Але гэта было залішне – коннік і без таго заўважыў спынены караван. Ён скакаў галопам і хутка наблізіўся настолькі, што можна было аклікнуць яго.
Ён нацягнуў павады, толькі калі мінуў абоз, і пад’ехаў да плантатара і яго спадарожнікаў.
– Мексіканец, – прашаптаў Генры, зірнуўшы на адзенне незнаёмца.
– Тым лепш, – гэтак жа ціха адказаў яму бацька. – Тады ён напэўна ведае дарогу.
– Нічога мексіканскага ў ім няма, акрамя касцюма, – прамармытаў Калхаўн. – Я зараз гэта праверу… Buenos dіas, cavallero! Esta Vuestra Mexіcano? (Добры дзень, кабальера! Вы мексіканец?)
– О не, – адказаў той, усміхнуўшыся. – Я зусім не мексіканец. Я магу гаварыць з вамі па-іспанску, калі хочаце, але мне здаецца, вы лепш зразумееце мяне, калі мы будзем гаварыць па-англійску – гэта ж ваша родная мова? Ці не так?
Калхаўн падумаў, што дапусціў нейкую памылку ў сваёй фразе ці ён справіўся з вымаўленнем, і па гэтаму ўстрымаўся ад адказу.
– Мы амерыканцы, сэр, – адказаў Пойндэкстэр з пачуццём абражанай нацыянальнай годнасці. Затым, нібы баючыся пакрыўдзіць чалавека, ад якога чакаў дапамогі, дадаў: – Так, сэр, мы ўсе амерыканцы, з паўднёвых штатаў.
– Гэта лёгка вызначыць па вашых спадарожніках, – сказаў коннік з ледзь улоўнай пагардлівай усмешкай, зірнуўшы ў бок неграў-нявольнікаў.– Няцяжка заўважыць таксама, – дадаў ён, – што вы ўпершыню падарожнічаеце па прэрыі. Вы збіліся з дарогі.
– Так, сэр, у вас няма ніякай надзеі знайсці яе, калі толькі вы не будзеце так ласкавы і не дапаможаце нам.
– Ці варта гаварыць пра такія дробязі! Зусім выпадкова я заўважыў вашы сляды, калі ехаў па прэрыі. Я зразумеў, што вы заблудзілі, і прыскакаў сюды, каб дапамагчы вам.
– Гэта вельмі высакародна з вашага боку. Мы вам удзячны, сэр. Мяне завуць Пойндэкстэр – Вудлі Пойндэкстэр з Луізіяны. Я купіў маёнтак на беразе Ляоны, паблізу ад форта Індж. Мы спадзяваліся дабрацца туды завідна. Як вы думаеце, мы паспеем?
– Разумеецца. Калі толькі будзеце прытрымлівацца маіх указанняў.
Сказаўшы гэта, незнаёмец ад’ехаў на некаторую адлегласць убок і паскакаў на вяршыню ўзгорка. Адтуль ён стаў напружана ўглядацца ў далячынь, відаць стараючыся вызначыць, у якім напрамку павінны рухацца падарожнікі.
Сілуэт конніка прыгожа вырысоўваўся на фоне неба.
Пародзісты гняды конь – нават арабскаму шэйху не сорамна было б сесці на такога каня! – шыракагруды, на стройных, як трыснёг, нагах, з магутным крыжам і цудоўным густым хвастом. А на спіне ў яго коннік – малады чалавек гадоў дваццаці пяці, ладна складзены, з правільнымі рысамі твару, у маляўнічым касцюме мексіканскага ранча: на ім аксамітавая куртка, штаны са шнуроўкай па баках, боты са шкуры бізона з цяжкімі шпорамі; ярка-чырвоны шаўковы шалік апаясвае талію; на галаве чорны глянцавы капялюш, аздоблены залатым пазументам. Уявіце такога конніка, які сядзіць у глыбокім сядле маўрытанскага стылю і мексіканскай работы, са скураным, упрыгожаным ціснёнымі ўзорамі чапраком, падобным на тыя, якімі накрывалі сваіх коней канкістадоры. Уявіце сабе такога кабальера – і перад вашым поглядам будзе той, на каго глядзелі плантатар і яго спадарожнікі.
А з-за фіранак карэты на конніка глядзелі вочы, якія выдавалі зусім асаблівае пачуццё. Першы раз у жыцці Луіза Пойндэкстэр убачыла чалавека, які, здавалася, быў рэальным увасабленнем героя яе дзявочых летуценняў. Незнаёмец быў бы задаволены, калі б даведаўся, якое хваляванне выклікаў ён у сэрцы маладой крэолкі.
Але як ён мог гэта ведаць? Ён нават не падазраваў аб яе існаванні. Яго погляд толькі слізгануў па запыленай карэце – так глядзяць на несамавітую ракавіну, не падазраючы, што ўнутры яе схавана каштоўная жамчужына.
– Слова гонару! – сказаў коннік, звяртаючыся да ўладальніка фургонаў.– Я не магу знайсці ніякіх прымет, якія дапамаглі б вам дабрацца да месца. – Але дарогу туды я ведаю. Вам прыйдзецца пераправіцца цераз Ляону ў пяці мілях ніжэй форта, а паколькі я і сам накіроўваюся да гэтага броду, то вы можаце ехаць па слядах майго каня. Да пабачэння, спадары!
Развітаўшыся так раптоўна, незнаёмец прышпорыў каня і паскакаў галопам.
Гэты нечаканы ад’езд здаўся плантатару і яго спадарожнікам даволі няветлівым. Але яны не паспелі нічога сказаць, як убачылі, што незнаёмец вяртаецца. He прайшло і дзесяці секунд, як коннік зноў быў з імі. Усе дзівіліся, што прынудзіла яго вярнуцца.
– Баюся, што сляды майго каня вам мала дапамогуць. Пасля пажару тут паспелі пабываць мустангі. Яны пакінулі тысячы адбіткаў сваіх капытоў. Праўда, мой конь падкаваны, але ж вы не прызвычаіліся адрозніваць сляды, і вам будзе цяжка разабрацца, бо на сухім попеле ўсе конскія сляды амаль аднолькавыя.
– Што ж вам рабіць? – спытаў плантатар з адчаем у голасе.