Дзіўна, але тое страшнае расстанне з дзяўчынай ён перажываў куды даўжэй і пакутней, чым, па ўсёй верагоднасці, навечную разлуку з бацькам. Праўда, пасля, у баях, у крывавай мітусні франтавых будняў, часта забываўся пра яе, каб зусім нечакана дзе-небудзь у часе начлегу, у ціхую хвіліну, перад самотнай невядомасцю бою раптам прыпомніць да пранізлівага болю ў сэрцы. Ён нікому не расказваў пра гэтае сваё першае і, напэўна, апошняе, зусім кароценькае каханне. Ведаў — у іншых было не лепш. Хто ў вайну не перажывае, не сохне, не пакутуе ад разлук з каханай, маці, жонкай або дзецьмі... Разлукі тамілі, пяклі, болем тачылі салдацкія сэрцы, і ніхто не мог нічога зрабіць, каб як палегчыць гэты іх боль.
...Здаецца, ён зноў забыўся — заснуў або проста заціх на пакутным рубяжы між жыццём і смерцю, і калі ачнуўся, лазня амаль патанула ў змроку. Ён ужо не глядзеў на гадзіннік, час для яго цяпер страціў свой пачатковы сэнс, адчуванне Іваноўскага быццам і яшчэ пагоршала. Ён дробна і часта дыхаў, ледзьве адольваючы дыхавіцу, ранішнія дрыжыкі змяніліся патлівай гарачкай. Ачнуўшьіся, ён пашукаў вакол позіркам і ўбачыў Піваварава, які сядзеў на перакуленым драўляным вядзерцы ля акна і грыз сухар. Вакно, мабыць, пацела ад яго дыхання, і баец рукавіцай усё цёр шыбы.
— Што там? — адкрыўшы і зноў закрываючы вочы, запытаўся лейтэнант.
— Усё тое ж. Не ідуць, сволачы.
Не ідуць — значыць, у вёску не сунешся. Але куды ж, апроч вёскі, цяпер можна сунуцца? У полі будзе горай, чым у гэтай лазні, у полі яго даканае мароз. Але і ў лазні наўрад ці яны дачакаюцца чаго добрага.
Чорт, патрэбны былі лыжы, дарма ён кінуў іх у той вёсцы. Хаця там, пад агнём, было не да лыжаў — там трэба было ратаваць галовы. Але цяпер вось без лыжаў яны проста не маглі нікуды паткнуцца з гэтае лазні.
Зрэшты, яму ўжо ўсё роўна, лыжы яму не спатрэбяцца. Але Півавараву яны неабходны. Без лыжаў хлопцу ніяк не дабрацца да лініі фронту — на першым жа кіламетры дарогі яго схопяць немцы.
— Слухай, як думаеш, да той вёскі далёка?
— Якой вёскі?
— Ну той, учарашняй.
— Можа кіламетры два.
Аказваецца, так блізка, а яму ноччу здавалася, што яны ўцяклі ад яе можа кіламетраў на пяць, не меней. Хаця меры адлегласці і часу, відаць, страцілі для яго сапраўднае сваё значэнне, кожны метр шляху і кожная хвіліна жыцця неймаверна расцягваліся ягонай пакутай, скажаючы нармальнае чалавечае ўспрыняцце іх. Напэўна, цяпер яму трэба будзе больш спадзявацца на Піваварава.
— А што трэба, таварыш лейтэнант? — запытаўся баец.
— Схадзіць па лыжы. Ноччу. Можа не падабралі немцы.
Півавараў хвіліну маўчаў, нешта прыкідваючы сам сабе, пасля з уздыхам сказаў:
— Што ж, я схаджу. Хай прыцямнее толькі.
— Ага. Трэба, ведаеш...
— Ну. Толькі вы... Як вы тут?..
— Як-небудзь. Я пачакаю.
Яшчэ не зусім змерклася, але Півавараў падняўся і пачаў збірацца ў дарогу. Перш за ўсё ён сцягнуў з нагі кірзавы бот і пераматаў анучу. Пасля выняў з рэчмяшка два сухары, сунуў у кішэню штаноў, рэчмяшок пераставіў бліжэй да Іваноўскага.
— I гэта... я аўтамат вазьму — ладна?
— Вазьмі.
— 3 аўтаматам, ведаеце... Неяк больш смеласці.
Лейтэнант бачыў: баец не мог стрымаць радасці, займеўшы такую зброю, пра якую марыў кожны баец на фронце. Аўтаматы яшчэ толькі паступалі ў войска, пяхота амаль скрозь была ўзброена вінтоўкамі. Іваноўскі сам атрымаў гэты ППД напярэдадні выхаду, калі генерал, раздобрыўшыся, загадаў свайму канаводу перадаць аўтамат лейтэнанту. Вядома, у іхнім становішчы зброя вырашала калі не ўсё, дык многае, на спрадвечнае сіле зброі цяпер трымаліся мізэрныя іх магчымасці.
— А вінтоўка хай тут пабудзе.
Лейтэнант не пярэчыў, і Півавараў зняў з дзягі абодва брызентавыя падсумкі, лязгнуў абоймамі і паклаў іх на падлогу ля лаўкі.
— Вінтоўка харошая: бой у самую цэль. Старшына прыстрэльваў.
Іваноўскі рассеяна слухаў байца і думаў, што вінтоўка, некалькі абоймаў патронаў, супрацьтанкавая граната, дзве бутэлькі КС — напэўна, гэтага будзе даволі. Пашанцуе — ён дачакаецца Піваварава з лыжамі, і, можа, яны яшчэ нешта зробяць. А не, дык будзе з чым пастаяць за сябе да канца.
Півавараў пераматаў і другую анучу, падцягнуў дзягу і з яўным задавальненнем закінуў за плячо аўтамат. Здаецца, ён ужо быў гатовы выправіцца ў недалёкі, але хто ведае, наколькі бяспечны свой шлях.
— Каторая на вашых там? Пяць ужо? Ну, я за гадзінку ўпраўлюся. Тут недалёка...
За якую гадзіну ён управіцца, і яны зноў будуць разам. У хвіліну новага расстання Іваноўскі адчуў, як увогуле няблага яму было з гэтым ціхмяным, цягавітым хлопцам і як, напэўна, нялёгка будзе цяпер, у адзіноце, перажыць гадзіну. Раз’яднанасць значна аслабляла іх сілы. У дзеянне ўступала дзіўная, не зусім суладная з матэматыкай логіка, калі два падзеленыя напалам складалі менш за адзінку, таксама як у іншых выпадках дзве разам складзеныя адзінкі былі болей, чым два. Напэўна, такое не надта дапасавалася і з нармальнай логікай і было магчыма толькі на гэтай вайне. Але што гэта менавіта так, лейтэнант вельмі добра вывучыў на ўласным вопыце.