— ... і наўрад ці ўбачыш калі-небудзь яшчэ! Толькі ў верасьні — унікальная праграма... Беларусы на крыштальных шарах!— нечакана залямантаваў чалавек і зьнік.
Бліскучыя кропкі, якія ўвесь час міргалі на экране, ператварыліся ў сляпучае зьзяньне. Яно імкліва набліжалася да хопчыка. Тысячы пераліўчатых трохкутнікаў, падмінаючы пад сябе чорную дугу залі, сталіся раптам агромністымі коламі, што быццам маятнікі загайдаліся пад купалам. Пранізьліва-белы прамень вырас зь цемры, ударыў у гэтыя колы, зьліўся зь імі. Звыкнуўшыся з асьвятленьнем, якое пастаянна зьмянялася, хлопчык заўважыў нарэшце постаці людзей над гэтымі коламі. Апранутыя ў дзіўныя, зеленаватыя, струмяністыя строі, людзі брылі па пякучым паветры, па шчыкалатку ўтапаючы ў сьвятле. Гэта было так прыгожа, што ў хлопчыка забалелі вочы. Беларусы на крыштальных шарах.
2.
Цудоўнае цыркавое прадстаўленне да вечара не выходзіла ў хлопчыка з галавы. Прыйшлі бацькі, маці сыйшла на кухню, зачыніўшы за сабой дзьверы, бацька, расціраючы ногі, сеў ля тэлевізара. Хлопчык доўга выбіраў, да каго пайсьці са сваёй просьбай, і адправіўся ў рэшце рэшт на кухню. „Ты ж ведаеш,”— сказала маці, шмыгаючы носам і аціраючы крысом халату слёзы, да якіх яе давяла цыбуля. „Такія пытаньні трэба вырашаць з бацькам.” Хлопчык схапіў са стала апякаючы рукі дранік і рушыў у залю.
— Цырк — гэта добра,— сказаў бацька, пагладжваючы жывот.— Сланы, удавы! Толькі клоўнаў не люблю. Вось у наш час былі клоўны! Як цяпер памятаю — Пончык і Чэмберлен.
Хлопчык распавёў бацьку, што справа зусім не ў сланах або клоўнах. Ён паспрабаваў патлумачыць, як гэта прыгожа — беларусы на крыштальных шарах, але заблытаўся й неўзабаве заўважыў: бацька толькі ўдае, што слухае, а насамрэч глядзіць сэрыял пра міліцыю. Хлопчык і сам любіў гэты сэрыял, любіў уладкавацца на канапе, пагладжваць жывот, як бацька, і з захапленьнем назіраць, як вясёлыя сябры забіваюць злых бізнэсмэнаў. Ён любіў гэты сэрыял да сёньняшняга дня, калі зразумеў — прыгоды міліцыянтаў — казка для немаўлятаў у параўнанні зь Беларусамі на крыштальных шарах.
На шчасьце, надыйшла рэклямная паўза, і першы ж яе ролік абвясьціў пра цудоўную цыркавую праграму. „Глядзі, глядзі, во пра што я казаў!”— узрушана прамовіў хлопчык. Бацька зь неахвотаю пачаў услухвацца. Ролік скончыўся. Хлопчык, поўны надзеі, вачыма ўпіўся ў твар бацькі: „Ну што, спадабалася? Я ж табе казаў? Пойдзем?”
Бацька раптам стаў вельмі сур'ёзны. Ён пасадзіў хлопчыка сабе на калені, і той уцяміў, што зараз адбудзецца нешта надзвычай важнае. „Паслухай,”— сказаў бацька нерашуча, а потым уважліва паглядзеў кудысьці праз хлопчыка.— „Ты ўжо дарослы, а хутка будзеш зусім мужчынам, у цябе зьявіцца свая сям'я, і ты будзеш распараджацца грашыма... сямейным бюджэтам. Ты бачыў лічбы ў самым куце экрану? Гэткія маленькія лічбы? Гэтыя лічбы — кошт квіткоў. Разумееш, гэта надзвычай дорага. Мы ж падарылі табе Кашкіна, а ці ведаеш ты, што твой тата працаваў паўгады, каб набыць яго?”
Ад гэтых словаў патыхнула чымсьці надта дарослым, кшталту бабуліных лекаў. Хлопчык сам не заўважыў, як у вачох ягоных выступілі сьлёзы. Ён кінуўся ў свой пакой, зачыніў дзьверы, упаў на ложак і даў сьлязам волю. Потым ён доўга, да крыві малаціў свайго Кашкіна.
3.
Аднак на наступную раніцу, калі хлопчык выйшаў са свайго пакою, каб памыцца й пасьнедаць перад школай, бацька, які нацягваў куртку ля дзьвярэй, спыніў яго, узяў за плечы і ўрачыста прамовіў: „Ты ведаеш, мы тут з мамай падумалі...”
Далей можна было не казаць. Хлопчык заскакаў па вітальні, засьпяваў песьню з мульціка пра Барлісаў і Форана, і маці ўсьміхнулася, гледзячы, як падскоквае ў ягоных майтках ужо зусім сфармаваны стручок. У школе хлопчык здолеў ухапіць адразу дзьве адзнакі ў Аляізы Цішкаўны — пяць за адказ у дошкі і два — за паводзіны, а плюс да ўсяго — чатыры ў Бісэктрысы Катэтаўны і яшчэ пяцёрку ў Магнія Формальдэгідавіча. Дахаты ён ішоў, роўна трымаючы сьпіну, і нават прыбраў у сваім пакоі — прапыласосіў дыван і выкінуў каштаны.
4.
У нядзелю ўся сям'я паднялася рана, не было яшчэ дзевяці, калі мама, у станіку і трыко, выдастала з шафы прыгожую чырвона-зялёную сукенку, а бацька расклаў на канапе свой пацёрты, але яшчэ цалкам прыстойны касьцюм, і пачаў заклапочана яго разглядваць. Дзень мінуў у пакутлівым чакальні. А пятай гадзіне яны, бліскучыя і напружаныя, выйшлі з дому. Зрэшты, хлопчыку давялося вярнуцца, бо мама забыла, ці выключыла яна прас. Прас яна, натуральна, выключыла, але хлопчык, выходзячы з кватэры, прышчаміў сабе дзьвярмі палец. На дзіва, ён нават не адчуў болю, настолькі перабівала ўсе пачуцці зьзяньне хуткага прадстаўленьня.