– А сёння якраз пяць тыдняў, як я прасіў рукі і атрымаў згоду.

– Да каго пан пасватаўся?.. Да старшынёвай?.. – не сваім голасам спытаў Вакульскі.

– Але ж не!.. – закрычаў барон і аж адхіснуўся. – Я прасіў рукі панны Эвеліны Яноцкай, унучкі старшынёвай… Не памятае яе пан? Яна была ў графіні сёлета на свянцоным, не заўважыў яе пан?..

Не менш за хвіліну мінула, пакуль Вакульскі сцяміў, што панна Эвеліна Яноцкая – гэта не панна Ізабэла Ленцкая, што барон не бярэ замуж панну Ізабэлу і не ёй вязе сапфіры.

– Перапрашаю пана, – звярнуўся ён да занепакоенага барона, – але я гэткі знерваваны, што сам не разумею, што кажу…

Барон ускочыў з лаўкі і хутка пачаў хаваць свае скрыначкі.

– Якая няўважлівасць з майго боку! – захваляваўся ён. – Я прыкмячаў у вачах пана стомленасць і, нягледзячы на гэта, насмеліўся перабіць пану сон…

– Не, пане, спаць я не збіраюся, і мне прыемна будзе рэшту дарогі прабавіць ў таварыстве пана. Гэта хвілінная слабасць, якая ўжо мінула.

Барон спачатку цырымоніўся і хацеў ісці, але, убачыўшы, што Вакульскі сапраўды павесялеў, дык сеў з абяцаннем, што ўсяго на пару хвілін. Ён адчуваў патрэбу пагаварыць з некім пра сваё шчасце.

– Якая кабета! – казаў барон і не мог стрымаць ажыўленай жэстыкуляцыі. – Калі, пане, я пазнаёміўся з ёю, яна здалася мне халоднай, як статуя, і думаў, што яна цікавіцца аднымі ўборамі. А зараз я бачу, якія там скарбы пачуццяў… Прыбірацца яна любіць, як кожная кабета, але які розум!.. Нікому б гэтага не сказаў, што зараз скажу пану, пане Вакульскі. Я змоладу пачаў сівець, і не без таго, каб час ад часу не напамадзіў вусы фіксатуратам. Ну і хто б, пане, падумаў? Варта ёй было заўважыць гэта, як яна раз і назаўжды забараніла мне фарбавацца. Сказала, што ёй надта падабаюцца сівыя валасы, што для яе сапраўды прыгожым можа быць толькі сівы мужчына. “А пра тых, якія толькі пачалі сівець, што пані думае?” – запытаўся я. “Што яны ўсяго толькі цікавыя,” – адказала яна. І як яна гэта гаворыць!.. Я не знудзіў пана, пане Вакульскі?

– Але ж, пане, мне вельмі прыемна спаткаць шчаслівага чалавека.

– Сапраўды, я шчаслівы. Гэта для мяне самога нечаканасць, – працягваў барон. – Я даўно думаў ажаніцца, і ўжо некалькі гадоў раяць мне гэта дактары. Ну і строіў планы, што вазьму, пане, прыгожую кабету, добра выхаваную, з добрага заможнага роду, не вымагаючы ад яе ніякага рамантычнага кахання. І вось маеш: каханне само становіцца на дарозе і адным позіркам раздзімае пажар у сэрцы… Сапраўды, пане Вакульскі, я закаханы… Не! Я шалею… Нікому б гэтага не сказаў, але пану, да якога з першае хвіліны я адчуў ледзь не братэрскую сімпатыю… Я ашалеў!.. Думаю толькі пра яе, яна мне сніцца, калі сплю, а калі яе не бачу, пане, я раблюся хворы, фармальна хворы. Няма апетыту, думкі смутныя, трывожна неяк…

Таго, што я пану зараз скажу, пане Вакульскі, прашу не паўтараць нават самому сабе. Хацеў я яе выпрабаваць. Гэта нізасць, праўда, пане? Але што зробіш, чалавеку цяжка паверыць у шчасце. Дык я хацеў яе выпрабаваць (але нікому ані слоўца пра гэта, пане!), загадаў я напісаць праект інтэрцызы, паводле якое, каб шлюб не адбыўся з віны некага з нас (разумее пан?), я заплачу панне пяцьдзясят тысяч рублёў за расчараванне. Сэрца ў мяне ледзянела ад страху… а раптам яна пакіне мяне?.. Але што пан на гэта скажа? Калі ёй старшынёва сказала пра гэты план, дык панна – у плач: “Што ж, – кажа, – ён думае, што я адмоўлюся ад яго з-за нейкіх пяцідзесяці тысяч рублёў? Калі ён падазрае мяне ў карыслівасці і не прызнае ніякіх больш высокіх матываў у сэрцы кабеты, дык мусіць жа разумець, што за пяцьдзясят тысяч не аддам мільёну…”

Калі старшынёва мне гэта пераказала, я пабег у пакой да панны Эвеліны і без слоў упаў ёй у ногі… Цяпер у Варшаве я напісаў тастамент, а ў ім назваў яе адзінаю і выключнаю спадчынніцаю, нават каб памёр перад шлюбам. Уся мая сям’я за ўсё жыццё не дала мне столькі шчасця, колькі дало гэта дзіця цягам некалькіх тыдняў. А што будзе пазней!.. Што будзе пазней, пане Вакульскі?.. Нікому не задаў я бы падобнага пытання, – скончыў барон, торгаючы яго за руку. – Ну, дабранач…

“Цікавая гісторыя! – прамармытаў Вакульскі пасля таго, як барон пайшоў. – Гэты стары сапраўды па вушы ўхлюндрыўся…”

І барон не знікаў з вачэй, як цень, які паўставаў на малінавым фоне сядзення. Дык нічога не заставалася, як разглядаць яго худы твар, што гарэў цаглянай чырванню, валасы, нібы прысыпаныя мукою, вочы, вялікія, але запалыя, у якіх тлеў нездаровы бляск. Камічнае і сумнае ўражанне рабілі выбухі жарсці ў чалавека, які няспынна хутаў шыю, правяраў, ці добра зачынена акно, і перасаджваўся з месца на месца, хаваючыся ад скразняку.

“Распусціў пер’е! – думаў Вакульскі. – Ці магчыма, каб маладая панна здольная была закахацца ў гэткую мумію? Ён гадоў на дзесяць, не меней, старэйшы за мяне, а гэткі недарэчны, гэткі наіўны!..

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги