Гэта было вельмі нават нялёгка, асабліва калі ўлічыць журботнае сіроцтва многіх з нас, родныя мясціны якіх былі пад ворагам. А немцы ўсё пёрлі і пёрлі на ўсход, на Сталінград, на Каўказ, стаялі непадалёку ад Масквы. I калі ўсё ж знайшлося такое, што давала нам душэўныя сілы вытрымаць, дык у ім нямала значыла пачуццё таварыства з яго неадмысловым гумарам, добрасцю, шчырасцю. Усё, аказваецца, можна перажыць, калі ў цябе ёсць сябар, з якім многае дзеліцца напалам. Тады ўсе турботы і скруха меншаюць роўна ўдвая, а радасць — дзіўная справа! — удвая павялічваецца. I які б ён ні быў, твой сябар, калі ў цябе няма лепшага, ён робіцца другою часткай цябе самога, і ты ўжо не можаш уявіць сябе асобна ад яго. Адным з такіх сябрукоў быў для мяне Юрка Стралкоў.

Можа, гэта і непрыемна ўспамінаць цяпер, але нашае збліжэнне пачалося з таго, што мы пасварыліся. Пасварыліся, як дурні, без слушнай на тое прычыны, проста, мабыць, таму, што яшчэ дрэнна ведалі адзін аднаго. На палітзанятках, якія ў нас праводзілі проста ў казарме, на праходзе між ыараў, палітрук Шаяхметаў пытаўся пра задачы, пастаўленыя ў першамайскім загадзе Вярхоўнага, і я не мог іх пералічыць правільна. Не тое каб я не ведаў гэтыя задачы, але палітрук быў фармаліст і патрабаваў адказаць слова ў слова, як гэта было запісана ў загадзе. Я ж вучыць іх на памяць не меў часу.

Калі была апытана палавіна ўзвода, аказалася, што толькі курсант Стралкоў мог адказаць больш-менш правільна. Вось тады палітрук і прымацаваў Стралкова да траіх адставак па палітграмаце. Але калі Юрка падышоў да нас пасля заняткаў, мы яго не паслухаліся, болей таго, мы з ім пасварыліся (падумаеш, знайшоўся без пяці мінут нампалітрука!). Мы самі не горш за яго маглі вывучыць тыя чатыры або пяць пунктаў. Толькі мы не вучылі.

Стралкоў, вядома, пакрыўдзіўся, бразнуў дзвярыма і пайшоў — думалі, дакладваць начальству, аднак ён не далажыў. Апошняя акалічнасць трохі парушыла нашу непрыязнь да Стралкова, і, каб не падвесці яго (ды і сябе таксама), да наступных заняткаў мы ўсё вызубрылі.

Зімой у вучылішчы стала холадна, у нятопленых вялізных казармах вельмі даймала сцюжа. Напорысты заволжскі вецер на шматгадзінных палявых занятках наскрозь прадзьмуваў нашыя пацёртыя шынялькі. Мы дужа калелі і таму яшчэ болей хацелі есці. Пра яду мы думалі заўжды: на занятках, у нарадзе, на вячэрняй паверцы і нават прачынаючыся ў казарме ноччу. Ля сталоўкі і каля прадсклада заўжды таўкліся курсанты — хворыя, вызваленыя ад заняткаў, тыя, у каго парваўся абутак і не было ў чым ісці ў поле. Усе з галоднай тугой у вачах чакалі шчаслівага выпадку раздабыць што з’есці.

Аднойчы мы з Юркам былі ў каравуле і прастаялі ноч на двухзменным пасту, які на дзень звычайна знімаўся. Гэты пост даваў нам права адляжацца ў каравулцы на нарах (калі толькі не было да нас ніякай патрэбы ў грознага бога роты — старшыны Шквары). Зрэшты, у той дзень першы зранку заваліўся спаць я, бо ўжо адстаяў сваё на пасту, і хроп амаль да снядання. Юрка ж, змяніўшыся пазней, пабег да сталоўкі на здабычу харчу, і там яму надарыўся проста неверагодны па тым часе выпадак.

Узрушаны, ён куляй уляцеў у каравульнае памяшканне і, ледзьве расштурхаўшы мяне, яшчэ адурэлага ад сну, павалок да прадсклада. Аказваецца, там нас чакала крытая аўтамашына, у якой вазілі з горада хлеб і да якой Юрка толькі што занарадзіўся грузчыкам. Загадчык склада, маўклівы пажылы дзядзька ў ватоўцы, нецярпліва чакаў Юрку, хоць побач, наперабой прапаноўваючы свае паслугі, стаяла чалавек шэсць курсантаў. I ўсё ж Юрка, рызыкуючы застацца ні з чым, пабег па мяне, і мы, ледзьве здыхваючыся ад стомы, урэшце залезлі ў жалезны кузаў машыны. Загадчык сеў у кабіну.

Мы ехалі, мяркуючы праз гадзіну вярнуцца, наеўшыся свежага хлеба, і (калі пашанцуе), можа, яшчэ і прыхапіць якую буханачку-другую на заўтра. Дзеля хлеба мы свядома ахвяравалі сняданнем — двухсотграмоваю пайкаю, міскай супу і чаем, — нам даражэй быў хлеб.

Праўда, загадчык склада неўзабаве расчараваў нас. Аказалася, што перш чым ехаць па хлеб, трэба прывезці мяса. Гэта было ўсё ж не тое, што хлеб, але што зробіш — калі ўлезлі ў кузаў, дык мусілі слухацца. З гадзіну мы цягалі на мясакамбінаце баранія тушы ў машыну і наклалі іх столькі, што ледзьве ўлезлі самі. На першы погляд гэта было вельмі заманліва — цэлая гара бараніны, толькі, вядома, карысці з яе мы не мелі ніякай.

Перейти на страницу:

Похожие книги