Кулі або асколкі б’юць па падстрэшшу. Ветрам заносіць саламяную пацяруху са снегам. Мы ўгінаем галовы — халера, відаць, яны ўсё ж даканаюць нас! У сенцах у гэты час тупат. Праз расчыненыя дзверы, пераступіўшы цераз санітара, увальваецца баец у целагрэйцы. За ім другі з вінтоўкай за спіной — яны ўвалакваюць некага ў шынялі і апускаюць ля печы.

— Сястра! Дзе сястра! Во паглядзі хутчэй…

Каця таропка завязвае канцы бінта на нечай голай, скрываўленай спіне і цераз людскія целы лезе ў парог.

— А што вы мне яго прынеслі? — праз хвіліну крычыць дзяўчына. — Я не пахавальная каманда! Ану, выносьце назад!

Я пазіраю на збялела-жаўтлявы твар чалавека, і мне здаецца, што гэта ўчарашні прыдзіра-капітан, які правяраў нашы дакументы. Вось табе і на: не памагла і пільнасць! Каця, аднак, не пазнае яго, а мяне ён чамусьці здзіўляе і бянтэжыць. Я заўжды не магу паверыць у гібель людзей строгіх і ўедлівых наконт вайсковае службы. Толькі, мабыць, я памыляюся. Гэта не ён.

На потным твары байца — здзіўленне, амаль што спалох.

— Як гэта назад? — ціха пытаецца ён.

— А так. Не ведаеце як? — кідае яна і падаецца ў кут да амаль звар’яцелага лётчыка.

— Ляж! Ляж! Ну што ты — ляж! — угаворвае яго Каця, бо ратаваць яго суседа позна, таксама як і таго капітана.

Баец збянтэжана стаіць ля печы. Мне вельмі добра відаць тое страхавітае здзіўленне, што адбіваецца на яго схуднелым, зашчаціненым твары. Хвіліну ён недаўменна пазірае на труп у доле і ўрэшце паднімае рукавіцу, каб абцерці пот. I тут:

— Тр-р-рах!

Гэта блізка, але не так, як у папярэднія разы. На Юркаў шынель адлятае адшчэпленая ад падаконніка гнілаватая трэска, а баец з рукавіцай, ацярушваючы спіной пабелку, хуценька спаўзае долу. Я яшчэ не спраўляюся даўмецца, што адбылося, як ён абмякла валіцца на бок і глуха дзёўбаецца галавой аб падлогу. На ашчэраных ягоных зубах пузырыцца пена. Яго напарнік кідаецца ў сенцы.

На падлозе лаецца сяржант:

— Дзе той санітар? Дзе начальства? Праз хвіліну паўграбляе ўсіх!..

Хапаючыся за ложак, ён няўклюдна ўстае і, выстаўляючы наперад прамую, як бервяно, нагу, ступае да мяне.

— Дай аўтамат! Я ім, у бога душу, навяду парадак!..

Гэта так упэўнена і катэгарычна, што я адразу, не падумаўшы, аддаю яму свой ППС. Сяржант таропка скача да дзвярэй. Каця крычыць з кута:

— Падводы! Падводы давай сюды! Чуеш?

— Не глухі! — далятае ўжо з сянец.

Мы зноў чакаем, прыпаўшы да закіданай друзам падлогі. У сяле бой. На ўсю грымяць танкі, гахаюць іх гарматы, імпэтна заліваюцца кулямёты. Аднак штось там застопарылася — усё ж, відаць, апомніліся «славяне», упёрліся і пакуль што трымаюцца на той ускраіне. Толькі ці надоўга?

Юрка, мусіць, непакоіцца аб тым жа і, прыўстаўшы, пачынае выглядаць з-за касяка. Я гляджу на яго знізу, але на твары сябра ні кропелькі палёгкі. Здаецца, у гэты раз бяда ўзвалілася на нас як мае быць.

Неўзабаве Юрка апускаецца на дол.

— Ты ісці не можаш?

Я варушу параненай ступнёй. Баліць, халера! Як тут ісці? Юрка без слоў разумее.

— Так. Значыць, так. Я… Трэба туды, — ён ківае галавой за акно. — Там зусім мала. Панімаеш?

Я разумею. Вядома ж, трэба біцца. Аказваецца, вайна для нас учора не скончылася, перадыху не будзе (дурныя наіўныя мары). Барацьба прадаўжаецца, і трэба ісці ў бой. Лацно здаровым — вунь колькі іх дало волю нагам! Нам жа выбар невялікі — палон або смерць. Ну што ж!.. Толькі вось рана…

Юрка тым часам ссоўвае наперад кірзавую кабуру, левай рукой дастае ТТ. Магазін у яго няпоўны. Адной рукой ён няспрытна шарыць у кішэнях, дастае некалькі патронаў, нязручна запіхвае іх у магазін. Я таксама выграбаю з сваёй кішэні, што ёсць там з боезапасу. Набіраецца жменя аўтаматных патронаў, і я аддаю Юрку. Той з рашучасцю на твары, хоць, здаецца, трошкі паныла, устае на ногі.

— Ну, трымайся…

Ён кароценька ўсміхаецца аднымі вуснамі, і ў гэтай яго ўсмешцы — горкая абнадзеянасць, у якую ён сам не верыць. Значыць, зноў ростань, зноў ён ідзе, і, можа, на гэты раз назаўжды. Ну, вядома ж, наўрад ці ён вернецца адтуль. Але тады і я не хачу быць тут — паміраць, дык разам. I я ўсхопліваюся ў першым парыве — была не была! Так ці не так — дадумваць цяпер няма калі.

— Дай руку…

Ён няўцямна азіраецца, на імгненне марудзіць і нерашуча дае здаровую руку. Я ўстаю і, прытрымліваючыся за ложак, скачу ў парог. Чорт, на адной назе вельмі нязручна! Каб хоць на што абаперціся. Я прыпыняюся. Юрка наперадзе, зразумеўшы мае турботы, кідае наўкола позірк. У куце ля парога чыясь вінтоўка, ён хапае яе і дае мне. Гэта звычайны нямецкі карабін, толькі з чорнаю ложай, і я абапіраюся на яго, як на палку.

Ужо з большай упэўненасцю мы пералазім цераз траіх забітых і выбіраемся на закіданы кавалкамі зямлі двор.

<p>17</p>
Перейти на страницу:

Похожие книги