— Майткі якія? Кажы, сука!
— Сінія ёсьць... з рыбамі... сямейнікі такія... Кітай яшчэ... там драконы сьпераду.
— Я ж заб'ю цябе,— як злы гном, Тая прабегла да століку ля сьцяны, схапіла мэдыцынскія нажніцы. „Яна зараз як афігелая бабулька,”— адзначыла пра сябе Ала, здымаючы футра — папсуе яшчэ, і павольна рушачы да кабінэту Жаўткова.— Я ж заб'ю цябе,— ціха паўтарыла Тая, падыходзячы да Жаны зусім блізка. Жана, вышэйшая за Таю на дзьве галавы, плакала, але ня рухалася зь мейсца. „Ратаваць,”— вырашыла Ала й крыкнула: „Я ж зь ім сплю таксама!” Тая азірнулася на яе, потым кінулася да шафы, дастала пад дружны звон падаючых флякончыкаў нейкую бутэлечку й вельмі трапна запусціла Але ў твар. Пакуль Ала, пратрубіўшы нешта нецэнзурнае, вызвалялася ад рэшткаў футра, Тая ткнула Жану нажніцамі ў жывот. Але ўдар быў слабы, лязо застрала ў Жанінай кофце, Жана адплюшчыла вочы й схавала галаву ў плечы. Тая сядзела на падлозе, уся ў ваконным яркім сьвятле, якое распадалася на геніяльна выяўленыя, зручныя для лоўлі маленькія вясёлкі. „Сукі, блядзі, посьцілкі, курвы... Я ж усё Юры распавяду, я Андатраву скажу, у яго пісталет,”— мармытала Тая, размазваючы па твары соплі.
— Ну-ну,— сказала Ала прымірэнчым голасам і падняла з падлогі бутэльку.— Адкуль жа мы ведалі...
— Гэта жыцьцё, Тая, зразумей,— сказала Жана.— Мы ж цябе ўсе любім. Ну падзялілі твайго мужыка, так ужо атрымалася. Цікава атрымалася. Ты ж сама баба, зразумей нас.
— А зь Юрачкам разьвесьціся трэба,— пагладзіла Ала Таю па валасах.— Дзяцей няма, нічога не трымае.
Яна прысела побач з Таяй на кукішкі, абняла.
— Не, я падумала, гэта ж трэба — усё складваецца... Усе яны кабялюгі, ёбары даўбаныя.
— Каб я... каб я паміж вамі яго падзяліла...— Тая была падобная на варанага пяцісотгадовага карузьліка.
— Гісторыя, вядома,— проста кіно здымай,— пагадзілася Ала.— Але сама падумай. Яму адно трэба — блядаваць. А ты, дзяўчо, памылілася адрэсаю. У свае дзьверы грукаць трэ было, а ня лезьці да бараноў гэтых.
— Вы, вы ва ўсім вінаватыя...— усхліпнула Тая.
— Таечка, не для цябе ён,— падсела да іх Жана.— Ня трэба ты яму.
— Я пра вас забыць хачу! Курвы!— зноў заравела Тая.— Вы ва ўсім вінаватыя.
Ала й Жана саркастычна пасьміхнуліся адна адной.
— Мы, мы вінаватыя,— сказала Ала, усаджваючы паслухмяную Таю на крэсла. Жана кінулася дапамагаць ёй апранаць спадніцу.— Мы,— паўтарыла Ала, дастаючы са стала „Клоназэпам”.— Толькі супакойся. У таксі паплачаш.
— Я яго заб'ю,— прашаптала Тая.— Атручу... яйкі адрэжу... Ён жа й вас... гэтак прынізіў...
— Ты ж сама разумееш, што не заб'еш і не адрэжаш,— прыкрыўшы далоняй вочы, сказала Ала. Спадніца на Таю ўрэшце была апранутая. Жана глядзела на сябе ў люстэрка і адначасова мацала жывот.— Развадзіся.
— Што ж мне рабіць?— прамовіла Тая празь сьлёзы. Дзьверы ў суседні кабінэт расчыніліся, і адтуль паказалася паў-Жаўткова.
— Што за крыкі?— рыкнуў ён, але, убачыўшы Таю, палагаднеў.— Што здарылася? Па тэлефоне размаўляю, чую — крычаць.
— Палец дзьвярыма прышчаміла,— хутка сказала Ала й кінулася да дрыжачага таінага мезенца.— Усё, зараз усё будзе добра.
— А,— сказаў Жаўткоў і ператварыўся ў гладкія белыя дзьверы.
Тая, усё яшчэ румзаючы, накінула паліто, выйшла і тут жа вярнулася.
— Я прыдумала,— Тая ўсьміхнулася, мінулая Тая заплакала зноў, але шанцаў на перамогу ў яе ўжо не было.— Прыдумала. Дасканалая помста. Прыгожая, элегантная. Вы таксама ў гэтым возьмеце ўдзел.
Ала й Жана разам уздыхнулі.
— Мы напішам кнігу. Патаемна. Я буду пісаць, пакуль ён на працы. Кожная з вас апіша Ю... не магу яго так называць... Ю-юру такім, якім ён быў з намі...
Павярнуўшыся да вакна, Ала ўсьміхнулася. Быў. Каму быў, а каму... Выперці б яе хутчэй, дурніцу.
—... усё: інтым, быт, звычкі. Нічога не хаваючы. І пра тое, што на майтках вечна плямы брунатныя... І галоўнае — назваць яго сапраўдным імем... І прозьвішчам... Усю праўду. Атрымаецца Юра як бы праз тры мікраскопы, у трох ракурсах. Мы зь яго труса пад досьледам зробім. Кшталту за шклом. Пра яго кожны даведаецца. А потым я зь ім разьвядуся.
Па яе твары беглі сьлёзы, на якія Тая ўжо не зьвяртала ўвагі. Інтрыга — супэр.
— Я за свае грошы знайду выдавецтва, дый любое прыватнае за такія страсьці ўхопіцца.
Жана закаціла вочы. Ну й дзіцё. Грошы няма куды дзяваць.
— І вось выходзіць гэткі бэстсэлер... пад назваю... ну, назву потым прыдумаем. Ну як?
Гордая сваім плянам, Тая нават адчула задавальненьне ад таго, у які складаны, пранізьлівы пераплёт яна трапіла. І астроляг яе, гэты Кропышаў, казаў: „У пятніцу жыцьцё можа крута зьмяніцца.” Вось і ня вер пасьля ўсяго гэтага зоркам.
— Пісаць пачынаем сёньня ж,— скончыла Тая й тут жа дастала з паліто тэлефон. Бліснуўшы вачыма, яна набрала нумар. У прыёмным пакоі чуўся нечы абураны голас.
— Юра? Гэта я. Не, усё нармалёва. Дома распавяду. Не, сама. Ну, выязджаю. Чакай.
Яна пацалавала слухаўку, паказаўшы роўныя, белыя, у вясельнай кужэлі сыпны зубы й выйшла.
— Не, менш за сотку за гэтае шоў я з Жаўткова не вазьму,— уздыхнула з палёгкаю Ала.