Мусіць, іншыя таксама ўжо нешта чуюць. Сяржант, за ім Каця і Юрка кідаюцца да ўшчэнт разнесеных выбухамі акон. Ускокваю на адной назе і я, яшчэ нехта шастае да акна. О, там карціна! Самая брыдкая з усіх карцін на вайне — «драп»!
Па вуліцы, па гародах, міма нашай хаціны і воддаль бягуць з сяла людзі. Адзіночкі, групы, шалёна скачуць коні; раскідваючы абланцужанымі скатамі снег, па адной імчаць машыны. Відаць, усе, хто тут быў, рьшуліся на аколіцу, міма пабітых асколкамі мазанак, сігаючы цераз плятні, падаючы і ўскокваючы. Непадалёк, ля суседняй хаты, на вуліцы дымна палае разнесены выбухам «студэбекер». Побач з перакуленай фурманкай, канаючы, дрыгае нагамі конь. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Пі-і-іў… Ш-у-у-у… Тр-р-рах!» Там і тут б’юць выбухі. Але мы ўжо не зважаем на іх — мы ўпіваемся позіркам у далячынь за сялом. Там па крутаватым схіле са стэпу ўпаўзаюць у ваколіцу танкі.
— Жвік — жвік — жвік! Тр-р-рах!
Выбух кідае нас на падлогу. Хата прыўзнімаецца і асядае. Здаецца, рушыцца столь. Пыльным, сухім смуродам забівае дыханне. Нехта енчыць, хтосьці раз’юшана лаецца і, ускочыўшы, кідаецца да дзвярэй.
— Лажысь! Лажысь, так вашу растак! — крычыць у пыльным смуродзе Каця.
Яна па-мужчынску лаецца, але цяпер гэта нікога не дзівіць — як жа інакш, калі такое творыцца! Тынкоўка са сцен і столі густа зацярушвае галовы і спіны. Юрка ўзнімае твар, яго не пазнаць — адзін толькі поўны трывогі і збянтэжанасці позірк: што рабіць?
— Сястра! Сястрычка! Ой, ратуй жа!.. Ой! — лямантуе хтосьці ў хаце.
Пыл хутка выдзьмувае ветрам, сапраўднаю снегавой віхурай, бо ўжо ні вокан, ні дзвярэй. Дзверы, прынамсі, расчынены, і на парозе распласталася нерухомая постаць. Гэта наш санітар, што ўчора на тое самае месца кідаў трусоў. Над кутам у столі пралом з дзіркай на вуліцу. У ёй курыцца снег, і пад ім на саломе слепа таўчэцца абвязаны пыльнымі бінтамі лётчык. Каленямі і локцямі ён штурхае-тармосіць суседа.
— Эй, таварыш! Таварыш!
З-пад шыняля тырчаць доўгія ногі ў кірзачах, яны не крануцца. Здаецца, ягоны сусед, які ўчора кідаўся на немца, «ужо». Але папала ў хаце, відаць, не аднаму.
— Сястра! Сястрыца! — енчыць хтосьці ў другім куце (ці не той рабаваты). — Кроў… У другі раз гвазданулі, гады!
— Што ж гэта робіцца, браткі? Трэба ж нешта рабіць!
— Ціха! Ціха! Лажысь! — камандуе Каця і з трэскам разрывае чарговы перавязачны пакет. Яна з распушчанымі валасамі, без шапкі кідаецца па хаце, то ў кут, дзе не ўнімаецца звар’яцелы, невідушчы лётчык.
— Сястра! Сястра! Дзе сястра?
Каця нахіляецца над абвязаным і, безуважная да ягонага суседа, настойліва ўкладвае небараку.
— Ладна, ладна… Усе будзе добра. Ты ляж. Ляжы.
Яе надзіва роўны, спагадлівы цяпер голас на хвіліну ўціхамірвае байцоў. Абпалены неяк нерашуча прымаўкае. Каця цераз людзей ступае ў другі куток, да перагародкі. Там хтось нема стогне.
Ля печы ўзнімаецца з падлогі апошні наш санітар — маленькі спалоханы пажылы чалавек, і Каця крычыць яму:
— Ты! Бягом да начальства! Ну, жыва! Падводы жыва!
Санітар, прыгнуўшыся, боязна сігае цераз труп напарніка на парозе і знікае ў сенцах. За акном з грукатам шалёна мчыцца падвода. Панадворкамі бягуць людзі. Трашчаць разрозненыя таропкія чэргі.
— Счас, родненькія! Счас! Усё будзе добра. Усё добра, — прыгаворвае Каця.
Я азіраюся на Юрку, ён ляжыць на баку побач і кусае вусны. У вачах майго сябра напружанне трывожнае думкі. Мусіць, у маім позірку ён бачыць запытанне і поціскам рукі хоча супакоіць.
— Ладна. Ладна, чакай.
Чакаць, вядома, не самае лепшае — хутчэй горшае. Якраз чакаць цяпер і нелыа. Кожная хвіліна прамаруджання, пэўна, неўзабаве будзе нам каштаваць многа. Але што рабіць? Ось дык трапілі з полымя ў пекла! Называецца, пакімарылі ноч — усё пракімарылі. Спазнелае шкадаванне за ўчарашняе, прыкрасць, боль і страх урываюцца ў мае пачуцці. Хочацца зараз жа нешта перайначыць, некага абвінаваціць. Толькі хто тут вінаваты? Хіба што я. Трэба ж было ўчора гэтак супакоіцца, забыцца ў зацішку, аддацца радасці сустрэчы з Юркам, махнуць на тую сустрэчу ў стэпе! Цяпер вось атрымлівай!.. Паспадзяваўся, называецца, на мудрую дбайнасць іншых…
Скурчыўшыся на саломе, я ўслухоўваюся ў грымотную калатнечу на вуліцы. Побач, таксама ўвесь насцярожаны, — Юрка. Выбухі распласталі нас на падлозе, і мы жывём хваравітым, напружаным слыхам. На двары тупат ног, змораны стогн, кароткая гамана. Раптам нада мной чуецца труднае дыханне. Я паварочваюся — у акне потны, устрывожаны твар, і ў вачах ашалелая зацятасць спешкі.
— Эй, славяне, дзе тут сястра?
— А што, падвода? Ага? Давай сюды!
З падлогі ўскоквае сяржант і хапаецца за падаконнік. Але твар там знікае. Кароценькая надзея ўзгараецца ўнутры — авось па нас! Хаця для адной падводы замнога людзей. I тут я ўпершыню за гэты ранак сустракаю забыты ўжо, самотна-цярплівы позірк. Гэта курчыцца пад ложкам мой немец. Як госць на чужой бядзе, забіўся туды і чакае. Чаго толькі чакае?