— Нічога. 3 правадніком дамовімся.
Але дамаўляцца мусілі не толькі з правадніком, а таксама і з рэвізорам, і з брыгадзірам цягніка, і перагаворы гэтыя скончыліся тым, што на нейкай станцыі, дзе неўзабаве спыніўся цягнік, Іваноўскі збегаў у вакзальную касу і ледзьве паспеў захапіць апошні білет на ўжо занятае ёю месца. Білет быў да Гродна, і дзяўчына прыкметна павесялела, нават заўсміхалася, канчаткова перажыўшы сваю бяду. Ачуняўшы ад хвалявання, яна аказалася разгаворлівай і ўвогуле прыемнай дзяўчынай, і хутка не без гумару расказвала ім аб сваіх дарожных прыгодах. Аказалася, што яна жыве ў Гродна і ў Мінск ездзіла да сваякоў, якіх ніколі не бачыла, і тут такое няшчасце ў вагоне. У яе ўсё начыста выграблі з яе чамаданчыка, апроч таго, узялі плашчык, жакет і, ведама, усе грошы. Але вось яна ўратавана і цяпер вельмі ўдзячна абодвум за іх велікадушную дапамогу.
— Ды ну, пра што гаварыць! — адмахнуўся Іваноўскі і перавёў размову на іншае.— А вы даўно жывяце ў Гродна?
— Там і нарадзілася.
— Ого! Значыць, тутэйшая?
— Ну.
— А так добра гаворыце па-руску?
— А ў нас дома заўжды гаварылі па-руску. У мяне бацька рускі і цётка, яго сястра, таксама руская. Толькі мама полька.
— А дзе вы вучыліся?
— У польскай гімназіі. Рускіх жа ў нас не было.
— А як вас завуць? — усё больш цікавіўся Ігар.
— Янінка. А вас — калі не вайсковая тайна? — амаль ужо какетліва ўсміхнулася яна.
— Мяне Ігар, а яго Мікалай.
— У мяне дзядзька, што ў Мінску, таксама Ігар. Ігар Пятровіч. А вы да нас служыць едзеце?
Тут ужо яны пераглянуліся, гэта сапраўды ў нейкай меры адносілася да строгай вайсковае тайны, з лёгкасцю, аднак, разгаданай іх спадарожніцай. Але што тут было таіцца? Сапраўды, тыдзень назад, пасля сканчэння вучылішча яны атрымалі назначэнне ў армію, штаб якой размяшчаўся ў гэтай яе Гродні.
— Падобна, што так,— няпэўна сказаў Іваноўскі.— А што гэты Гродна — нішто гарадок?
— Вельмі добры горад. Не пашкадуеце.
— Думаеш, нас у Гродна пакінуць? — з уласцівым для яго скептыцызмам сказаў Тамолка.— Запруць куды-небудзь у лясны гарнізон.
— О, дык у лесе ж цудоўна! У нас такія лясы! Дзіва! — поўная захаплення загаварыла Янінка.
Іваноўскі змоўчаў. Ягоныя адносіны да лесу, нават самага прыгожага, мала нагадвалі захапленне гэтай дзяўчыны. Бывала, у вучылішчы, у шматмесячных летніх лагерах, лясы, палі, уся гэта аддаленасць ад пастаяннага месца жыхарства з яго хай сабе несамавітым, але наладжаным бытам так надакучвалі пад восень, што самая багатая прырода рабілася невыноснай — хацелася ў горад. Правільна кімсьці сказана, што ваенныя не заўважаюць прыроды, для іх болей важна надвор’е.
Тым не менш у наіўным захапленні Янінкі прысутнічала такая шчырасць, што Іваноўскі заўсміхаўся, гатовы ўжо згадзіцца на першы, што трапіцца, гродзенскі лес. I наогул нешта ў ёй усё больш яму падабалася, у гэтай жвавенькай, даволі мілавіднай, з какетліва рассыпанымі на лбе светлымі кудзеркамі дзяўчыне ў просценькай стракатай сукенцы. Яму ўжо было сорамна за той свой фрывольны жарт на вакзале ў Баранавічах, за нетактоўнасць іх прапановы, каторую выбачала хіба што іх пазнейшая дапамога ў яе здарэнні.
Цягнік з кароценькімі прыпынкамі на маленькіх станцыях ішоў усё далей на захад. За вакном, нібы ў мінулае, адплывалі назад зялёныя чэрвенькія палеткі, пералескі, велічныя хвойныя бары, вёскі і скрозь — хутары, хутары. Іваноўскі ніколі не быў у гэтым баку Беларусі, меней як за два гады ўз’яднанай з яе ўсходняй паловай, і цяпер у ім нарадзілася шчырая цікаўнасць да ўсяго, што адносілася да гэтага не вядомага для яго і, напэўна, такога натуральнага для Янінкі жыцця.
На нейкай невялікай станцыі іхні вагон спыніўся якраз насупраць маленькага прывакзальнага рыначка, і Іваноўскі выскачыў на платформу, таропка накупляў у газету несамавітага сялянскага харчу — яек, гуркоў, вясковай каўбасы і нават міску гарачай, разварыстай маладой бульбы. Пасля яны елі ўсе разам, хлопцы клапатліва частавалі дзяўчыну, якая зусім ужо асвойталася ў іхняй кампаніі, ахвотна смяялася, жартавала, смачна ядучы гуркі з бульбай. Пасля абеду, мабыць, штось сцяміўшы ў адносінах да яе Ігара, Мікалай зважліва адышоўся і ўзлез на верхнюю полку паспаць. Яны ж засталіея ўдваіх — адзін супраць аднаго, раздзеленыя маленькім вагонным столікам.
Яму было добра з ёй, хоць ён усё яшчэ не мог да канца асіліць у сабе нейкае спазнелае пачуццё ніякаватасці, быццам якую вінаватасць за свае намеры, хоць з самага пачатку ніякіх намераў у яго не было. Янінка ж, мяркуючы па ўсім, адчувала сябе зусім натуральна і вольна. Яна зняла свае маленькія, белыя, на коркавай падэшве басаножкі і, напяўшы на каленях караткаватую сукенку, па-хатняму проста ўладкавалася на цвёрдым сядзенні, увесь час з нейкай мілай хітрынкай заглядваючы яму ў вочы.