1996-га i стаць, можа, адзiным адказам на маё даўняе пытаньне: а цi былi тут горад i гараджане?
Гэтай сьпякотнай парою, калi амаль усе сёньняшнiя месьцічы вырошчваюць бульбу на бацькоўскiх палетках, сумневы мацнеюць. Маўляў, засялi сюды, у другi паводле насельнiцтва беларускi горад, яшчэ паўмiльёна, — яны заўтра ж выправяцца да свайго ўлюбёнага гобi, пра сваё гарадзкое iснаваньне нагадваючы толькi перагарам ды перабрэхам рэдкiмi пахмурнымi дзянькамi.
Я набыў сабе пiва ды прысеў у сквэры каля пляца Перамогi, каб пагуляць з самiм сабою ў гульню — уявiць, што нумар "Копейки" сьвежы, i вырашыць адвечнае пытаньне гультая: "Куды падзець сябе?"
Я разгубiўся, не пазнаўшы свой горад, якi паўстаў раптам такi незнаёмы i такi жывы. Зь цяжкасьцю здагадваючыся, дзе ж усё гэта магло разьмяшчацца, я пагрузiўся у чытаньне стракатай гарадзкой афiшы.
У Максiмаўскiм парку ў кiнатэатры даюць "захватывающую жизненную драму "На костре страсти", а "сверх программы: гастроли фантастическаго балета Елены Чекетти и повсемъстн. любимца русско-еврейск. юмориста г. Подлубнаго". А можа, накiравацца ў тэатар на сквэры, дзе "малороссы" граюць апэрэтку "Страшна росплата"? А можа, адразу — у рэстарацыю "Савой", дзе грае iтальянскi струнны канцэртны аркестар пад кiраўнiцтвам Леонi Палiнi пры ўдзеле iнтэрнацыянальных сьпявачак i дуэтыстак M-lle Алдроўндзi й M-lle Дружынiнай, i дзе маецца бiльярд, а сьвежая правiзiя атрымлiваеца са сталiчных гарадоў? А яшчэ ёсьць тэатар "Рэнэсанс" з трупай лiлiпутаў "БI-БА-БО", а яшчэ тэатар-кабарэ "МУЛЕН-РУЖ", а яшчэ Iнтымны тэатар. I куды нi пойдзеш — усё "грандиозно", i каго нi пабачыш — усе "повсеместно известны". Заштатны, павятовы гарадок жыве "на ўсю катушку". I быццам няма вайны, пераможныя весткi зь якой запоўнiлi другую паласу газэты. Яны настолькi пазнавальныя, што гульня губляе забаўляльнасьць. Каўкаскi фронт адноўлены, i ўжо патыхае Заходнiм. "Вчера утромъ съвернъе Барановичей летчики подпоручикъ Квасковъ и унтеръ офицеръ погибли смертью героевъ". Чамусьцi не знайшлося месца для iмя героя нiжэйшага рангам...
На трэцяй паласе — зусiм "цёпла". Барацьба за "трезвость", разгляд гарадзкой управай пытаньня аб увядзеньнi карткавай сыстэмы "на предметы питанiя", скаргi на бруднае паветра жыхароў Кагальнага рову i рабаўнiцтва на суму 400 рублёў з кватэры нейкага Гейлiкмана. На паўпаласы — надта праблемны артыкул заклапочанага рэдактара-выдаўца Мiляева аб недастатковым "насаждении культуры" ў павеце. "А въдь кому-кому, а деревнъ, особенно бълорусской, необходимо прiйти на помощь въ этомъ отношенiи"...