Падпарадкоўваючыся гэтым настойлівым патрабаванням, плантатар аддаў распараджэнне рухацца і гнаць абоз з як мага большай скорасцю.

Жах, які ахапіў як жывёл, так і вазніцаў, зрабіў непатрэбным умяшанне пуг.

Карэта і коннікі па-ранейшаму ехалі наперадзе. Незнаёмец трымаўся ззаду, як бы ахоўваючы караван.

Час ад часу ён нацягваў павады, азіраўся і кожны раз праяўляў усё большую трывогу.

Заўважыўшы гэта, плантатар пад’ехаў да яго і спытаў:

– Небяспека яшчэ не мінула?

– На жаль, не магу вам сказаць нічога суцяшальнага. Я разлічваў, што вецер зменіць напрамак.

– Вецер? Я не заўважаю ніякага ветру.

– He тут. Вунь там страшэнны ўраган, і ён нясецца прама на нас… Божа мой, ён набліжаецца з неверагоднай хуткасцю! Наўрад ці мы паспеем перасячы выпаленую прэрыю…

– Што ж рабіць? – усклікнуў плантатар у жаху.

– Ці нельга заставіць вашых мулаў бегчы яшчэ хутчэй?

– He, яны і так ужо выбіваюцца з сіл.

– У такім выпадку я баюся, што ўраган дагоніць нас…

Выказаўшы гэта змрочнае меркаванне, коннік азірнуўся яшчэ раз і паглядзеў на чорныя смерчы, як бы вызначаючы хуткасць іх руху.

Складкі, што абазначыліся вакол яго рота, выдалі нешта больш сур’ёзнае, чым незадаволенасць.

– Так, ужо позна! – усклікнуў ён, раптоўна спыніўшы свае назіранні.– Яны рухаюцца хутчэй за нас, намнога хутчэй… Няма надзеі ўцячы ад іх!

– Божа мой, сэр! Хіба небяспека такая вялікая? Няўжо мы не можам нічога зрабіць, каб пазбегнуць яе? – спытаў плантатар.

Незнаёмец адказаў не адразу. Некалькі імгненняў ён маўчаў, як быццам аб чымсьці напружана думаў; ён ужо больш не глядзеў на неба, погляд яго блукаў па фургонах.

– Няўжо няма ніякай надзеі? – паўтарыў плантатар.

– He, ёсць! – радасна адказаў коннік; здавалася, нейкая шчаслівая думка азарыла яго. – Надзея ёсць. Як я не падумаў аб гэтым раней. Нам не ўдасца ўцячы ад буры, але пазбегнуць небяспекі мы можам. Хутчэй, містэр Пойндэкстэр! Загадайце вашым людзям ахінуць галовы коней і мулаў, інакш жывёлы будуць аслеплены і ашалеюць. Коўдры, хусткі – усё згадзіцца. Калі гэта будзе зроблена, хай усе залезуць у фургоны. Трэба толькі, каб навесы былі шчыльна закрыты з усіх бакоў. Аб карэце я паклапачуся сам.

Зрабіўшы гэтыя распараджэнні, коннік паскакаў уперад, у той час як Пойндэкстэр з наглядчыкам аддавалі неабходныя ўказанні вазніцам.

– Спадарыня, – пад’язджаючы да карэты, сказаў коннік з усёй ветлівасцю, якую дазвалялі абставіны, – вы павінны зашмаргнуць усе фіранкі. Ваш кузен няхай увойдзе ў карэту… I вы таксама, спадары, – сказаў ён, звяртаючыся да Генры, Калхаўна і Пойндэкстэра, які толькі што пад’ехаў.– Месца ўсім хопіць. Толькі хутчэй, прашу вас! He губляйце часу. Праз некалькі хвілін бура будзе над намі.

– А вы, сэр? – са шчырай заклапочанасцю спытаў плантатар чалавека, які столькі зрабіў, каб пазбавіць іх ад пагрозлівай бяды. – Як жа вы?

– Пра мяне не турбуйцеся: я ведаю, што набліжаецца. He ўпершыню я сустракаюся з гэтым… Хавайцеся, хавайцеся, прашу вас! Нельга губляць ні секунды. Вы чуеце завыванне? Хутчэй, пакуль на нас не наляцела пылавая хмара!

Плантатар і Генры хутка саскочылі з коней і ўвайшлі ў карэту. Калхаўн упарта працягваў сядзець у сядле. Чаму ён павінен баяцца нейкай уяўнай небяспекі, ад якой не хаваецца гэты чалавек у мексіканскім касцюме?

Незнаёмец загадаў наглядчыку залезці ў бліжэйшы фургон, і той без пярэчання падпарадкаваўся. Цяпер можна было падумаць і пра сябе.

Малады чалавек хутка разгарнуў сваё серапе – яно было прымацавана да сядла, накінуў яго на галаву каня, абматаў канцы вакол шыі і завязаў вузлом. He менш спрытна ён развязаў свой шалік з кітайскага шоўку і абкруціў яго вакол капелюша, заткнуўшы адзін канец за стужку, а другі спусціўшы ўніз, – такім чынам атрымалася нешта накшталт шаўковага забрала.

Перш чым зусім закрыць твар, ён яшчэ раз азірнуўся на карэту і са здзіўленнем убачыў, што Калхаўн усё яшчэ сядзіць на кані. Пераадолеўшы міжвольную антыпатыю да гэтага чалавека, незнаёмец настойліва сказаў:

– Схавайцеся ж, сэр, прашу вас! Інакш праз дзесяць хвілін вас не будзе ў жывых.

Калхаўн падпарадкаваўся: прыметы блізкай буры занадта відавочныя; з паказной павольнасцю ён злез з сядла і забраўся ў карэту, пад ахову шчыльна зашморгнутых фіранак. Тое, што адбылося далей, з цяжкасцю паддаецца апісанню. Ніхто не бачыў відовішча буйнай стыхіі, бо ніхто не адважваўся глянуць на яго. Але калі б хто-небудзь і адважыўся, ён усё роўна нічога не ўбачыў бы. Праз пяць хвілін пасля таго, як былі ахінуты галовы мулаў, караван ахутала непраметная цемра.

Падарожнікі бачылі толькі самы пачатак урагану. Адзін са смерчаў, наткнуўшыся на фургон, рассыпаўся густым чорным пылам – здавалася, што з неба пайшоў парахавы дождж. Але гэта быў толькі пачатак.

Ненадоўга паказаўся прасвет, і вандроўнікаў абдало гарачым паветрам, нібы з жарала домны. Затым са свістам і выццём падуў парывісты вецер, несучы ледзяны холад; завыванні яго былі такія аглушальныя, што здавалася, усе трубы Эола апавяшчаюць аб з’яўленні Караля Бур.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже