Добра, але раптам тая панна сапраўды яго кахае?.. Бо цяжка дапусціць, каб яна яго ашуквала. Наогул, кабеты больш высакародныя за мужчын, яны не толькі робяць менш злачынстваў, але і ахвяруюць сабою значна часцей за нас. Дык, калі цяжка знайсці гэткага подлага мужчыну, які б з ранку да вечара маніў з-за грошай, дык ці можна падазраваць у нечым падобным кабету, маладую панну, выхаваную ў прыстойнай сям’і?
Вядома, нешта стрэліла ёй у галаву, і яна, мусіць, гэткая ж ачмурэлая, калі не ад ягонай знешнасці, дык ад становішча. Іначай бы яе выкрылі, што яна грае камедыю, і барон мусіў бы заўважыць, бо каханне бачыць усё праз мікраскоп.
А калі маладая дзяўчына можа пакахаць гэткага дзеда, дык чаму мяне не можа пакахаць
– Вечна вяртаюся да таго ж самага! – ціха прамовіў ён. – Гэта думка ператварылася ўжо ў нейкую манію…
Ён адчыніў акно, зачыненае баронам, і, каб адагнаць надакучлівыя думкі, пачаў зноў разглядаць неба. Квадрат Пегаса апускаўся ўжо на захад, а на ўсходзе падымаўся Бык, Арыён, Малы Сабака і Блізняты. Ён глядзеў на буйныя зоркі, густа рассыпаныя ў гэтай частцы неба, і прыгадалася яму тая дзіўная, нябачная сіла прыцягнення, якая далёкія сусветы звязвае ў адно цэлае мацней, чым гэта маглі б зрабіць нейкія матэрыяльныя ланцугі.
“Прыцягненне, прывязанасць, гэта ж, у прынцыпе, тое самае. Сіла гэткая моцная, што захоплівае ўсё, і гэткая плодная, што пырскае жыццём. Каб пазбавілі мы зямлю прывязанасці да сонца, каб адляцела яна некуды ў прастору, за некалькі гадоў сталася б яна глыбаю лёду. Уцягні мы нейкую беспрытульную зорку ў сферу сонечнае сістэмы, і хто ведае, ці не абудзіцца і на ёй жыццё. Дык чаму ж барону не падпарадкоўвацца закону прывязанасці, які ўласцівы ўсёй прыродзе? І хіба паміж ім і ягонай паннай Эвелінай большая прорва, чым паміж зямлёю і сонцам? Чаго дзівіцца шаленству людзей, калі гэткім чынам шалее сусвет…”
Тым часам цягнік паволі рухаўся і падоўгу затрымліваўся на станцыях. Пахаладала, на ўсходзе пабляклі зоркі. Вакульскі зачыніў акно і лёг на канапу, якая пагойдвалася.
“Калі маладая кабета магла закахацца ў барона, – думаў ён, – дык чаму ж бы я… Бо яна ж яго не ашуквае… Кабеты, наогул, больш высакародныя за нас… менш падманваюць…”
– Калі ласка, пане, тут панове выходзяць… Пан барон ужо п’е гарбату.
Вакульскі прахапіўся. Над ім стаяў кандуктар і будзіў яго самым далікатным манерам.
– Што гэта, ужо дзень? – запытаўся ён здзіўлена.
– О, ужо дзявятая. І ўжо з гадзіну мы стаім на станцыі. Я не будзіў пана, бо пан барон не дазволіў. Але цягнік зараз рушыць далей…
Вакульскі хутка выйшаў. Станцыя была новая, яшчэ не зусім дабудаваная. Нягледзячы на гэта, яму далі вады памыцца і пачысцілі вопратку. Ён канчаткова прачнуўся і зайшоў у маленькі буфет, дзе барон з радасным выглядам піў ужо трэцюю шклянку гарбаты.
– Дзень добры! – выгукнуў барон, паціскаючы Вакульскаму руку зусім па-прыяцельску. – Пане гаспадар, гарбату для пана… Добрае надвор’е, праўда? Якраз праехацца на конях. А тут жартачкі!
– Што здарылася?
– Мусім чакаць коней, – пачаў тлумачыць барон. – Добра, што а другой ночы я паслаў дэпешу пра прыезд пана. Раней я пасылаў дэпешу з Варшавы, але начальнік кажа, што ён памыліўся і замовіў коней на заўтра. На шчасце, я тэлеграфаваў яшчэ і сёння з дарогі. А трэцяй паслалі адсюль эстафету, а шостай старшынёва атрымала тэлеграму, а восьмай, самае позняе, выслалі коней. Пачакаем яшчэ з гадзінку, пан можа агледзець наваколле. Вельмі прыгожая, пане, мясцовасць.
Пасля снядання яны выйшлі на перон. Наваколле адсюль выглядала плоскім і амаль бязлесым. Там-сям відаць былі купы дрэваў, а сярод іх – мураваныя будынкі.
– Гэта двары? – запытаўся Вакульскі.
– Так… Шмат шляхты жыве ў гэтым баку. Зямля выдатная. Расце лубін, канюшына.
– Не бачу вёскі, – заўважыў Вакульскі.
– Бо гэта дваровая зямля, а пан ведае прыслоўе: на дваровым полі шмат стагоў, а на сялянскім – шмат людзей.
– Я чуў, – раптам сказаў Вакульскі, – што ў старшынёвай збіраецца многа гасцей.
– Ах, пане! – выгукнуў барон. – Калі ўдалая нядзеля, дык нібы на балі ў Рэсурсе. З’язджаецца некалькі дзясяткаў чалавек. І сёння павінны мы заспець кампанію сталых гасцей. Ну, перадусім бавіцца там мая нарачоная. Далей – пані Вансоўская, прыгожанькая ўдоўка гадоў трыццаці, вельмі заможная. Здаецца мне, што круціцца вакол яе Старскі. Ведае пан Старскага?.. Непрыемная фігура, нахабнік… Мне дзіўна, як кабеце з гэткім розумам і густам, як пані Вансоўская, можа падабацца таварыства падобнай легкадумнай асобы.
– Хто ж яшчэ? – запытаўся Вакульскі.
– Яшчэ Фэля Яноцкая, стрыечная сястра маёй пані, вельмі мілае дзіця, мае гадоў васямнаццаць. Ну, яшчэ Ахоцкі…
– Ахоцкі там?.. Што ж ён робіць?
– Калі я ад’язджаў, дык ён цэлымі днямі вудзіў рыбу. Але густ у яго пераменлівы, дык я не ўпэўнены, ці не ўбачу цяпер яго ў якасці паляўнічага… Але які гэта шляхетны малады чалавек, які адукаваны!.. Ну і заслугі ўжо мае, зрабіў некалькі вынаходніцтваў.
– Так, гэта незвычайны чалавек, – згадзіўся Вакульскі. – Хто ж яшчэ бавіцца ў старшынёвай?..