Музыка абарвалася, беларусы замерлі й вельмі лёгка, як пухіры, апусьціліся на арэну. Запалілі сьвятло, выйшаў дзядзька ў чорным і павёў беларусаў за кулісы, груба торгаючы за павадкі. Заля выбухнула аплядысмэнтамі. Кагосьці апырсквалі джын-тонікам, вяртаючы ў прытомнасць. Хлопчык, карыстаючыся тым, што маці й бацька ўсё яшчэ глядзелі ўніз, ціхенька споўз са свайго крэсла й пабег — паміж ног-ног-ног — туды, дзе яшчэ калыхалася заслона. Ён па-майстэрску праскочыў міма чалавека ў аранжавым гальштуку й хутка дагнаў дзядзьку ў чорным, які вёў беларусаў да клетак. Беларусы былі ўсе мокрыя й зблізку не такія прыгожыя, але нічога, такая ў іх праца. Хлопчык падыйшоў да іх. „Можна пагладзіць?”— запытаў ён, дрыжучы ад нецярпення. „Ты як сюды прапоўз?”— вохнуў дзядзька. Але насамрэч ён быў добрым і чулым чалавекам, які любіў ня толькі жывёлаў, але й дзяцей. Хлопчыку нават дазволілі пакарміць беларусаў праз клетку.
ПАЎЗІ!
Піць. Я, відаць, ад гэтага й прачнуўся. Быццам зробленыя з нагрэтага сонцам каменьня, у роце пусціліся зубы, шчокі, нёба — язык тыкаўся ў іх і, здавалася, нават грукаў пры гэтым. Я паспрабаваў аблізаць вусны, але толькі перапэцкаў іх кіслай, цягучай сьлінай. Я ляжаў на падлозе, зусім голы, мокры жывот часаўся, рукі падрыгвалі; я бачыў край прасціны, які зьвісаў з ложку, Эвэрэст пісьмовага стала й фіялетавае неба ў вакне. Апрача ложку, стала й крэсла, у пакоі нічога не было, але цяпер, глыбокай ноччу, я выразна бачыў сябе заціснутым нейкай груваздкай стогадовай мэбляй, якая згуртавалася вакол і разглядвала мяне ўважлівымі крышталёвымі вачыма.
Я прыўзьняў галаву, каб падняцца,— і тут жа карцінку навакольнага сьвету — сапраўдную, не падфарбаваную літрам замбінчыку — нібыта нехта ўзяў аберуч і пераставіў падалей убок. Мяне павяло за ёю, і на імгненьне я страціў сябе ў гэтым дзіўным пакоі, спалохана замерла сэрца — і знутры спакутаванага страўніка, па даўно чаканым сігнале, вырваліся цёплыя струмяні, ляпнуліся на сцёгны, апілоўваючы хутка ногі агідным абручам. Галава зноў упала на падлогу. Цяпер і яна часалася, але руку ўзьняць... Гэта вышэй за мяне... я ня здолею. Трэба дайсьці да кухні. Там ёсьць вада з крану. А вось калі б кампот. Халодны кампот. Кампот. Ня вельмі густы, прахалодны, няхай нават зь ягадамі, націск якіх стрымлівае верхняя губа, драўляная губа, калі сквапны кубачак поіць цябе. Кампот колеру добрай губной памады. Кампот колеру крыві. Досыць салодкі. Цэлы трохлітровы слоік. Адразу тры літры, нагбом, нібы кілішак, выпіць,— заштурхаць у сябе, ужывіць. Таропка пагнуць бліскучую накрыўку, кавалачкі шкла падаюць на дно, і іх нават можна праглынуць. І можна ня з кубку, можна проста са слоіку, які вось-вось высьлізьне з рук. Або астылая гарбата. Чорная, якая розьніцца ад кавы толькі тым адмысловым мігценьнем, якое йдзе з глыбіні, ды плеўкаю, якая цісьнецца да краёў, застаючыся на іх, пакуль халодная гарбата ператварае скрылік жабяціны на зубах у ружовы язык. Гарбата, якая зьдзірае негабляваную дошку, прыбітую да нёба. Гарбата. Кола. Кола! Літровая бутэлька, запацелая, з прызавымі кропелькамі, яна толькі што зь лядоўні, яна чыхае, калі яе адкаркуеш. Калючая зброя супраць абязводжаных арганізмаў. Хаця б вада з варэннем. Цукар, ягады й хлёр у белай пене. Таксама лек. Як жа ўсё-ткі сушыць! Проста вада з-пад крану. Халодная, шэрая, якая пахне басэйнам. Яна адна на кухні і ёсьць. Ды хоць з унітазнага бачка. Яна, па сутнасьці, гэткая ж, як і з-пад крану. Галоўнае — папіць.
Першай напала прасьціна. Мокрая, можа, пот, а магчыма, і абмачыўся ў ва сьне, са мной і такое здараецца. Чатыры канцы, на твар, мокрая пляма на вачох, яна запаўзае ў рот, заціскае нос. Усё-пераможная цемра. Я спрабую вырвацца, але прасьціна заблытвае мяне яшчэ мацней. Няма моцы вырвацца, а самае дзіўнае — няма жаданьня. Ледзь-ледзь вызваліўся ад прыступу гэтай садысцкай любові — проста парваў прасьціну, намацаўшы пацёртае мейсца ў самай сярэдзіне. Я цьвёрда вырашыў дабрацца да кухні. Мне гэтак пагана.
Разьюшана молячыся на абраз халоднага кампоту, я ўсё ж падымаюся. Адразу ж хапаюся за сьпінку крэсла, і тое помсьціць мне — наступае на пальцы правай нагі сваёй вострай мыліцай і яшчэ націскае потым. Страшэнны, жудасны боль кідае мяне ў кут. Крэсла грукоча, у суседнім пакоі нехта варочаецца. Пальцы на назе баляць невыносна. Узьняўшы нагу, я гляджу на яе, з вачэй маіх выкатваюцца сьлёзы — імі, відаць, можна пахмяліцца. Магчыма, адзін з пальцаў раздроблены. Цалкам магчыма.