— Ну, а ты думаў!.. — згаджаецца сяржант і кажа: — Слухай, младшой, а твой немец быццам нішто.

— Хто яго ведае. Можа, і нішто.

— Панімаеш, — сяржант засяроджана прыкурвае ад запальнічкі. — Панімаеш, я было хацеў яго шпокнуць. Спачатку. Злы я на іх. Ёсць такая прычына. Ды гляджу — нейкі ён дужа ўжо не такі, гэты фрыц. Настаўнік. Двое дзяцей… Каб хоць буржуй які… Ці эсэс…

Я маўчу. Я разумею ягоную прычыну і яго злосць да немцаў. Толькі я думаю: дужа ўжо спрытныя ў нас сталі на суд і расправу. Ні табе начальства, ні трыбунала: захацеў і — шпокну! Якая самаўпэўненасць! А можа, ён трэба там, дзе-небудзь у штабе. Зрэшты, мабыць, вінаваты і я — палонных трэба даводзіць да месца, а не таўчыся з імі па санітарных часцях, дзе скрозь параненыя, знерваваныя, злыя. Ну, але гэта ўжо іншая справа.

— Панімаеш, трэці раз не шэнціць, — выдыхаючы дым, сцішана кажа сяржант. — Усё не магу. Ці, можа, цюхця такі стаў?.. Першы дужа паранены трапіўся, устаць не мог. Узяў ягоную вінтоўку, думаю, зараз я цябе даканаю. Загнаў патрон у патроннік, а ён гэтак паглядзеў на мяне і кажа: «Данке, рус! Найн Сібір!» Ах ты, думаю, гад, Сібіру баішся… Тады жыві. Паспытай Сібіру. Не стаў страляць. Другога пад Залачовам сцапаў. У разведцы. Хацеў пырнуць фінкай, ды не змог — малады такі, пацан пацаном. Як наш Макоўчык. Быў такі ў роце. Худзенькі, тонкі і кашляе. Ну і адвёў у штаб. Чорт з ім, думаю. Трапіцца ж мне ўрэшце эсэс, тады сквітаюся.

Сяржант, крэкчучы, ямчэй прыладжваецца на ложку і хвіліну прыслухоўваецца да грукату нейкай спозненай машыны за акном.

— Заўтра эвакуіруюць… На якіх месяцы два цяпер адпачынак… Перавязкі. Сястра — вутку! Паскудства адно. Не люблю! — адразае ён і зацягваецца з свайго трафейнага мунштука. Пасля хмурыцца. — А Макоўчыка праз тыдзень асколкам у пазваночнік… Эх! Разразі цябе ў тысячу трах-тарарах!..

Ён адмыслова лаецца пяціпавярховым матам і злосна плюе ў парог. Побач узнімае галаву Каця, і я здзіўляюся: выходзіць, яна таксама не спіць — паныла сядзіць, насцярожана скурчыўшыся, нібы адасобіўшыся ад усяго ў гэтай хаце. У яе вачах поўна слёз. Я аж палохаюся.

— Вы што?

Яна нават і не паварочвае галавы.

— А табе што за дзела?

— Ну, я так. Думаў…

— Адстань.

Можна і адстаць, калі няма ахвоты адказаць. Сапраўды, чаго мне набівацца са спачуваннем, хіба ў мяне мала свайго клопату і свайго болю? Да таго ж адольвае стома, і мяне таксама пачынае браць сон. Да ранку, напэўна, яшчэ далёка…

<p>15</p>

Чым бліжэй да вакзала, тым усё больш людзей. На стаянцы таксі — вялізная чарга, якой спрытна распараджаецца дзяжурны з чырвонай павязкай. Спазнелыя пасажыры бягуць на прыгарадны поезд. З флегматычнай самотай бавячы час, па тратуары праходзіць каменданцкі патруль — двое салдат і маёр. У пятліцах — тэхнічныя эмблемы. Маёру на выгляд пад сорак пяць. Аднак, састарэлі цяпер у арміі, не тое што ў вайну… Некалі ў нас у палку самы стары афіцэр — начальнік артузбраення — меў трыццаць восем. Камандзір палка — трыццаць два. Батальёнамі камандавалі дваццаці-дваццацівасьмігадовыя хлопцы. Зрэшты, нам, узводным, яны ў той час здаваліся амаль старымі.

Вакзальны вестыбюль гудзе ад народу. Гамана, мітусня і штурханіна. Аднак, здаецца, і плач. Сапраўды, ля дзвярэй на пероне плача жанчына, толькі нічога не відаць — цікаўны натоўп абступае яе суцэльнай сцяной. Відаць, нешта здарылася.

Уступаючы сваёй цікаўнасці, я ўзнімаюся па прыступках на другі паверх і спыняюся ля парэнчаў. Адсюль ужо можна нешта ўбачыць. Сцэна здаецца не зусім звычайнай, прынамсі, для нашага часу. На шыі ў збянтэжанага мужчыны з амаль ужо сівой галавой вісне жанчына. Касынка яе збілася на плечы. Валасы раскудлаціліся. Яна наўзрыд плача і прыгаворвае нешта незразумелае. Развітваецца, ці што? Але куды гэта ён выпраўляецца? Мужчына з пакутніцкім тварам стрымана суцяшае яе, гладзіць па плячы адною рукой. Ля ног яго стаіць чырвоны чамадан. Але там ёсць і блізкія ім людзі. Два даволі дарослыя хлопцы — у стракатай тэнісцы і ў вельветавай куртцы — спрабуюць суцешыць жанчыну.

— Мама, ну хопіць!

— Ну, што ты? Людзі глядзяць. Канчай!

— Ай, няхай глядзяць! — закідае голаў жанчына. На яе счырванелым, залітым слязьмі твары — нестрываная роспач няшчасця. — Няхай глядзяць на маё горачка! Родненькі ты мой Колечка, навошта ж я цябе спазнала! — лямантуе яна ўжо зусім па-бабску і зноў прыпадае да грудзей збянтэжанага чалавека.

Незвычайнае і дзіўнае нейкае развітанне… Нібы ў сорак першым. Я недаўменна паціху сходжу па прыступках. У вестыбюлі з’яўляецца дзяжурны па вакзалу.

— Граждане пасажыры! Прашу разысціся! Прашу разысціся, не нарушаць правіл. Граждане пасажыры!..

Але пасажыры яго не слухаюць — усіх захапіў гэты балючы крык чалавечай душы. Толькі ніхто яшчэ нічога не ведае, і кожны імкнецца зазірнуць у сярэдзіну натоўпу.

Аднак праз хвіліну плач прыціхае, і жанчына з сівагаловым чалавекам кіруюцца да выхаду. За імі, несучы адзін чамадан, ідуць двое хлопцаў. Натоўп неахвотна расступаецца. Жанчына горнецца да чалавека і ўсё яшчэ хліпае.

Перейти на страницу:

Похожие книги