Гарбацюк устае і, адхінуўшы гардзіну, рашуча расчыняе акно. У залу шырока хлынае паток начной прахалоды. Праз хвіліну робіцца ўжо даволі сцюдзёнавата, і ён надзявае цёмны ў дробную клетачку пінжак з акулярамі і дзвюма аўтаручкамі ў нагруднай кішэньцы. Выгляд яго замкнёны, аднак у думках, мабыць, таксама, як і ў мяне, працягваецца не дужа прыемная размова.
— Не, ты памыляешся, дарагі. Гэта цяпер развялі дэмакратыю. Гатовы ўсіх свалачэй рэабілітаваць. Прэзумпцыя невіноўнасці! Доказы! Балбатня гэта, скажу табе. Калі што, ён усё так перакруціць, што хоць ты яго ўзнагароджвай. Тут трэба пачуццё мець. Нюх. Праўда, у мяне вока было намётана. Я, бывала, на такога зірну — і наскрозь бачу. Доказы дзесятае дзела. Доказ, калі трэба, на кожнага можна сабраць. Вось так!
Ад суседняга стала ўстае той плячысты, у шэрай куртцы бландзін.
— Акно можна закрыць? Дзяўчаты просяць. Гарбацюк незадаволена павяртаецца і няўцямна глядзіць на хлопца. Той шырокім жэстам захлопвае фрамугу.
— Ану, адчыніце! — змрочна загадвае Гарбацюк і ўскоквае. Бландзін ужо ступае да свайго стала, а Гарбацюк шырока расчыняе акно. — Не вы адчынялі, без вас і зачыняць…
На твары бландзіна кароткая разгубленасць. У шэрых ажыўленых яго вачах пыхае востры агеньчык.
— Дзяўчаты замерзлі! Вы панімаеце?
— Замерзлі — хай дома сядзяць. У рэстаран, як і ў манастыр, са сваім уставам не ходзяць.
— Ну, знаеце!..
Зрабіўшы амаль фехтавальны выпад, хлопец з трэскам захлопвае акно. Гарбацюк з трэскам яго расчыняе. Моладзь за сталом павяртаецца ў іх бок.
– Ігар, хопіць! Нам ужо не холадна.
– Ігар, Ігар! Пакінь яго. Мы зараз пойдзем! — прыўстаўшы, кліча сябра Эрна.
Ігар праз зубы кідае штось абразлівае і вяртаецца за свій стол. Гарбацюк, задышліва сапучы, сядае на сваё месца. Хапаецца за сігарэты. Рукі яго дрыжаць.
— Бачыў! — ківае ён мне. — Бачыў, што робіцца? Блазнюк, малако на губах не абсохла, а глядзі ты! Нахабства колькі!
Ён прыкурвае, кідае на падлогу запалку, на стол — карабок.
— Распусціліся, разумнікі… Як тыя, у вайну. Старэйшы каторы маўчыць ды вініцца. А трапіцца лейтэнант, толькі з вучылішча, на губе пушок, а ўжо філасофію разводзіць. Як жа — дзесяцігодку скончыў! То зброя яму не тая. То загад няправільны. Нахабнікі!..
Я пазіраю на яго прыкметна пакамечаны жыццём твар, маршчыністую кароткую шыю. У глыбока схаваных пад бровамі вачах злосць і яшчэ нешта не то боязнае, не то нахабнаватае. Адбітак нейкай стоенай думкі блукае ў іх глыбіні. Я не хачу думаць пра гэтага чалавека кепска. Але я не бачу ў ім і таго, што мне хочацца бачыць — ні ценю шкадавання, добрасці, адбітка перадуманага і перажытага. Перада мной з выглядам несправядліва пакрыўджанага сядзіць раззлаваны мужчына, які заўпарціўся і не мае намеру ні ў чым адступаць. I ад гэтай ягонай упартасці ў мяне паціху накіпае шаленства. З намаганнем я змагаюся з сабой. Трэба быць спакойным. Маёй зброяй цяпер павінна быць толькі логіка. Яна мне паслужыць верна, бо я — правы.
— Скажыце, Гарбацюк! А вы забілі на вайне хоць аднаго фашыста? — пытаюся я спакойна, наколькі гэта мне ўдаецца.
— Я? А навошта? Навошта мне было іх забіваць? Гэта не мая справа. У дваццатае стагоддзе — поўнае раздзяленне працы. У тым ліку і на вайне. Каму бегчы ў атаку, каму страляць з гарматы. Каму лятаць у небе. А другі ўсю вайну прасядзеў за сталамі ў штабах або варыў сталь. У кожнага свая справа.
— Вашай было — судзіць?
— Ну і што ж? Судзіў.
— Няшчасных за палон? Камандзіраў — за няўзяцце вышынь і вёсак? Лейтэнантаў за размовы? За выдуманы кантакт з ворагам? За начлег у адной вёсцы?
Я амаль крычу. Нешта ў маіх паводзінах своевольна вырываецца з-пад кантролю. Ён хмурыцца, ёрзае на стуле і крывіць у фымасе вусны.
— Здаралася. Каралі і за гэта.
— I цяпер вы не раскайваецеся?
Ён ускідвае голаў. У вачах яго застарэлая крыўда і нянавісць.
— У чым?
Ужо мы абодва крычым. За суседнім доўгім сталом паварочваюцца ў наш бок. У другім радзе азіраюцца афіцэры. Я ўскокваю з-за стала. У грудзях знаёмая пустата і слабасць. Зала хістаецца. Я хапаюся за грудзі і, зачапіўшы стул, таропка сігаю на выхад.
Ля швейцара апранаюцца двое маладых. Ён ашчадна ахінае яе плечы плашчом. Яна ўсміхаецца ў трумо, і я падаю побач на стул. Падлога плыве ўбок, сцены хістаюцца. Сэрца рэдкімі, моцнымі ўдарамі б’е ў грудзі. Двое пакідаюць рэстаран.
Стары швейцар аблакочваецца на стойку і з пагардлівым асуджэннем глядзіць на мяне. Я разумею яго маўклівы дакор і думаю, як недарэчна ўсё гэта! Не хапае хіба трахнуцца аб падлогу і апынуцца ў бальніцы. Вядома, скажуць — ад перапою…
— У вас выпадкам валідолу няма? Швейцар, перш чым адказаць, уздыхае.
— А навошта ён тут будзе? Рэстаран — не бальніца, — бурчыць ён. — Можна піць, але трэба знаць меру.
— Не ў пітве справа, ацец. Тут… панерваваўся…
— Дужа нервовыя сталі, — недаверліва бурчыць стары і тупае ў кут. Наўрад ці ён верыць мне, але ўсё ж неўзабаве вяртаецца да стойкі з нейкай паперкай. Нетаропка разгортвае яе і пракуранымі да рудога пальцамі дастае беленькі круглячок-таблетку.
— Што гэта?
— А ты глыні. Паможа, калі што…