Як-колечы ўздзеўшы Юркавы рукі ў рукавы паўшубка, я ўхутваю ім сябра. Затым толькі хапаю яго, каб валачы ў дзверы, як у хату ўбягае змораная, рухавая ад паспешлівасці Каця. Я ледзьве не ўскокваю ад радасці, бо ўраз адчуваю: гэта па нас! I сапраўды, Каця голасна выпальвае:
— Ану — на машыны! Хутка! Хто сам не здолее — гукніце!
«Эх, паспяшаўся!» — са шкадаваннем мільгае ў свядомасці пра таго, у куце, і я тут жа забываюся аб ім. Я падхопліваю Юрку пад пахі, немец услужліва паднімае яго за ногі. Каця дае нам на праходзе дарогу і сама кідаецца да лётчыка, які капошыцца ля парога. Мы выцягваем Юрку на двор і там сутыкаемся з высокім і няўклюдна тоўстым камандзірам у танкавым шлеме і камбінезоне. З жартоўнай лёгкасцю ён прытопвае валёнкамі і ляскае рукавіцамі.
— Жывей, арлы! Жывей, ядрона вошка! А то коні астынуць. Ану, давай падмагу.
I падхоплівае за паўшубак Юрку. Да яго падскоквае другі, у шлеме. «Таварыш падпалкоўнік, я!» Яны ўдвух пераймаюць з маіх рук Юрку. I я адчуваю шчымлівую ўдзячнасць да гэтага падпалкоўніка. Глядзі, які маладзец, — спыніў для раненых танкі! Але ўсё, мусіць, Каця? Яны ўдвух з дапамогай немца ўсцягваюць Юрку на браню танка, следам, бязладна чапляючыся за бакавы трос, узлязаю я. А падпалкоўнік лёгка саскоквае, каб памагчы Каці.
— Давай гэтага туды, на тройку. Эй, герой, падсабі! — звяртаецца ён да немца.
Той у фукаце малых абаротаў матора, аднак, не чуе або не разумее. Стаіць унізе ля танка, відаць, не ведаючы, ці можна яму сюды ўзлезці. I тут між танкаў аднекуль з’яўляецца Сахно.
— Таварыш падпалкоўнік, гэта — немец. Яго трэба ліквідаваць. Зараз жа.
Падпалкоўнік, несучы з Кацяй параненага, здзіўлена ўскідвае голаў у рабрыстым шлеме. Сахно тым часам расшпільвае кабуру. Ён ужо ўпэўнены, што падпалкоўнік не запярэчыць. Гэтая яго самаўпэўненасць адзываецца ва мне шаленствам. Не ад жаласці да немца, а каб дапячы Сахно, я крычу:
— Не слухайце! Таварыш падпалкоўнік… гэта язык… Яго да генерала загадана…
— Да якога генерала? — няўцямна пытаецца падпалкоўнік і тут жа махае рукой. — Хай едзе, чорт з ім! Шлёпнуць паспееце.
«Ага, выкусі!» — зларадна мільгае ў мяне, і я крычу немцу:
— Ком! Хутка!
Сахно, бачу, хоча запярэчыць, але танкісты спяшаюцца. Вежавы люк за маёй спіной, лязнуўшы, зачыняецца. Абодва танкі, зафыркаўшы, дадаюць абароты, і Сахно, ссунуўшы кабуру, кідаецца да нас на браню.
— Ты май на ўвазе: уцячэ — пад трыбунал загрыміш! — узлезшы, крычыць ён мне ў самае вуха.
«Пайшоў ты да такой-сякой матары!» — з лютай нянавісцю думаю я.
25
Бавячы час, мы з ленаю асалодай п’ем піва. Гарбацюк распрануўся і сядзіць у адной светлай шаўковай тэнісцы. Ягоны пінжак вісіць на спінцы стула. Яму душна. З маіх плеч, здаецца, спадае гара. Ён — не Сахно. Я толькі дзіўлюся цяпер, якая гэта нячыстая сіла асляпіла мяне і не дала даўмецца, што я памыляюся. Гэта зусім іншы чалавек.
Людзей у рэстаране меншае. Некаторыя столікі зусім пусцеюць, і афіцыянткі страсаюць абрусы. Нашы маладыя суседзі ўсё яшчэ сядзяць, весела паміж сабой гамонячы. На стале ў іх тры парожнія бутэлькі з абадранай фалыой. Гарбацюк варочаецца, сапе, аблакочваецца на спінку стула і з дабрадушнаю сытасцю пазірае ў залу. Наколькі гэта можна зразумець за вечар, ён трошкі з ганарком, але ўвогуле — праставаты і дабрадушны дзядзька.
— Ведаеце, а я прыняў вас за другога, — шчыра прызнаюся я. — За аднаго свалачнога чалавека. З вайны яшчэ. Гарбацюк спагадліва ўсміхаецца.
— Мусіць, якога здрадніка?
— Не. Ён — не падобны на здрадніка.
— Трус?
— I не трус. Дзе гэта было трэба, ён нават быў храбры. Ды і іншым баяцца не даваў.
— Строгі, значыць?
— Строгі — не тое слова. Хутчэй — бязлітасны.
Гарбацюк павяртаецца да стала.
— Ну, на вайне бязлітаснасць — не грэх…
Нешта мы губляем ніць узаемаразумення. Здаецца, ён не згодны са мной. Але гэта непаразуменне. Як бы яму лепш давесці, што гэта не проста выкананне загаду. Тут іншае. А Гарбацюк тым часам паблажліва ўхмыляецца: у нашай маленькай спрэчцы ён адчувае сябе разумнейшым. З гэтаю ўхмылкай ён далівае ў фужэры піва — спачатку ў мой, а пасля ў свой — і прысоўваецца да мяне бліжэй.
— Я табе скажу з уласнага вопыту. На вайне — там быў парадак, дзе салдаты баяліся камандзіра болей, чым немца, — шматзначна паведамляе ён і далонню рубам б’е па стале. — У такога камандзіра ўсё: і задача выканана і грудзі ў ордэнах.
— А людзі?
— Што людзі?
— А людзі ў магілах?..
Гарбацюк недаўменна моргае вачыма і ёрзае ў крэсле. Відаць па ўсім, маё пытанне застала яго знянацку. Дзе ў такога камандзіра людзі, аб тым ён не думаў.
— Ну, ведаеш… На вайне з гэтым не лічацца.
Ну і ну! Я зусім перастаю яго разумець. Гэты танкіст пачынае мяне здзіўляць. Я даўно не чуў такіх выказванняў. Проста дзіка чуць такое ад франтавіка ў наш час.
Гарбацюк залпам выпівае піва і нахіляецца да мяне.