Але тут нехта падыходзіць да прылаўка і становіцца з ім побач. Я прыкусваю вусны — ён мне перашкаджае. Раптам Сахно паварочваецца і глядзіць проста мне ў твар.

Яго бровы ўздрыгваюць. Пазнаў, гад! Але вочы адразу спакайнеюць. Ён совае ў паліто руку і звонка ссыпае ў кішэнь драбязу.

— Не ўдалося?

— Што?

— А ў гасцініцы.

— Не. Не ўдалося, — кажу я не сваім голасам. I, нібы заварожаны, гляджу ў яго выцвілыя, нерухомыя вочы.

— Пракляцце! Паесці не даб’ешся. Вы вячэралі?

— Не.

— Можа, падыдзем у рэстаран? Тут насупраць.

Я, абмярцвеўшы, стаю. Як дурань. Як ідыёт. Ён, мабыць, і лічыць мяне ідыётам. Але я зноў не ведаю, што рабіць. Я не пазнаю яго. Сахно і не Сахно.

— Ну? Саставіце кампанію?

Ён ідзе між людзей у дзверы, і я збянтэжана іду за ім. Першы, самы спрыяльны момант упушчаны. Цяпер я ўжо не магу наважыцца. Мяне скоўвае сумненне. Хіба патрабаваць у яго дакументы? Або запытаць прозвішча? Аднак гэта не можа цягнуцца доўга. Я не ўтрываю.

Мы выходзім з залы чакання. Ён азіраецца на мяне.

— Бардзель. У нас варта пазваніць, і гасцініца забяспечана. А тут не могуць забраніраваць адно месца. Рэспубліка называецца!

Сволач! Што ты ведаеш пра гэтую рэспубліку? Не дасталося месца ў гасцініцы? Скончыліся піражкі? А пра паўмільённую армію партызан у гэтай рэспубліцы ты чуў? Пра дзевяць тысяч беларускіх арудараў і лідзіцэ ты ведаеш? Пра два з лішкам мільёны бязвінных ахвяр? Пра тое, што і дасюль гэта рэспубліка яшчэ не дасягнула даваеннай колькасці жыхароў?

Я ледзьве стрымліваю нервовую дрыготку ўнутры. А ён распранаецца ў гардэробе. Перад люстэркам старанна расчэсвае рэшткі свае чупрыны. Пасля мы заходзім у залу. Тут таксама бітком. Вольных сталоў няма, і мы ідзём між радоў. Але вось ля акна ўстаюць з-за стала чацвёра афіцэраў. Мы адразу займаем іх месцы. На абрусе — гара непрыбранага посуду. Ён грэбліва адсоўвае ад сябе талеркі.

Размаўляць са мной у яго, відаць, прапала жаданне. Мусіць, субяседнік я кепскі. Але мне зусім не да размовы. Мяне точыць пытанне: ён ці не ён? У галаве зачынаецца прарэзлівы звон, рукі прыкметна дрыжаць. Ён жа мяне, напэўна, не пазнае. Ну што ж, тым лепей! Я напружваюся, як перад скачком у атаку, і пытаю ва ўпор:

— Вы — Сахно?

— Што? Не, не Сахно.

Не Сахно! Іншай магчымасці дазнацца, хто ён, у мяне няма. Я напружваю розум, каб знайсці, што рабіць далей. А ён закідвае на калена нагу і адхінаецца ў крэсле. Дастае з кішэні газеты. Здаецца, ён вельмі спакойны. Зусім заняты сабой. Ніводная жылка на ягоным твары не здрыганецца. Шархочучы газетай, кідае на мяне позірк.

— А чаму вы пытаецеся? На некага падобны? Ага?

— Падобны.

— Бывае, — выдыхае ён і ажыўляецца: — Я ў Харкаве аднаго інжынера, мусіць, цэлы год блытаў з бухгалтарам упраўлення. Падобныя як дзве кроплі вады.

Чорт! Здаецца, я ўліп! Няўжо сапраўды не ён? А мо прытвараецца? Нешта адчувае і баіцца? Пэўна ж, штоколечы з свайго мінулага ўтаіў.

Аднак не. Паводзіць сябе натуральна і ўпэўнена. Шырока разгортвае «Правду», «Труд» працягвае мне.

— Пачытайце. Пакуль тут дажджэшся…

I, не дагаварыўшы, засяроджваецца ў чытанні. Я машынальна аглядаю загалоўкі. I не разумею нічога.

Калі не Сахно, дык гэта жахліва. Я ж мог яго пакалечыць. А калі ўсё ж ён? Няўжо я і цяпер застануся ў дурнях. Як дваццаць гадоў назад…

Што ж, пачакаем.

Ён чытае засяроджана і грунтоўна. За наш столік болей ніхто не садзіцца. Афіцыянтка таксама не ідзе. Я няўцямна гляджу на шчыльныя газетныя радкі і не магу заглушыць у сабе амаль роспачнага крыку памяці…

<p>16</p>

Сон разрываецца выбухам:

— Тр-р-рах!.. Лоп-лоп-лоп… Шы-ш-ш-ш-ш-ш…

I яшчэ:

— Тр-р-рах! Тр-р-рах!.. Шр-рык!

Што гэта? Дзе гэта? Фу ты, пляснула чымсь мокрым па твары, па спіне: мурашкі ці, можа, пясок… Я ўсхопліваюся і адразу разумею — бяда!

У хаце амаль відна, у вокнах світальны ранак. Мяне абдае хваляю сцюжы, снегавой пацярухай сыпле на галаву, за каршэнь. На падлозе збянтэжаныя твары людзей. Ля ложка, лежачы ніц, ашчапервае голаў сяржант. Зверху сыплецца перамешаная са снегам тынкоўка.

— Тр-р-рах! — здаецца, пад самым акном грымотна б’е новы выбух.

У акно шугае косма снегу з зямлёй. Дробныя асколкі шкла шротам абдаюць патыліцу. Міжвольна хіснуўшыся ад выбуху, я зусім пазбаўляюся ад санлявае няўцямнасці і палохаюся — дзе Юрка? Але Юрка побач, ён таксама недаўменна лыпае заспанымі вачыма і пытаецца:

— Што такое? Га? Бамбёжка, га?

Не, Юра, не бамбёжка і нават не звычайны агнявы налёт. Гэта іншае. Я баюся яго, гэтага іншага, ад аднае толькі думкі аб ім у мяне халадзее ўсярэдзіне. «Тр-р-рах! Тр-р-рах!» — б’юць два разрывы далей, знадворку. Там нехта ў дзікай лютасці лаецца — чуваць абрыўкі нервовай апантанай гаманы, тупат ног. Нешта там робіцца кепскае. А я з усяе сілы ўслухоўваюся скрозь гэтую мешаніну гукаў, і — прападзі яно пропадам, гэта ўчарашняе маё прадчуванне! — яно не ашуквае. Між выбухаў чуваць, як недзе далёка яшчэ, але досыць выразна і цягуча гудуць танкі.

Ну вось і дачакаліся! Даспаліся, даадпачываліся, даспадзяваліся, так яе растак! Цяпер расхлёбвай!

Перейти на страницу:

Похожие книги