Астатнія рэчы тут былі да месца: мексіканскае, з высокай лукой, сядло, аброць з плеценага конскага воласу, такія ж павады, два ці тры серапе, некалькі маткоў сырамятнага рэменя.
Такім было жыллё мустангера, такім было яго абсталяванне.
На адной з табурэтак пасярод пакоя сядзеў чалавек, які ніяк не мог быць самім мустангерам. Ён зусім не быў падобны на гаспадара. Наадварот, па ўсяму яго выгляду – па выяўленню звыклай пакорнасці – можна было беспамылкова сказаць, што гэта слуга.
Аднак ён зусім не быў дрэнна апрануты і не рабіў уражання чалавека галоднага ці наогул абяздоленага. Гэта быў таўстун з капой рыжых валасоў і з чырвоным тварам; на ім быў касцюм з грубай тканіны – напалову плісавы, напалову вельветавы. З плісу былі пашыты яго штаны і гетры; а з вельвету, некалі бутэлечна-зялёнага колеру, але ўжо даўно выцвілага і цяпер амаль карычневага, – паляўнічая куртка з вялікімі кішэнямі на грудзях. Фетравы капялюш з шырокімі апушчанымі палямі давяршаў касцюм гэтага чалавека, калі не ўпамянуць грубую каленкоравую кашулю з абыякава завязаным вакол шыі чырвоным шалікам і ірландскія чаравікі.
He толькі ірландскія чаравікі і плісавыя штаны выдавалі яго нацыянальнасць. Яго губы, нос, вочы, уся яго знешнасць і манеры гаварылі аб тым, што ён ірландзец.
Калі б у каго-небудзь і ўзнікла сумненне, то яно рассеялася б, як толькі таўстун адкрыў бы рот, каб пачаць гаварыць – што ён і рабіў час ад часу, – з такім вымаўленнем гавораць толькі ў графстве Голуэй. Можна было падумаць, што ірландзец размаўляе сам з сабою, бо ў хаціне, акрамя яго, быццам нікога не было. Аднак гэта было не так. На падсцілцы з конскай шкуры перад тлеючым ачагом, уткнуўшыся носам у попел, ляжаў вялікі сабака. Здавалася, ён разумеў мову свайго субяседніка. Ва ўсякім разе, чалавек звяртаўся да яго, нібы чакаў, што ён зразумее кожнае слова.
– Што, Тара, неацэнная мая, – усклікнуў чалавек у плісавых штанах, – хочаш назад у Балібалах? Напэўна, рада была б пабегаць у двары замка па чыстых плітах! I падкармілі б цябе там як трэба, a то, глянь, скура ды косці – усе рэбры пералічыць можна. Дружочак ты мой, мне і самому туды хочацца! Але хто ведае, калі малады гаспадар надумае вярнуцца ў родныя мясціны! Ну нічога, Тара! Ён хутка паедзе ў пасёлак, стары ты мой дружа, абяцаў і нас прыхапіць – і то добра. Чорт вазьмі! Вось ужо тры месяцы, як я не быў у форце. Можа, там я і сустрэну якога-небудзь дружка сярод ірландскіх салдат, якіх сюды днямі прыслалі. Ну ўжо і вып’ем тады! Праўда, Тара?
Пачуўшы сваё імя, сабака падняў галаву і фыркнуў у адказ.
– Ды і зараз добра было б прамачыць горла, – працягваў ірландзец, кідаючы прагны позірк у бок бутлі.– Толькі вось бутля ўжо амаль пустая, і малады гаспадар можа спахапіцца. Ды і нячэсна піць без дазволу. Праўда, Тара?
Сабака зноў падняў морду над попелам і зноў фыркнуў.
– Ты ж у мінулы раз сказала «ага»? I цяпер кажаш тое ж самае? А, Тара?
Сабака зноў выдаў той жа гук, які мог быць выкліканы невялікай прастудай або попелам, што трапіў яму ў ноздры.
– Зноў «ага»? Так і ёсць! Вось што гэтае нямое стварэнне хоча сказаць! He спакушай мяне, стары злодзей! Не-не, ні кроплі віскі. Я толькі дастану корак з бутлі і панюхаю. Напэўна гаспадар нічога не заўважыць; а калі б нават і заўважыў – ён не раззлуецца. Толькі панюхаць – гэта ж не бяда.
З гэтымі словамі ірландзец устаў і накіраваўся ў куток, дзе стаяла бутля.
Нягледзячы на ўсе запэўненні, у яго руках было штосьці зладзейскае – не то ён не быў упэўнены ў сваёй чэснасці, не то сумняваўся, ці хопіць у яго сілы волі процістаяць спакусе.
Ён пастаяў крыху, прыслухаўся, абярнуўшыся да дзвярэй; потым падняў спакуслівую пасудзіну, выцягнуў корак і паднёс рыльца бутлі да носа.
Некалькі секунд ён заставаўся ў гэтай позе; у цішыні толькі час ад часу чулася фырканне, падобнае да таго, якое выдаваў сабака і якое ірландзец вытлумачыў як сцвярджальны адказ на свае сумненні. Гэты гук выражаў задавальненне ад духмянага моцнага напою.
Аднак гэта заспакоіла яго толькі на кароткі час; паступова дно бутлі падымалася ўсё вышэй, а рыльца яе з той жа хуткасцю апускалася прама да выцягнутых губ.
– Чорт вазьмі! – усклікнуў ірландзец яшчэ раз, глянуўшы крадком на дзверы. – Плоць і кроў не могуць процістаяць паху гэтага цудоўнага віскі – як не паспрабаваць яго! Было не было! Я толькі адну кроплю, толькі б змачыць кончык языка. Можа, апяку язык… ну ды ладна.
I горла бутлі прыйшло ў сутыкненне з губамі; але, відаць, справа ішла не аб «кроплі, каб змачыць кончык языка», – пачулася бульканне вадкасці, якое сведчыла, што ірландзец, відаць, вырашыў прамачыць як след усю гартань і нават больш.
Цмокнуўшы з задавальненнем некалькі разоў, ён заткнуў бутлю коркам, паставіў яе на месца і зноў усеўся на сваю табурэтку.
– Ах ты, старая шэльма Тара! Гэта ты ўвяла мяне ў спакусу. Ну нічога, гаспадар не даведаецца. Усё роўна ён хутка паедзе ў форт і зможа зрабіць новы запас.
Некалькі хвілін ірландзец сядзеў моўчкі. Ці думаў ён пра сваю правіннасць, ці проста цешыўся ўздзеяннем алкаголю – хто ведае?
Неўзабаве ён зноў загаварыў: