У хаце прастарнее і сцюдзянее. На падлозе ляжаць адны цяжкапараненыя. Ля парога, на ранейшым месцы, хутаецца ў шынель немец. Канваіра ля яго ўжо няма. Знік Сахно, мусіць, уцёк і канваір. А немец не ўцякае. Скурчыўся і чакае чагосьці, забыты і пакінуты няўдака-палонны, да якога тут ні ў кога няма справы. Пад акном трасецца ў нейкім нервовым параксізме лётчык. Я падтыкаю пад Юрку канцы паўшубка і на каленях падпаўзаю да гэтага абгарэлага бедалагі. Хоць, папраўдзе, ён ужо нямала і надакучыў нам. Але і яму не соладка.

— Як вы? Можа, памагчы чым?

— Так. Павінен памагчы! — хуценька і настырна просіць лётчык. — Друг! Не дай мне загінуць. Мяне камандуючы ведае. Я дваццаць «месераў» збіў. Я да Героя прадстаўлены. Ты павінен звязацца з камандуючым. З самім камандуючым. Ты разумееш?

— Як тут з ім звяжашся?

— Ты павінен звязацца. Або хай выдзеляць танк. Хай адвязуць мяне ў танку. Я не павінен загінуць…

Не, гэта не тое. Гэта занадта банальна. Ён баіцца загінуць! Быццам астатнім тут усё роўна — жыць ці памерці… Нібы таму, што ён прадстаўлены да Героя, яго жыцдё зрабілася даражэйшае. А Юрка прадстаўлены толькі да «Айчыннай», дык што ж яму — гінуць?

Зануда! Спачуванне да яго раптам мяняецца на прыкрасць. Дае ж Бог такіх вось людзей! Я нават не ведаю, хто ён — афіцэр ці сяржант. Але ён мне канчаткова агідны.

— Друг, ты панімаеш? Інакш я загіну! Ты чуеш?

Так, я чую. Але я вяртаюся да Юркі, не маючы жадання яго суцяшаць. У самога ад тужлівага прадчування заходзіцца сэрца. За ваколіцай ваўсю грыміць бой — і танкавыя стрэлы, і аўтаматы. Я адчуваю: будзе ой як кепска! Каб хоць вярнулася Каця, з ёю неяк спакайней. Мы ўжо прывыклі за гэтыя суткі да яе грубаватага клопату. Я дзіўлюся: сапраўды, толькі адны суткі, як я сустрэў яе, а здаецца, ведаю ўжо даўно! Дзіўна, яна непрыгожая, рэзкая, а ўвогуле такая надзейная. Мабыць, на вайне гэта галоўнае.

Сцішыўшыся, я прысланяюся да сцяны поплеч з немцам. Услухоўваюся ў траскатню бойкі і пачынаю чакаць Кацю. Неўзабаве чую, як нехта тупае па ганку, потым мацае рукой клямку. Я ўжо гатовы ўбачыць Кацю, але замест яе на парозе з’яўляецца Сахно.

— Так. Хто ўдзень быў на вышыні? — суха пытаецца ён тонам камандзіра, які атрымаў несправядлівы наганяй ад начальства.

Людзі ў хаце насцярожана прыцінаюць стогны.

— Я пытаюся: хто абараняў за сялом вышыню?

— Якую вышыню? — пытаецца нехта з абвязанай, у шынах, рукой. — Тую, дзе танкі?

— Да. Тую.

— Ну, і я абараняў. А што?

— Прозвішча? — зацята пытаецца Сахно.

— А навошта? Ордэн дасцё, ці што? — зусім не ў тон капітану жартуе паранены. — Цвіркун, ну…

— Як?

— Яфрэйтар Цвіркун.

— Малодшы лейтэнант Васілевіч, запісвайце! — загадвае мне Сахно.

«Не хапала клопату», — думаю я. У самога рука падвязана, дык ён прымушае мяне… I адкуль яго прыгнала на нашыя галовы? У абарону, глядзі ты, не пайшоў, а зноў ужо нешта расследуе. Некага падазрае ўжо і абвінавачвае. Таксама ваюе…

— Яшчэ хто? — зноў пытаецца і чакае Сахно.

Але болей, здаецца, абаронцаў таго пагорка тут няма. Усе, нядобра апанурыўшыся, маўчаць.

— А вы, Васілевіч, там не былі? — раптам павяртаецца да мяне Сахно.

— Ну, быў. А што?

— Пачаму скрываеце? Запісвайце і сябе.

— Я і так не забуду.

— Вы ўсё памятаеце, так? А дзе старшына Еўсюкоў? — раптам шматзначна пытаецца Сахно. — Вы ж, здаецца, разам былі?

— Разам. Ды тут разышліся. У сяле.

Усе напружана маўчаць, пазіраючы на капітана. Ён таксама маўчыць, відаць, нешта мяркуючы. Робіцца ціха, і ў гэтай цішыні з’яўляюцца новыя гукі. Недзе па вуліцы ідуць танкі. Іх грукат сунецца ўсё бліжэй, бліжэй… «Хоць бы свае, не нямецкія, — б’ецца ў галаве спадзяванка. — Але калі і нашы, дык куды яны ідуць?»

— А што, капітан, здарылася?

— Што здарылася? — з’едліва перапытвае Сахно. — Не ведаеце, што здарылася? Абарону кінулі, во што здарылася.

Ну, вядома, недзе няўпраўка, хтосьці правароніў, і цяпер шукаюць вінаватага стрэлачніка — Еўсюкова. Але пры чым тут Еўсюкоў?

Заглушаючы грукатам блізкую ўжо бязладную страляніну, паўз нашыя вокны праходзіць адзін танк, затым другі. Нехта ў шапцы з растапыранымі вушамі паўзе да акна і ўзіраецца ў светлаватую прыпатнелую шыбу. Першыя танкі, чуваць, аддаляюцца. Але з другога канца сяла зноў нарастае грукат.

— Вось табе, кума, і хрэсьбіны! — гучна гаворыць ад акна баец. — Танкі-та ўходзяць.

— Як уходзяць?

— Куды ўходзяць?

З раптоўна апанылым сэрцам, я таксама кідаюся да акна. Сапраўды, напоўніўшы сяло грукатам, некалькі танкаў хутка коцяцца па зімовай вуліцы. Іх браня густа аблеплена шэрымі сілуэтамі аўтаматчыкаў.

Сахно, раптам нібы забыўшыся пра нас, моўчкі выскоквае на вуліцу. Я падпаўзаю да Юркі. Што ж гэта робіцца? Я тармашу сябра: думаю, можа, ачнецца. Як бы не трапіць у новую пастку.

Параненыя таропка адзін за адным выпаўзаюць з хаты. Хто са стогнам, а хто моўчкі. Цяпер толькі б на вуліцу, па якой адыходзіць апошняя надзея.

На вуліцы бягуць людзі, фыркочуць танкі. У іх свае клопаты, свае баявыя справы. Што ім параненыя! Лётчык, лаючыся, устае на калені і, охаючы, слепа грабецца да выхаду.

Перейти на страницу:

Похожие книги