— Што ты ўсхапіўся, як Гітлер? — кажа да байца сяржант і кладзе руку на яго плячо. — Ты ж рускі. Рускі, так? Ну, дык чаго ж ты, як бандзюга, пушку настаўляеш? Ён жа палонны…

У хаце робіцца ціха. Чуваць, як у куце стогне абпалены лётчык. Ягоны вялізны сусед яшчэ раз надзяляе немца ненавісным позіркам і неахвотна вяртаецца да таварыша. Здаецца, канфлікт ліквідаваны. Сяржант, перш чым узлезці на ложак, лёгенька штурхае немца.

— Не дрэйф, Гансік. Давай, траві далей…

Немец нерашуча яшчэ ступае на вальнейшае месца.

– Іх бін кайн нацы. Іх бін лянд лерэр[4], — даводзіць ён пацішэлым голасам.

Я апускаюся ля сцяны, побач садзіцца Юрка. Каця, хутаючыся ў паўшубак, кажа:

— Не веру я яму.

— Ну, чаму? — не згаджаецца Юрка. — Бываюць і сярод іх людзі. Калі рабочыя. Ці настаўнікі.

— Гад ён, а не настаўнік.

— Чаму так?

— Так.

— Гэ! А гэта што такое? — здзіўляецца сяржант. У ягоных руках каўпачок ад Юркавай фляжкі, у які ён наліваў суседу па ложку. Каўпачок стаіць некрануты.

— Эй, землячок! Ты што — махлюеш?

Ён ашчадна штурхае параненага ў плячо, які яшчэ нядаўна трудна стагнаў, а цяпер і не кратаецца.

— Эй! — сяржант устрывожана прыглядаецца да яго твару. — Вось табе і на! Ён жа «ўжо»!..

Да ложка падыходзяць санітары, устае ад сцяны Каця. Яны доўга мацаюць у байца пульс, ды, здаецца, той сапраўды «ўжо».

— Фу ты, халера! — не стрымлівае прыкрасці сяржант. — I сто грамаў не дапіў, дзівак…

Санітары ў маўклівай зацятасці нязграбна, за полы шыняля, сцягваюць з ложка труп і, напусціўшы сцюжы, выносяць яго з хаты. Ім памагае немец, які потым, не ведаючы, дзе сябе дзець, ціснецца да парога. Але яго адразу прыкмячае сяржант.

— Ганс, ком сюды! Месца ёсць. Ну, але плакаць не будзем. За здароўе землячка! — кажа ён і спрытна куляе каўпачок. Немец пачціва сядае на ложку.

— На здрове!

Сяржант кракае ад задавальнення і ляпае немца па плячы.

— Правільна, Ганс. Але дзе ты гэтак па-руску навастрыўся?

— Русішэ шпрэхен? О, біль фаль, — сціпла адказвае немец.

Фаль! Быццам знаёмае слова, але я ўжо не памятаю, што яно азначае, у галаве маёй усё стомлена і п’яна блытаецца, і я гукаю сябра:

— Юрка! А, Юрка!

Юрка, прысланіўшыся да сцяны, маўчыць. Я зазіраю ў яго заценены твар: вось табе і на — ён жа заснуў!

<p>14</p>

Юрка зняможана спіць побач, звесіўшы на грудзі светлую галаву. Здаровай рукой ён засцярожліва ахінае параненую і ціха пасопвае ў нос — па-хатняму мірна і соладка. На ложку словамі і жэстамі спрабуе нечага дабіцца ад немца сяржант. Навокал угамоньваюцца, ладзячыся на ноч, параненыя. Гамана ў хаце пакрысе заціхае. Густа, не прадыхнуць, смярдзіць шынялямі, потам, бінтамі. У мяне мацней пачынае балець нага. Гарыць, пячэ ў ступні. Заснуць я ўжо не магу і моўчкі гляджу на свайго соннага сябра.

Эх, Юрка, Юрка! Сапраўды гэта здорава, што мы вось гэтак нечакана-негадана сустрэліся сёння. Можа, гэтак жа разам сядзем заўтра ў санітарную машыну і рванём I у тыл — прэч ад танкаў, агню і бясконцых франтавых трывог. I там — ложак, чыстая бялізна, спакой і сон, I сон… Магчыма, нам пашанцуе яшчэ болей і мы трапім у адзін шпіталь. Тады будзе не лячэнне, а рай. У такім разе я гатовы прымірыцца з маёю вымушанай разлукай са ўзводам, у якім так мала ўжо засталося старых стралкоў. Мусіць, праз які месяц усе будуць новыя, незнаёмыя, з папаўненняў. Зноў трэба будзе вучыць ды прывыкаць да кожнага. Ну, але не бяда, прывыкнем — я да іх, яны да мяне. Гэта толькі здаецца так, што новыя горш за старых, проста яны невядомыя. Праўда, сярод іх розныя — і лепшыя і горшыя, як і сярод старых. Хаця гэта пасля. Цяпер вось самае галоўнае — мы разам з маім самым найлепшым сябрам, маім Юркам.

Гэтак жа паўтара года назад, зусім нечакана і яшчэ не ведаючы адзін другога, мы трапілі ў адзін строй у вучылішчы і апынуліся ў адной роце, у адным узводзе і нават у адным аддзяленні. Год мы праспалі на нарах побач, і амаль кожную ноч пад ранак ён нецярпліва штурхаў мяне ў бок за маю недарэчную прывычку храпці. Нам было дужа не соладка там — зусім яшчэ навабранцам, амаль саплякам, учарашнім школьнікам, якіх жорсткі лёс вайны кінуў ад кніжнай навукі ў бязлітасную суровасць вайсковага вучылішча, з яго ўшчыльненай праграмай, бяссоннымі нарадамі, знямогласцю абарончых работ. Заўжды хацелася спаць, есці, адпачыць, а ўзводныя з нашага ж брата, курсантаў папярэдніх выпускаў, якія самі не ведалі тут паблажак, не песцілі імі і нас. Казалі, так было трэба, каб фронт здаўся раем пасля таго гранічнага напружання, да якога нас прызвычаілі ў вучылішчы. Сапраўды, дзесяць гадзін заняткаў у поўнай выкладцы, маршы, вучэнні, земляныя работы ў ваколіцах горада (будаваўся знешні абараняльны рубеж Саратава), ноччу — абавязковыя дзяжурствы на заводах, якія бамбілі немцы. Там яшчэ да фронту мы пазналі вайну, агонь і вострую жалобу па сябрах, расшкуматаных бомбамі, і па тых, хто без рэшты згарэў у вялізных пажарах.

Перейти на страницу:

Похожие книги