Кот перастае крычаць і мякка ўскоквае да мяне на калені. І паступова ўвесь боль майго беднага, беднага, гэткага беднага цела сыходзіць кудысьці. Становіцца добра й сьветла, хочацца адплявацца й зубы пачысціць... І, відаць, у душ. Не, падымацца яшчэ зарана, але я папраўляюся. Кот сядзіць у мяне на каленях, погляд ягоны сур'ёзны, нібы ён заняты надзвычай важнай справаю. Поўсьць яго грэе мае зусім замерзлыя ногі. Кот маўчыць, толькі зрэдку мружыцца, пазіраючы на мой жывот у корцы засохлай гідоты. Коцік... Каты забіраюць у людзей боль... Калі нам балюча, да нас прыходзяць каты й праганяюць яго... а можа, прымаюць у сябе. А мы... мы нават не цікавімся, што адбываецца ў катох далей, куды яны дзяюць гэты боль,— магчыма, адчуваюць замест нас. О, мой гаючы, чароўны кот! Калі ў мяне забаліць душа, дазволь мне прыкласці цябе да яе.
УСЁ, ШТО АД НАС ЗАСТАЛОСЯ
Кабінэт зьзяў адмысловай, стэрыльнай белатою. Толькі зрэдку па ўзбоччы шафаў, па роўнядзі апарату УЗІ, па гладкай — ні складкі — прасьціне на пустой кушэтцы, па акругленых кутох скрыні для інструмэнтаў, па бляску ўмывальніку, які густа мазаў вочы, праслізгвалі зігзагі ценяў. У вакно біла зімовае сонца.
— Апранайцеся,— прагудзеў доктар Жаўткоў у бараду. Барада ў яго была кучаравая й шырокая, ахоплівала шыю, як вялікае жабо. Ён зьняў пальчаткі й пайшоў мыць рукі.
Тая з палёгкаю пакінула гэтае жахлівае груваздкае прыстасаванне, якое нагадвала прыладу для катаваньня ведзьмаў. Адчула радасьць уласнай крыві, што адразу напоўніла цяплом і ўтульнасьцю яе замерзлыя, худыя, як у падлетка, ікры, прытопнула нават, вельмі непасрэдна, гарэзьлівай, загарэлай нагою — так, што доктар Жаўткоў павярнуўся да яе і ўсьміхнуўся ў бараду. Паправіла валасы, падстрыжаныя па модзе дваццатых, павяла зацёклымі плячыма, прыўзьняла швэдар, адкрыўшы кранальны, паголены лабок. Жаўткоў адвярнуўся й намыліў вялікія, валасатыя рукі.
— Так, эрозія ўсё-ткі ёсьць,— сказаў ён, хінуўшы галавою мэдсястры Але.— Але гэта нічога. Прыйдзеце да мяне ў ваўторак. Час — як вам будзе зручней. Усяго найлепшага, Тая.
Жаўткоў выйшаў у суседні кабінэт, асцярожна прычыніўшы за сабой дзьверы — ён заўсёды быццам бы баяўся зламаць што-небудзь, і таму рабіў уражаньне нязьменна зьбянтэжанага чалавека.
Тая пацягнулася ўсім целам, весела агледзелася вакол. Сьвет быў чароўны ў сваёй бесклапотнасьці, сьвет падпарадкоўваўся ёй, як закаханы ў шэфіню малады падначалены. Учора яна хацела сьнегу, і сьнег пайшоў, прычым, некалькі разоў за дзень відазьмяніўшыся, прыняў увечары тую форму, якой яна ад яго чакала — пухнатага, ціхмянага, перадкаляднага. Сёньня ёй з ранку хацелася сонца, і сонца зіхцела зараз у прастадушна-зьдзіўленых ад дасканаласці навакольля таіных аксамітна-зялёных зрэнках, і ўсё было такім белым, хоць акуляры цёмныя начапі — тыя, што Юра набыў ёй гэтым летам у Гішпаніі. Яна пагладзіла жывот. Як усё добра! І кашаль зусім зьнік, доктар Жаўткоў пастараўся, яшчэ некалькі працэдураў, і яна будзе спакойна спаць уначы, безумоўна, калі засьне раней за Юру.
— Я пачуваюся маленькім парнакапытным, якое выпусцілі пабегаць на лугавінку,— сказала яна мэдсястры Але, адзначыўшы з задавальненьнем, што прамаўляе поўную лухту, што не адпавядае зараз вобразу жонкі дзелавога, сур'ёзнага чалавека. Яна ўцягнула жывот, і той адказаў ёй добрай усмешкай.— Маленькай істотай на яшчэ не акрэплых ножках, якая бегае па вельмі-вельмі зялёнай траве.
Яе любілі ўсе — хмуры ад нараджэньня муж, бацькі мужа, якія мелі краму ля мэтро „Цэнтральная”, любілі сустрэчныя на вуліцах, якія, убачыўшы Таю за вакном „Вольва”, разумелі, што адзіны талент, якога ім не хапае — гэта талент радавацца Жыцьцю. Любілі, натуральна, яе ўласныя бацькі, якім яна набыла нядаўна новы, пляскаты, як карціна ў рамцы, тэлевізар, што вельмі ўдала ўладкаваўся між дарэвалюцыйнай працы шафаю і пісьмовым сталом. Любілі сябры Юры, мілыя, выхаваныя людзі, абазнаныя ў піве й паляваньні. Любілі люстэркі й люстры, якія яшчэ ніколі не давалі ёй нагоды сумнявацца ва ўласнай дасканаласьці. Любілі акварыюмныя рыбкі й камары, любілі сабакі (нават Фэлікс ніводнага разу ня ўбачыў у ёй чужую). Любілі кветкі, грошы, любілі натуральныя сокі, зіма, восень, вясна, лета. Любіў доктар Жаўткоў, які спытаў яе пры першай сустрэчы, якую клясу яна скончыла, а потым доўга ня мог нацягнуць пальчаткі. Любіла сакратарка Жана, якая сядзела за дзьвярыма ў прыёмным пакоі, любіў ахоўнік, які сёньня, як ёй падалося, глядзеў на яе зь яшчэ большай цікаўнасцю. Прыгожы, дарэчы, хлопчык. Любіла й мэдсястра Ала, яна цяпер пісала нешта, раз-пораз пазіраючы на Таю зь вясёлым недаўменьнем: ну адкуль узялася гэткая „прэлесьць”?