Шырока расставіўшы ногі, Сахно шэраю нязрушнай глыбай стаіць у дзвярах. Шсталет ягоны скіраваны ў хату. На падлозе робіцца вельмі сцюдзёна.

— Яму абы маўчаць! — злосна зазначае нехта.

Аднак патроху ў хаце змаўкаюць. Хто ведае, чаго можна чакаць ад гэтага чалавека.

Сахно стаіць так даволі доўга, і мы ўсе маўчым. Толькі абпалены гучней, чым раней, стогне пад акном. Юрка сціхае і дробненька, булькотна дыхае. Я не магу даўмецца, што рабіць з ім, калі зноў, як і раніцай, давядзецца ўцякаць з сяла. Ці не лепш ужо адразу застрэліць яго і сябе?.. Аўтаматныя чэргі за аколіцай то прыціхаюць, то зноў густа рассыпаюцца ўначы.

Але вось на вуліцы ўсчынаецца гамана. Пад акном рыпяць нечыя таропкія крокі — там група людзей. Ці не па нас? Коратка рыпае ганак, і прамень ліхтара ярка ўпіраецца ў настырчаную постаць Сахно.

— Тут хто?

— Тут параненыя, — змрочна, быццам нават незадаволена, адказвае Сахно. Аднак з парога не саступае.

— А вы хто? Што вы тут робіце? — асвятліўшы пісталет у руцэ капітана, строга пытаецца камандзір.

Раптам яркі прамень з ліхтарыка мільгае па нас на падлозе. Усе жмурацца.

— Я прысякаю паніку! — усё тым жа тонам кажа Сахно.

— Паніку?

– Іменна так. Паніку.

— Якую там паніку! — разважліва кажа нехта з цемрадзі хаты. — Нас у шпіталь трэба. Тут цяжкапараненыя ёсць.

Постаць невядомага павяртаецца да людзей. Ягоны моцны ліхтарык гойсае туды-сюды па аблеглых на падлозе людзях і спыняецца. Скрозь — шынялі, паўшубкі, бінты і насцярожаныя нерухомыя твары…

— Я не ўпаўнаважаны наконт эвакуацыі, — цвёрдым камандзірскім голасам абвяшчае апяразаны рамянямі чалавек. — Сяло абыходзяць немцы… Палкоўнік Гардзееў загадаў: усіх у строй. Хто можа, прашу за мной! Зараз жа!

— Гэта іншая справа, — пасля кароценькай паўзы адгукаецца нехта ў куце.

— Па-людску. А то пісталетам грозіцца…

— Ану, выходзь, хто можа!

— Вядома, выходзь! А то ўсім крышка.

З кута неўзабаве выбіраюцца двое. Устае нехта ад парога. Уздыхнуўшы, нялёгка ўзнімаецца лейтэнант з рэдакцыі. Я не ведаю, як быць мне. Няёмка адставаць ад іншых і не хочацца больш пакідаць Юрку. Адчуваю, без мяне ён загіне. Зноў праклятая нага востра разбалелася на ноч.

— Стой! — нібы спахапіўшыся, зноў крычыць Сахно. — Маёр, спыніце людзей! Тут неправераны элемент.

Маёр, які ўжо рушыў з дзвярэй, недзе спыняецца і бліскае на Сахно ліхтарыкам.

— Які элемент?

— Распрапагандаваны, антынастроены элемент. Тут размовы…

— А кіньце вы, капітан! Якія размовы…

Маёр выключае ліхтарык і знікае на ганку. За ім выходзяць чацвёра байцоў. Сахно некалькі секунд збянтэжана стаіць у дзвярах, пасля кідаецца за імі следам.

— Маёр, вы будзеце адказваць! Я далажу палкоўніку! — даносіцца ўжо знадворку.

Нехта ў хаце зноў брыдка лаецца.

Лейтэнант ля сцяны няспешна рыхтуецца ісці. Спачатку ён старанна апускае вушы свае шапкі. Затым дастае з кішэні трохпалыя рукавіцы. Усе яго рухі паныла-замаруджаныя. Я бачу і ўсё разумею, як не хочацца яму ісці туды, адкуль, хто ведае, ці суджана будзе вярнуцца. Ля яго ног пакорна сядзіць, чагосьці чакаючы, немец. Я ў разгубленасці — што рабіць? Лейтэнант кідае позірк уніз на мяне, пасля — на Юрку. I я думаю, калі толькі ён скажа «пойдзем» — я ўстану. Але ён старанна ўсцягвае на пальцы рукавіцы і кораценька ўсміхаецца.

— Ну, будзьце жывыя. Жадаю як-небудзь выбрацца адсюль.

— Шчасліва! — кажу я, амаль расчулена. Не ведаю чаму, але за якую гадзіну ў маёй душы выспела нейкая неўсвядомленая яшчэ прыхільнасць да гэтага чалавека. З’яўляецца і знікае кароткае шкадаванне, што не пазнаёміліся як след, не пагутарылі. Але што ж… Мне хочацца напаследак чым-колечы памагчы яму.

— Вазьміце мой карабін.

— Не, дзякуй. У мяне пісталет, — кранае ён сваю кірзавую кабуру, — А зрэшты, усё адно. Там танкі.

Ён пераступае цераз маю нагу і выходзіць праз расчыненыя дзверы на заліты месячным святлом двор. Я ж застаюся, пакутліва разважаючы над невясёлым сэнсам ягоных апошніх слоў. У хаце робіцца самотна і пуста.

Ведама ж, не першы раз — кожны дзень адыходзяць назаўжды людзі. Таварышы, малазнаёмыя і зусім незнаёмыя. Адыходзяць, нечым закрануўшы душу і пакінуўшы ў ёй не заўжды зразумелы след. Многія і не вяртаюцца болей у наша жыццё, і сярод іх — слаўныя, так сабе, а то і благія таксама. I нам неўздагад часам, што ўсе яны пэўным чынам фарміруюць нас, нярэдка насупраць нашае волі лепяць нашы характары, нашы чалавечыя якасці. Пайшоў вось і Сахно, і нам тут ажно палягчэла — ну і чалавек! А з лейтэнантам я не хацеў бы ніколі разлучацца. Хоць і зусім не ведаю яго.

Юрка, што мне рабіць з табой? Няўжо на гэты раз мы не выберамся з праклятага ліха, у якое гэтак нечакана ўвязлі? Няўжо я так і не ўберагу цябе? I дзе ж гэта наша ратавальніца Каця, нешта ўжо яна бавіцца. Мо пакінула нас? Сапраўды, хто мы ёй: выпадковыя спадарожнікі? Навошта ёй гінуць з намі?

Перейти на страницу:

Похожие книги