Баец быў гатовы ісці, але чамусь марудзіў, напэўна, не хапала яшчэ нейкай драбніцы ў іх развітанні. Іваноўскі ведаў, у чым была гэта драбніца, і ён вагаўся. Паявілася апошняя магчымасць паткнуцца ў тую праклятую вёску і паспрабаваць што-колечы даведацца пра той штаб. Хоць бы ў агульных рысах, каб не з пустымі рукамі з’явіцца перад іх генералам і хоць бы ў малой ступені апраўдаць іх прыкрую няўдачу з базай. Але ён не мог не ведаць таксама, што самая малая неасцярожнасць Піваварава магла абярнуцца адразу трайною бядой, назаўсёды пахаваўшы іх і без таго нікчэмную магчымасць выканаць свой абавязак і вярнуцца за фронт.
— Дык я пайду, таварыш лейтэнант,— рашыўся Півавараў і павярнуўся ў парог. Лейтэнант сказаў:
— Пагадзі. Ведаеш... Я не загадваю, глядзі сам. Але... Можа, як там сумееш... Што там, у вёсцы? Каб дазнацца як...
Ён змоўк, Півавараў насцярожана чакаў, але, не дачакаўшыся болей нічога, сказаў проста:
— Добра. Я паспрабую.
Штось у Іваноўскім нязгодна запратэставала, амаль закрычала ў яго прастрэленых грудзях. Што значыць — паспрабую, ад спробы не шмат карысці, тут патрэбна вужачая хітрасць, упартасць, вытрымка, і то, апроч усяго, трэба яшчэ рызыкаваць жыццём. Але ён не мог гэтага растлумачыць байцу, штось перашкаджала яму гаварыць пра благія, хоць і звычайныя на вайне рэчы, да таго ж ён ледзьве адужваў у сабе слабасць і боль. I ён толькі ўздыхнуў:
— Глядзі, асцярожна...
— Ды ладна. Вы не турбуйцеся. Я ціхенька...
— Добра. I нядоўга...
— Ну. Во тут вадзіцы вам,— баец зачарпнуў у дзежцы і паставіў ля яго бляшанку з вадой.— Калі піць захочаце...
Стомлены труднай размовай, Іваноўскі заплюшчыў вочы. Ён чуў, як Півавараў выйшаў у прылазнік, не адразу, асцярожна адчыніў там дзверы і ціха прыстукнуў імі знадворку. Хвіліну яшчэ яму чутны былі за сцяной яго крокі, яны хутка аддаляліся, і з імі аддалялася нейкая надзея; здавалася, штосьці для іх канчалася, не пачаўшы новага. Ён стаў чакаць, упарта ўслухоўваўся ў кожны шолах ветру на даху, кожны аддалены гук у вёсцы, ад гэтай хвіліны ён жыў у трывожным, скупым свеце гукаў, часам прыглушаных уласным кашлем і глухім, надакучлівым хрыпам у грудзях.
Памалу слых яго стаў прытупляцца, вакол было ціха, і ягонай свядомасцю завалодалі думкі, якія дзівосна віліся ў часе і прасторы. Здаецца, ён пачынаў драмаць, і тады сярод ірэальнай бязглуздзіцы выплывала штосьці падобнае на быль ці яго мінулае, якое трывожыла і соладка гняло адначасна...
Раздзел адзінаццаты
Да адпраўлення цягніка заставалася некалькі апошніх хвілін, а яна стаяла на платформе і плакала. Ніхто, відаць, яе тут не праводзіў і ніхто не чакаў, наогул народу ў гэты ранішні час на пероне было няшмат, і Іваноўскі, ступіўшы на прыступак ніжэй, жартоўна гукнуў дзяўчыну:
— Гэй, бялявая, навошта плакаць? Другога знойдзем.
Сказана гэта было з бяздумнаю дарожнай лёгкасцю ў адносінах між людзьмі, якія выпадкам спаткаліся і тут жа расстаюцца, каб ніколі больш не сустрэцца. Але дзяўчына ражком стракатай, завязанай на шыю касынкі выцерла вочы і кінула на яго востры, кароценькі позірк. Тым часам цягнік даў гудок. Ззаду за Ігарам, трымаючыся за поручань, навісаў Коля Тамолка, абодва яны былі ў добрым, прыўзнятым настроі і, здавалася, усякае гора маглі абярнуць жартам.
— А то давай з намі. Да Беластока!
Дзяўчына машынальна паправіла на тонкай шыі касынку, зноў мільганула позіркам па тварах двух, апранутых ва ўсё новае ваенных хлопцаў, і на яе вуснах ужо трапянулася лёгкая ўсмешка.
— А мне ў Гродна.
— Якое супадзенне! — жартоўна здзівіўся Іваноўскі.— Нам таксама. Паехалі разам!
Яна не прымусіла сябе ўпрошваць, падхапіла чамаданчык, які стаяў каля ног, і спрытна ўчапілася за поручань. Іваноўскі падтрымаў яе, Тамолка пастараніўся, і некалькі збянтэжаная і ўзрадаваная такім паваротам справы новая пасажырка паднялася на пляцоўку вагона.
— Білет, білет, грамадзяначка! — тут жа патрэбаваў у яе мітуслівы дзядзька-праваднік, які з флажкамі ў руках спяшаўся да выхаду.
— Ёсць, ёсць білет! Усё ў парадку! — тонам, які не пакідаў ценю сумнення, сказаў Іваноўскі, праціскаючыся паперадзе яе ў вагон.
Ён павёў дзяўчыну ў пятае ці шостае купэ, дзе яны атабарыліся з Тамолкам, сам нёс у руцэ яе чамаданчык, які здаўся яму надта лёгкі, хутчэй за ўсё, пусты. Коля лез следам, і дзяўчына, прыціхшы, ішла паміж імі, кідаючы па баках ніякаватыя, трошкі збянтэжаныя позіркі.
— Во, калі ласка. Можаце займаць маю. Я ўзлезу наверх,— з гасціннай лёгкасцю прапанаваў Іваноўскі сваю ніжнюю полку і апусціў чамаданчык. Яна паслухмяна прысела ля акна і не адразу, адолеўшы яўную збянтэжанасць, ціха сказала:
— А ў мяне білета няма.
— Што — не хапіла?
— Укралі...
— Як?
— Ноччу. У цягніку з Мінска.
Гэта было горш. Здаецца, яны бралі на сябе трохі празмерную адказнасць, парушаючы строгі парадак чыгункі, за што магло нагарэць абодвум. Але як было адступаць? Ігар зірнуў на Міколу і прачытаў на яго грубаватым, заўжды нахмураным твары рашучасць стаяць на сваім. Сапраўды, як было цяпер дапусціць, каб пакрыўдзілі таго, хто гэтак прастадушна і даверліва пайшоў за імі?