Выцягнуўшыся доўгай чарадой, фургоны паўзуць па саванне так павольна, што іх рух амаль непрыметны, і толькі па іх узаемнаму становішчу ў доўгім ланцугу абозу можна пра гэта здагадацца. Цьмяныя сілуэты паміж фургонамі сведчаць аб тым, што яны запрэжаныя; а тое, як уцякае спалоханая антылопа і ўзлятае з крыкам краншнэп, выдае, што абоз рухаецца. I звер і птушка не разумеюць: што за дзіўная пачвара ўварвалася ў іх дзікія ўладанні?

Ва ўсёй прэрыі не відаць ніякага руху: ні птушкі ў палёце, ні звера ў бегу. У гэты спякотны паўдзённы час усё жывое ў прэрыі замірае ці хаваецца ў цянёк. I толькі чалавек з яго славалюбствам і сквапнасцю парушае законы трапічнай прыроды і кідае выклік пякучаму сонцу.

Так і гаспадар абозу, нягледзячы на знясільваючую паўдзённую спёку, працягвае свой шлях.

Кожны фургон запрэжаны васьмю моцнымі муламі. Яны вязуць вялікую колькасць харчовых, прыпасаў, дарагую, можна нават сказаць, раскошную мэблю, чорных рабынь і іх дзяцей; чарнаскурыя нявольнікі ідуць пяшком побач з абозам, а некаторыя стомлена плятуцца ззаду, ледзь пераступаючы зраненымі босымі нагамі. Уперадзе едзе лёгкая карэта, запрэжаная дагледжанымі кентукскімі муламі; на яе козлах чорны фурман у ліўрэі млее ад спёкі. Усё гаворыць аб тым, што гэта не бедны пасяленец з паўночных штатаў шукае сабе новую радзіму, а багаты жыхар Поўдня, які ўжо набыў маёнтак і едзе туды са сваёй сям’ёй, маёмасцю і рабамі.

I на самай справе, абоз належыць плантатару, які высадзіўся з сям’ёй у Індыяноле, на беразе заліва Матагорда, і цяпер перасякае прэрыю, накіроўваючыся да сваіх новых уладанняў.

Сярод коннікаў, якія суправаджаюць абоз, як заўсёды, уперадзе едзе сам плантатар, Вудлі Пойндэкстэр, – высокі, хударлявы чалавек гадоў пяцідзесяці, з бледным, хваравіта жаўтаватым тварам і з ганарліва суровай постаццю. Адзеты ён проста, але багата. На ім свабоднага крою кафтан з альпака, камізэлька з чорнага атласу і нанкавыя панталоны. У выразе камізэлькі бачна кашуля з найтанчэйшага палатна, перахопленая ля каўняра чорнай стужкай. На нагах, усунутых у страмёны, чаравікі з мяккай дублёнай скуры. Ад шырокага саламянага капелюша на твар плантатара падае цень.

Побач з ім едуць два коннікі, адзін справа, другі злева: гэта юнак гадоў дваццаці і малады чалавек гадоў на шэсць-сем старэйшы.

Першы – сын Пойндэкстэра. Адкрыты, жыццярадасны твар юнака зусім не падобны на суровы твар бацькі і на змрочную фізіяномію трэцяга конніка – яго кузена.

На юнаку французская блуза з баваўнянай тканіны нябесна-блакітнага колеру, панталоны з таго ж матэрыялу; гэты касцюм – самы прыдатны для паўднёвага клімату – вельмі да твару юнаку, таксама як і белая панама.

Яго дваюрадны брат – адстаўны афіцэр-валанцёр – адзеты ў ваенную форму з цёмна-сіняга сукна, на галаве ў яго суконная фуражка.

Яшчэ адзін коннік скача непадалёк; у яго таксама белая скура – праўда, не зусім белая. Грубыя рысы яго твару, дзяшовае адзенне, плётка, якую ён трымае ў правай руцэ, лоўка ёю шчоўкаючы, – усё гаворыць за тое, што гэта наглядчык за чарнаскурымі, іх мучыцель.

У «карыёле» – лёгкай карэце, якая ўяўляе нешта сярэдняе паміж кабрыялетам і ландо, сядзяць дзве дзяўчыны. У адной з іх скура асляпляльна белая, у другой – зусім чорная. Гэта адзіная дачка Вудлі Пойндэкстэра і яе чарнаскурая служанка.

Падарожнікі едуць з берагоў Місісіпі, са штата Луізіяна.

Сам плантатар – не ўраджэнец гэтага штата; іншымі словамі – не крэол'. Па твары ж яго сына і асабліва па тонкіх рысах яго дачкі, якая час ад часу выглядвае з-за фіранак карэты, лёгка здагадацца, што яны нашчадкі французскай эмігранткі, адной з тых, якія больш стагоддзя назад перасеклі Атлантычны акіян.

Вудлі Пойндэкстэр, уладальнік буйных цукровых плантацый, быў адным з найбольш ганарыстых, марнатраўных і хлебасольных арыстакратаў Поўдня. У рэшце рэшт ён разарыўся і вымушаны быў пакінуць свой дом на Місісіпі і пераехаць з сям’ёй і са жменькай неграў, што яшчэ засталіся, у дзікія прэрыі Тэхаса.

Сонца амаль дасягнула зеніту. Вандроўнікі ідуць павольна, наступаючы на ўласныя цені. Расслабленыя нясцерпнай спякотай, белыя коннікі моўчкі сядзяць у сваіх сёдлах. Нават негры, менш адчувальныя да спёкі, спынілі сваю балбатню, збіліся ў кучкі і маўкліва плятуцца за фургонамі.

Цішыня, пакутлівая, як на хаўтурах, час ад часу перарываецца рэзкім, нібы пісталетны стрэл, шчоўканнем бізуна ці гучным аксамітавым «уоа», што зрываецца з тоўстых губ то аднаго, то другога чарнаскурага фурмана.

Павольна рухаецца караван, быццам ідзе навобмацак. Уласна кажучы, сапраўднай дарогі няма. Яна абазначана толькі слядамі калёс ранейшых павозак, прыметнымі па раздаўленых сцёблах сакавітай травы.

Нягледзячы на чарапашы крок, мулы, запрэжаныя ў фургоны, робяць усё, што ў іх сілах. Плантатар мяркуе, што да новага маёнтка засталося не болей дваццаці міль. Ён спадзяецца дабрацца туды да надыходу ночы. Па гэтаму ён і вырашыў працягваць падарожжа, не зважаючы на паўдзённую спёку.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже