– З пастаянных гасцей – гэта ўсе, але вельмі часта прыязджае на колькі дзён, а то і на тыдзень, пан Ленцкі з дачкою. У яе надзвычай далікатная натура, – працягваў барон. – Мае шмат рэдкіх якасцяў. Пан ведае? Шчаслівы той, каму яна аддасць руку і сэрца! Якая, пане, прыгажосць, які розум! Насамрэч, вартая пашаны, як сапраўдная багіня… Не знаходзіць пан?

Вакульскі разглядаў наваколле і не здольны быў нічога адказаць. На шчасце, у гэты момант выбег са станцыі слуга і паведаміў барону, што прыехала каляска.

– Цудоўна! – выгукнуў барон і даў яму некалькі злотых. – Занясі, каханы, нашы рэчы. Едзем, пане… Праз дзве гадзіны пабачыць пан маю нарачоную…

ВЯСКОВЫЯ ЗАБАВЫ

З чвэрць гадзіны спатрэбілася, каб скласці рэчы ў каляску. Вакульскі з баронам, нарэшце, селі, фурман у пясочнага колеру ліўрэі стрэліў бізуном у паветры, і пара сытых шэрых коней рушыла размеранай рыссю.

– О, рэкамендую пану пані Вансоўскую, – казаў барон. – Брыльянт, а не кабета, і якая арыгінальная!.. І не думае другі раз выходзіць замуж, хоць і падабаецца ёй, каб вакол яе было шмат кавалераў. Цяжка, пане, не захапляцца ёю, а захапленне – справа небяспечная. Вось і расквітваецца са Старскім за яго баламуцтва. Пан ведае Старскага?

– Бачыў яго раз…

– Свецкі чалавек, але непрыемны, – казаў барон, – антыпатыя маёй нарачонай. Ён гэтак дзейнічае ёй на нервы, што ў бядачкі псуецца настрой у ягоным таварыстве. Нічога дзіўнага, бо гэта абсалютна супрацьлеглыя натуры: яна сур’ёзная, а ён легкадумны, яна пачцівая, нават сентыментальная, а ён цынік.

Вакульскі, слухаючы гаворку барона, разглядаў наваколле, якое паволі змянялася. Праз паўгадзіны дарогі ад станцыі на даляглядзе паказаліся лясы, бліжэй – узгоркі, дарога вілася паміж імі, узбягала на вяршыні або спадала ў дол.

На адным з гэткіх узвышшаў фурман павярнуўся, паказаў бізуном наперад і сказаў:

– О, панства едзе брычкаю…

– Дзе? Хто? – загукаў барон ледзь не на козлы ўзбіваючыся. – А так! Гэта яны… Жоўтая брычка і гняды чацвярык… Цікава, хто там едзе? Няхай бы пан зірнуў…

– Здаецца, бачу нешта пунсовае, – адказаў Вакульскі.

– А, гэта пані Вансоўская. Цікава, ці там мая нарачоная?.. – дадаў барон цішэй.

– Там некалькі пань, – сказаў Вакульскі, думаючы ў гэты момант пра панну Ізабэлу.

“Калі яна едзе з імі, гэта добры знак,” – падумаў ён.

Экіпажы хутка збліжаліся. З брычкі чулася шчоўканне бізуна, воклічы, там махалі хусткамі, а з каляскі ўсё мацней высоўваўся барон і ажно дрыжаў ад узрушанасці.

Каляска спынілася, але брычка з разгону праляцела далей, як бура рогату і воклічаў, ды затрымалася праз некалькі крокаў.

Відавочна, там пра нешта шумна радзіліся і нешта прыдумлялі. Кампанія вылезла, а брычка праехала крыху далей.

– Добры дзень, пане Вакульскі! – закрычаў нехта з козлаў, махаючы доўгім бізуном.

Вакульскі пазнаў Ахоцкага.

Барон подбегам кінуўся да кампаніі. Насустрач яму выйшла дама ў белай накідцы з белам карункавым парасонам і павольна накіравалася да яго, выставіўшы наперад руку, з якой ападаў шырокі рукаў. Барон здалёк зняў капялюш і, калі падышоў да нарачонае, амаль схаваўся тварам у яе рукаў. Пасля выбуху чуласці – якім кароткім ён быў для яго, такім доўгім здаўся для іншых – барон раптам апрытомнеў і прамовіў:

– Дазволь, пані, я прадстаўлю пана Вакульскага, майго найлепшага прыяцеля… Ён нейкі час пабудзе тут, дык я адразу ж абавязваю яго ў маю адсутнасць займаць маё месца пры пані…

Ён зноў некалькі раз пацалаваў руку ў глыбіні рукава, адкуль і да Вакульскага працягнулася прыгожанькая ручка. Вакульскі паціснуў яе і адчуў стрыманы адказ. Ён зірнуў на даму ў белай накідцы і ўбачыў бяскроўны твар з вялікімі вачыма, у якіх заўважны быў сум і страх.

“Цікавая нарачоная!” – падумаў ён.

– Пан Вакульскі!.. – прадставіў яго барон двум паням і мужчыне, якія набліжаліся да іх. – Пан Старскі, – дадаў ён.

– Ужо меў прыемнасць… – азваўся Старскі, прыпадымаючы капялюш.

– І я, – адказаў Вакульскі.

– Як жа мы цяпер пасядзем? – запытаўся барон, бо пад’язджала брычка.

– Паехалі ўсе разам, – закрычала маладая бландзінка, якая была, як здагадаўся Вакульскі, паннаю Феліцыяй Яноцкаю.

– Бо ў нашай калясцы ўсяго два месцы… – соладка заўважыў барон.

– Я разумею, але нічога не атрымаецца, – азвалася прыгожым кантральта дама ў пунсовай сукенцы. – Нарачоныя паедуць з намі, а ў каляску няхай сядаюць, калі хочуць, пан Ахоцкі з панам Старскім.

– Чаму я? – закрычаў з козлаў Ахоцкі.

– Або я? – дадаў Старскі.

– Бо пан Ахоцкі кепскі фурман, а пан Старскі нязносны, – адказала рашучая ўдоўка.

Вакульскі заўважыў, што гэтая дама мае пышныя каштанавыя валасы і чорныя вочы, а твар яе вясёлы і энергічны.

– Ужо пані дае мне адстаўку! – камічна ўздыхнуў Старскі.

– Пан ведае, што я заўсёды даю адстаўку кавалерам, якія мяне нудзяць. Ну, але сядайма, панства. Нарачоныя наперад. Фэля – побач з Эвелінкаю.

– О, не, – запратэставала бландзінка. – Я сяду апошняя, бо бабуля не дазваляе мне сядаць разам з нарачонымі.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги