– Нягоднік жыд, ліхвяр, настрашыў канкурэнтаў, перакупіў адваката і…
– Дык мы ўжо нічога не маем?.. – прашаптала яна.
– Чаму нічога?.. У нас трыццаць тысяч рублёў, а з іх дзесяць тысяч рублёў працэнтаў… Высакародны той Вакульскі!.. Каб ты ведала, як ён сёння мною апекаваўся…
– Навошта яму было апекавацца?
– У мяне быў невялікі ўдар ад гарачыні ды хвалявання.
– Які ўдар?..
– Кроў ударыла мне ў галаву… Але ўжо прайшло… Нягоднік жыд… ну, але Вакульскі, кажу табе, гэта нешта звышчалавечае…
Ён заплакаў.
– Тата, што з табою?.. Я пайду па лекара… – выгукнула панна Ізабэла і ўкленчыла перад фатэлем.
– Нічога, нічога… супакойся… Я падумаў толькі, каб я памёр, дык Вакульскі – гэта адзіны чалавек, якому мог бы даверыць…
– Не разумею…
– Ты хацела сказаць, што не пазнаеш мяне, праўда? Дзівіць цябе, што я твой лёс мог бы даверыць купцу? Але бачыш… калі ў няшчасці адны згаварыліся супраць нас, а іншыя пакінулі нас, ён паспяшаўся на дапамогу, можа, нават жыццё мне ўратаваў… Мы, гіпертонікі, часам надта блізка аціраемся а смерць… Дык пакуль ён са мною няньчыўся, я падумаў, хто б сумленна мог паклапаціцца пра цябе? Бо ні Яанна, ні Гартэнзія, ніхто… Толькі багатыя сіроты знаходзяць апекуноў…
Панна Ізабэла заўважыла, што да бацькі паволі вяртаюцца сілы, і ён ужо лепш валодае сабою. Яна паднялася з каленяў ды прысела на шэзлонг.
– Дык, тата, якую ж ролю прызначаеш ты гэтаму пану? – спытала яна халодна.
– Ролю?.. – ён уважліва паглядзеў на яе. – Ролю… дарадцы… сябра дому… апекуна… Апекуна таго маёнтачка, які табе застаўся…
– О, з гэтага пункту гледжання я даўно ўжо яго ацаніла. Гэта чалавек энергічны і адданы нам… Зрэшты, гэта няважна… – дадала яна праз момант. – А як, тата, скончылася справа з камяніцаю?
– Я ж табе кажу, латруга жыд даў дзевяноста тысяч, дык нам засталося трыццаць. А як пачцівы Вакульскі будзе плаціць мне з гэтае сумы дзесяць тысяч… Трыццаць тры працэнты, уяві сабе.
– Як гэта трыццаць тры? – перапыніла яго панна Ізабэла. – Дзесяць тысяч – гэта дзесяць працэнтаў…
– Што ты! Дзесяць ад трыццаці – гэта значыць трыццаць тры працэнты. Працэнт жа азначае:
– Не разумею, – адказала панна Ізабэла і страсянула галавою. – Я разумею, што дзесяць – значыць дзесяць, зрэшты, калі на купецкай мове дзесяць называецца трыццаць тры, дык няхай так і будзе.
– Бачыш, ты не разумееш. Зараз я табе растлумачу, але я гэтак стаміўся, што трэба мне крыху падрамаць…
– Можа, паслаць па лекара? – спытала панна Ізабэла, падымаючыся.
– Барані Божа!.. – гучна прамовіў пан Тамаш, махаючы рукамі. – Каб я бегаў па лекарах, дык, пэўна, даўно б ужо памёр…
Панна Ізабэла больш не настойвала, яна пацалавала бацьку ў руку і ў лоб ды задуменна пайшла да сябе ў будуар.
Непакой, які мучыў яе ўжо некалькі дзён – як скончыцца аўкцыён? – развеяўся без следу. Яны маюць яшчэ дзесяць тысяч рублёў гадавых і трыццаць тысяч рублёў гатоўкі?.. Дык можна ехаць на Парыжскую выставу, потым, можа, у Швейцарыю, а на зіму – зноў у Парыж. Не! На зіму яны вернуцца ў Варшаву, каб ладзіць прыёмы ў сябе, як раней. А калі знойдзецца нейкі заможны чалавек, не стары і не брыдкі (не такі, як барон ці маршалак, брр!..), нарэшце, не нуварыш і не дурань… (ну, неразумным хай сабе будзе, у іх таварыстве разумны толькі Ахоцкі, ды і той дзівак!)… калі знойдзецца гэткі кандыдат у мужы, панна Ізабэла наважыцца нарэшце…
“Дзіўны тата з тым Вакульскім!” – падумала панна Ізабэла, праходжваючыся па сваім кабінеце.
“Вакульскага мне ў апекуны!.. Вакульскі можа быць вельмі добрым дарадцам, упаўнаважаным, зрэшты, апекуном маёнтка… Але тытул апекуна можа насіць толькі князь, хоць бы наш кузін і даўні сябра сям’і!..”
Яна хадзіла па пакоі з кутка ў куток са скрыжаванымі на грудзях рукамі, і раптам ёй стукнула ў галаву: чаго гэта бацька сёння так расчуліўся гэтым Вакульскім?.. З дапамогаю якой чарадзейнае сілы гэты чалавек, што стаў ужо сваім ва ўсім яе атачэнні, адолеў апошні бар’ер – бацьку?.. Яе бацька, пан Тамаш Ленцкі, плакаў… Ён, з вачэй якога пасля смерці маці не ўпала аніводнае слязінкі…
“Мушу, аднак, прызнаць, што ён вельмі добры чалавек, – падумала яна. – Росі не быў бы гэтак задаволены Варшаваю, каб не старанні Вакульскага. Ну, але ж маім апекуном, нават у самым кепскім выпадку, ён не будзе… Што да маёнтка, дык менавіта – няхай ім кіруе, але апекуном!.. Бацька, відаць, зусім саслабеў, калі дадумаўся да падобнае камбінацыі…”
А шостай вечара панна Ізабэла, якая была ў салоне, пачула званок, а потым – сярдзіты голас Мікалая з вітальні:
– Я ж казаў заўтра прыходзіць, бо сёння пан хворы.
– А што мне рабіць, калі пан, як мае грошы, дык хворы, а як стане здаровы, дык не мае грошай?.. – адказаў іншы голас з лёгкаю картавасцю.
У гэты момант у вітальні зашамацела жаночая сукенка, і пачуўся голас панны Фларэнтыны, якая казала:
– Ціха!.. Дзеля Бога, ціха!.. Няхай пан Шпігельман прыйдзе заўтра… Пану Шпігельману вядома ж, што грошы ёсць…
– Якраз таму я сёння і прыходжу ўжо трэці раз. А заўтра прыйдуць іншыя, і мне зноў чакай…