– Скажы, лепш, быў… Табе здаецца, што ты першы вынайшаў каханне. Ведаю яго і я. Гэх! Некалькі гадоў я быў закаханы, як паўдурак, а тым часам мая Элаіза160 круціла раманы з іншымі. Божа мілы!.. Колькі мне каштавала кожнае іх пераміргванне, якое я заўважаў… Дайшло да таго, што яны ў мяне на вачах ужо абдымаліся. Павер мне, Стаху, я не такі прасцяк, як усе думаюць. Шмат чаго я бачыў у жыцці і прыйшоў да высновы, што зашмат сэрца мы ўкладаем у гульню пад назваю каханне!

– Ты так кажаш, бо яе не ведаеш, – пахмурна заўважыў Вакульскі.

– Кожная з іх выключная, пакуль нам карак не скруціць. Я і праўда не ведаю тую, але ведаю іншых. Каб заваёўваць кабет, трэба быць досыць нахабным і досыць бессаромным, – дзве якасці, якіх ты не маеш. І таму я перасцерагаю цябе: не рызыкуй занадта, бо цябе абскачуць, калі яшчэ не абскакалі. Ніколі я табе гэтага не казаў, праўда? Нават не падобна было, што я здольны на гэткую філасофію… Але я адчуваю, што пагражае табе небяспека, дык паўтараю: сцеражыся! І ў паганую забаву не ангажуй сэрца, каб не аплявалі яго табе дзеля першага-лепшага прахвоста. Бо тады, кажу я табе, дазнае чалавек гэткіх прыкрых уражанняў, што… лепш бы яму не дажыць да гэтага!..

Вакульскі, седзячы на канапе, сціскаў кулакі, але маўчаў. У гэты момант пастукаліся ў дзверы і паказаўся Лісецкі.

– Пан Ленцкі жадае бачыць пана. Можна яму сюды ўвайсці? – запытаўся крамнік.

– Няхай пан просіць… – адказаў Вакульскі, спехам нацягваючы камізэльку і сурдут.

Жэцкі ўстаў з крэсла, са смуткам пахітаў галавою і выйшаў са свайго жытла.

“Я ведаў, што кепска, – прамармытаў ён ужо ў сенцах, – але не ведаў, што аж так…”

Ледзь Вакульскі паспеў апрануцца, як увайшоў пан Ленцкі, а за ім – пасыльны крамы. Пан Тамаш меў наплыўшыя крывёю вочы і сінія плямы на твары. Ён упаў на фатэль, адкінуў галаву і цяжка дыхаў. Пасыльны стаяў у парозе з заклапочанаю мінай і, перабіраючы пальцамі металічныя гузікі сваёй ліўрэі, чакаў загадаў.

– Прабач, пане Станіславе, але… прашу вады з лімонам… – ледзь чутна прамовіў пан Тамаш.

– Содавай, вады, лімон, цукар… Бягом! – загадаў Вакульскі пасыльнаму.

Пасыльны гэтак крутануўся, што аж шаргануў сваімі вялікімі гузікамі аб вушак.

– Нічога, – казаў пан Тамаш з усмешкаю. – Кароткая шыя, спёка, хваляванне… Крыху адпачну…

Устрывожаны Вакульскі зняў з яго гальштук і расшпіліў кашулю. Потым ён намачыў ручнік адэкалонам, які знайшоўся на стале Жэцкага, і з клапатлівасцю сына абцёр хвораму твар, карак ды галаву.

Пан Тамаш паціснуў яму руку.

– Ужо мне лепш… Бог заплаціць… – а потым ён ціха дадаў: – Падабаешся ты мне ў гэтай ролі сястры міласэрнасці. Бэла не здолела б зрабіць гэта больш далікатна… Ну, яна створаная на тое, каб ёй служылі…

Пасыльны прынёс сіфон і лімон. Вакульскі зрабіў ліманад і напаіў пана Тамаша, у якога паступова пачалі знікаць сінія плямы з твару.

– Ідзі да мяне дадому, – сказаў Вакульскі пасыльнаму, – і загадай запрагаць коней. Няхай пад’едуць да крамы.

– Каханы… каханы ты… – казаў пан Тамаш, моцна сціскаючы яго руку і з удзячнасцю пазіраючы на яго пачырванелымі вачыма. – Я нязвыклы да гэткае клапатлівасці, бо Бэльця на такіх рэчах не знаецца.

Няўмельства панны Ізабэлы апекавацца хворымі зрабіла непрыемнае ўражанне на Вакульскага. Але не больш, чым на момант.

Паволі пан Тамаш акрыяў. Густы пот выступіў у яго на лбе, голас набраў моцы, і толькі сетка чырвоных жылак у вачах сведчыла яшчэ пра мінулы ўдар. Ён нават прайшоўся па пакоі, расправіў плечы і пачаў:

– А… ты і ўявіць не можаш, пане Станіславе, як я сёння раззлаваўся. Ці паверыш? Дом мой прадалі за дзевяноста тысяч!..

Вакульскі здрыгануўся.

– Я быў упэўнены, – працягваў Ленцкі, – што вазьму хоць тысяч сто дзесяць… У судовай зале казалі, я сам чуў, што камяніца вартая ста дваццаці тысяч… Але што ж, калі заманулася купіць яе жыду, паганаму ліхвяру, таму Шлянгбаўму… Паразумеўся з канкурэнтамі ды, хто ведае, ці не з адвакатам маім таксама, і – страціў я дваццаць або трыццаць тысяч…

Цяпер Вакульскі выглядаў на апаплексічнага, але маўчаў.

– А я гэтак ужо палічыў, – правіў сваё Ленцкі, – што з пяцідзесяці тысяч ты мне дасі тысяч дзесяць гадавых. На ўтрыманне дома трэба мне тысяч шэсць ці восем, дык рэшты хапіла б нам з Бэльцяю штогод выязджаць за мяжу. Я нават абяцаў дзіцяці, што праз тыдзень мы паедзем у Парыж… Акурат! Шасці тысяч рублёў ледзьве хопіць на жабрацкае існаванне, а пра падарожжы і думаць забудзь. Нягодны жыд… Нягоднае грамадства, якое гэтак угінаецца перад ліхвярамі, што баіцца змагацца з імі нават на аўкцыёне… А што мне баліць найболей, скажу я табе, дык тая акалічнасць, што за тым клятым Шлянгбаўмам, можа, хаваецца нейкі хрысціянін, нават арыстакрат…

Яго голас зноў пачаў перарывацца і зноў на твары выступі барвовыя плямы. Ён упаў на крэсла і папіў вады.

– Нягоднікі!.. Нягоднікі!.. – шаптаў ён.

– Няхай пан супакоіцца, – сказаў Вакульскі. – Колькі мне пан дасць гатоўкі?

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги