Вікторчык стаяў у здранцьвеньні, вочы ягоныя прасілі літасьці, але пальцы ўжо запрацавалі: цыганка з кар-тамі-і-і...
— А казаў не магёш,— працягнуў Грысь.— Гаварыў інструмэнт... Дарога дальняя... Ну давай, давай...
Грысь вельмі спрытна разьмінуўся з Марыяй Пятроўнай, заграбаючай паветра лапатападобнымі далонямі, падыйшоў да мікрафону й захрыпеў:
— Казённы дом...
Да Вікторчыка далучыўся, адбіваючы просты — прасьцей няма куды — рытм, Ягор. Ня гледзячы на бубнача, Грысь падняў вялікі палец, і раптам заспяваў прыгожа й глыбока, нагнятаючы тугу, якая чакала за сьценамі клюбу й цяпер уварвалася ў залю, несучы прыемнае ачмурэньне. Захацелася быць шырокім, як кашуля, разарваная на грудзёх. Пілікнуў, падладжваючыся, гармонік, і затым разыйшоўся — надрыўна, прасторна. Марыя Пятроўна загрукала нагой, Жэня й Дзіна сьпявалі, як перад расстрэлам. „Па новай ждёт,”— вымавілі вусны Элы Сямёнаўны, і ёй закарцела дакрануцца да чорных вусоў Грыся — зараз жа, грудзьмі, шыяй, жыватом, шчакамі. Мікола спачатку граў неахвотна, але цяпер ягоны гармонік выдаваў пад падаючую ў залю песьню гэткія мудрагелістыя варыяцыі, што аж задыміўся... не, гэта запаліла першую ў жыцьці цыгарэту дзяўчынка, якая выконвала на цымбалах дзяржаўны гімн, і прысланілася да пляча падобнага на чорціка хлопчыка. Засьпявалі карцёжнікі, зьмяшаліся з грашыма законы й шасьцёркі. Кірыла Добрык падыйшоў да Ніны Саламонаўны й лёгка ўсадзіў ёй у жывот нож. Тая з удзячнай усмешкай села ў другім радзе, восьмае мейсца зьлева. Школьнікі пацягнуліся да дзьвярэй. Над заляй, выглядаючы здабычу, лунаў бусел.
БЕЛАРУСЫ НА КРЫШТАЛЬНЫХ ШАРАХ
1.
Малады Ўладар падкраўся да Барліса ззаду, асцярожна ўзьняў лазэрны меч, і раптам зьверху на іх абрынуліся цітры. Пайшла рэкляма, загарэлыя твары ўсміхаліся, рытмічна рухаліся сківіцы. Хлопчык, не адводзячы ад экрану вачэй, правёў рукой па падлозе, намацаў сваю шкарпэтку, потым пісталет і падушку. Давялося агледзецца вакол. Пульт ляжаў ля самай нагі — ня дзіва, што ён яго не знайшоў.
Хлопчык сядзеў у пустой кватэры, на дыване, прысланіўшыся спінаю да канапы. Дзьверы на балькон былі адчыненыя, варушыліся фіранкі, ля самых прутоў бальконных кратаў гайдалася гальлё ў хрусткіх абгортках. За бэтоннай агароджаю на тым баку вуліцы чулася песьня, там месьцілася вайсковая частка. Хлопчык звыкся з тым, што песьня заўжды пачынае гучаць незадоўга да заканчэньня чарговае сэрыі. Гэтак выйшла й на гэты раз. Аднастайна шаргатала гальлё, унізе, у двары, кагосьці абстрэльвалі каштанамі. У хлопчыка каштанаў было трыццаць сем, некаторыя былі схаваныя ў пісьмовым стале, некаторыя — у заплечніку, быў яшчэ некрануты запас у каробцы пад ложкам. Галоўныя каштаны ляжалі ў нагавіцах. Каштаны былі каштоўнымі прадметамі — іх можна было перабіраць, засунуўшы руку ў кішэню. Каштаны трэба берагчы — узімку іх ня знойдзеш.
Лета, вядома, было цудоўным вынаходніцтвам чалавецтва, але быў у яго і адзін мінус. Улетку не было сьвятаў. Для дарослых яны, натуральна, былі — выходныя напачатку ліпеня, калі бацька не хадзіў на працу нават у панядзелак, і маці тырчэла тры дні запар дома. Але ў хлопчыка ж і так былі вакацыі. Да таго ж у гэтыя летнія як быццам сьвяты ніхто не дарыў яму падарункаў. Тое лета, якое нядаўна мінула, навогул было нібы сон, кароткі, зімовы. Сон, кропку ў якім ставіць будзільнік, і ты зьдзіўляешся — пашкадуйце, я ж вочы заплюшчыў хвіліну таму. Іншая справа зіма і вясна. Новы год, стары Новы год, восьмага сакавіка, потым дзень народзінаў, два вялікадні, вельмі зручна, бо адна бабуля праваслаўная, другая — польскай веры, дзяды ўсякія, затым — заканчэньне школы, на якое хлопчык заўсёды што-небудзь атрымліваў. Сёлета, напрыклад, свайго Кашкіна, зусім новага. У бацькоў Кашкін быў ужо стары, паношаны, крычаў надта гучна і ўвесь чамусьці жаўцеў. А лета хлопчыку не спадабалася, і ён нават быў задаволены, што зноў пайшоў у школу. Яна нагадвала яму фае перад уваходам у залю сьвятаў.
Хлопчык пераключыў тэлевізар на другі канал. Там панылыя чорна-белыя людзі катавалі скрыпкі. Ён пасьпешліва націснуў кнопку яшчэ раз. Тут якраз скончылася перадача пра нейкія дыетычныя хлябцы, і зноў пайшла рэкляма, але ўжо не расейская, а свая. На экране зьявіўся чалавек, на выгляд — сапраўдны забойца, зь вялізным аранжавым гальштукам у сініх зорках.
— Увага! Увага! Увага! — Дзяржаўны цырк адкрывае свой чарговы, трыццаць восьмы сэзон!— закрычаў чалавек, махаючы палачкай, з-пад якой выскоквалі, адзін за другім, трус, мартышка, галава клоўна, ахапак зьнічак, малюсенькі жанглёр у цыліндры.— Мы пачынаем яго з самага захапляльнага, самага прыгожага прадстаўленьня,— чалавек загаварыў цішэй, голас ягоны стаў хітрым і саладжавым.— Калі ты напраўду любіш цырк, гэтае прадстаўленне — для цябе. Гэткага ты яшчэ ня бачыў...
Чалавек пагладзіў хлопчыка па галаве, дакрануўся палачкай ягонага вуха, нахіліўся, абдаўшы пахам мокрай замшы.