На брычцы зноў стала шумна, бо Ахоцкі меў абаронцу ў асобе панны Феліцыі, якая сцвярджала, што як на пачаткоўца, ён добра правіць, што ў самых спраўных фурманаў здараюцца хібы.
– Мая Фельця, – адказала ўдоўка, – ты ў тым узросце, што ў цябе фурман добры, абы меў прыгожыя вочы.
– Сёння, нарэшце, у мяне будзе апетыт… – казаў барон сваёй нарачонай, але заўважыў, што гаворыць гучна, дык пачаў зноў шаптацца з ёю.
Яны ўжо знаходзіліся на тэрыторыі, якая належала старшынёвай, і Вакульскі разглядаў паселішча. На досыць высокім, хоць і пакатым узгорку стаяў двухпавярховы палац, які меў два, таксама двухпавярховыя, крылы. За ім зелянелі старыя дрэвы парку, перад ім рассцілалася нібы лугавіна з пратаптанымі сцежкамі, сям-там аздобленая клумбаю, статуяй або альтанкай. Пад узгоркам блішчала шырокае люстэрка вады, відавочна, сажалкі, на якой гайдаліся лодкі і лебедзі.
Светла-жоўты палац з белымі калонамі на тле зеляніны выглядаў прыгожа і весела. Справа і злева ад яго відаць былі мураваныя гаспадарскія пабудовы.
Пад стрэлы бізуна, якія гэтым разам удаліся Ахоцкаму, брычка па мармуровым мосце пад’ехала да палаца, толькі адным колам зачапіўшы траўнік. Падарожныя вылезлі. Ахоцкі, аднак, не аддаў лейцы, а яшчэ павёў экіпаж у стайню.
– Каб пан не забыўся, што а першай сняданне! – крыкнула яму ўслед панна Феліцыя.
Да барона падышоў стары слуга ў чорным сурдуце.
– Ясна пані зараз у спіжарні, – сказаў ён. – Можа, панове будуць мець ласку – да сябе.
І ён правёў іх да правае афіцыны, дзе паказаў Вакульскаму вялікі пакой, адчыненыя вокны якога выходзілі ў парк. Праз момант убег хлопец у ліўрэйнай куртцы, прынёс вады і пачаў распакоўваць валізкі.
Вакульскі вызірнуў у акно. Перад ім быў траўнік, аздоблены групкамі старых ядлоўцаў і ліп, за якімі віднеліся далёкія лясістыя пагоркі. Пад акном рос куст бэзу, а ў ім было гняздо, у якое заляталі вараб’і. Цёплы вераснёўскі вецер трапляў у пакой і прыносіў з сабою няўлоўны водар.
Госць глядзеў на аблокі, якія нібы чапляліся за верхавіны дрэваў, на струмені святла, якое прабіваліся скрозь цёмныя ядлоўцы, і было яму добра. Ён не думаў пра панну Ізабэлу. Яе вобраз, які спапяляў яму душу, развеяўся на тле простых чараў прыроды, боль сэрца суняўся і першы раз з даўняга часу пасяліўся там спакой ды цішыня.
Аднак ён прыгадаў, што ў адведзінах, дык хутка пачаў апранацца, і ледзьве паспеў скончыць, як далікатна пастукаліся ў дзверы. Увайшоў стары слуга.
– Ясная пані просіць да стала.
Вакульскі пайшоў за ім… Мінуў калідор і праз момант апынуўся ў вялікім сталовым пакоі, сцены якога да паловы былі абабітыя панэлямі з цёмнага дрэва. Панна Феліцыя размаўляла каля акна з Ахоцкім, а пры стале паміж пані Вансоўскаю і баронам у фатэлі з высокаю спінкаю сядзела старшынёва.
Убачыўшы свайго госця, яна паднялася і зрабіла некалькі крокаў да яго.
– Вітаю цябе, пане Станіславе, – сказала яна, – і дзякую, што ты прыслухаўся да мае просьбы.
А калі Вакульскі нахіліўся да яе рукі, яна пацалавала яго ў лоб, што зрабіла ўражанне на прысутных.
– Сядай жа вось тут, каля Казі. А ты, прашу цябе, не забывайся на яго.
– Пан Вакульскі заслужыў, – адказала ўдоўка. – Каб не яго пільнасць, пан Ахоцкі пераламаў бы нам косці.
– Што, зноў?..
– Ён не ўмее правіць нават параю коней, а рвецца – чацверыком. Па мне, дык лепш бы ён цэлымі днямі рыбу вудзіў.
– Божа, якое шчасце, што я не збіраюся ажаніцца з гэтаю кабеткаю, – уздыхнуў Ахоцкі, сардэчна вітаючы Вакульскага.
– О, пане, пане!.. Як ужо прапаноўвацца ў якасці мужа, дык заставайся лепш фурманам, – закрычала Вансоўская.
– Гэтыя вечна сварацца! – са смехам прамовіла старшынёва.
Увайшла панна Эвеліна Яноцкая, а праз пару хвілін пасля яе – з другіх дзвярэй – Старскі.
Яны павіталіся са старшынёвай, якая адказала ім зычліва, але паважна.
Падалі сняданне.
– У нас, пане Станіславе, – казала старшынёва, – гэтакі звычай, што збіраемся мы ўсе разам толькі да стала. А так кожны робіць, што хоча. Раю табе, калі баішся засумаваць, трымацца Казі Вансоўскае.
– Я адразу бяру ў няволю пана Вакульскага, – адказала ўдоўка.
– Вох, – уздыхнула старшынёва і кінула позірк на госця.
Панна Феліцыя пачырванела, невядома ўжо які раз за сёння, і загадала Ахоцкаму, каб той наліў ёй віна.
– Не, не… прашу вады, – паправілася яна.
Ахоцкі выканаў яе просьбу, ківаючы галавою і разводзячы рукі.
Пасля снядання, цягам якога панна Эвеліна размаўляла толькі з баронам, а Старскі заляцаўся да чарнавокае ўдавы, госці развіталіся з гаспадыняю і разышліся. Ахоцкі пайшоў на гарышча палаца, дзе ў адмысловым пакойчыку наладзіў метэаралагічную абсерваторыю. Барон з нарачонаю выбраліся ў парк, а старшынёва затрымала Вакульскага.
– Скажы мне, – спытала яна, – бо першае ўражанне бывае самае дакладнае, як табе падабаецца пані Вансоўская?
– Выглядае на разумную і вясёлую кабетку.
– Маеш рацыю. А барон?
– Я мала яго ведаю. Ён стары чалавек.
– О, стары, вельмі стары, – уздыхнула старшынёва, – але хочацца яму ажаніцца. А што скажаш пра яго нарачоную?
– Я зусім яе не ведаю, хоць мне і дзіўна, што яна ўпадабала барона, які, зрэшты, можа быць вельмі вартым чалавекам.