Вось ён, пакойчык для дзяжурнай брыгады маляроў у цэху рамонту будынкаў і збудаваньняў. Каля сваёй шафкі, унутры якой хаваюць жыцьцявызначальныя бацькоўскія ўсьмешкі два дзядулі — савецкі й нямецкі, сядзіць, начэсваючы фатаграфічную сівізну, Дзеленстап Каўкомавіч Зараян, прыглушана псуе паветра й вядзе свой звычны аповед. Колькі навічкоў брыгады слухала за апошнюю трэць стагодзьдзя сямейную сагу Зараянаў! Сотні, калі ня тысячы. Большасць зь іх даўно на кіраўнічых пасадах, у ЦКіУ, АГТ, а хто нават у АІД або ў РАЙ, а на дзявятай вуліцы прадпрыемства, у аднапавярховым, але шматмэтравым будынку цэху рамонту будынкаў і збудаваньняў, ля сваёй падобнай на дзіцячую дамавінку многаразовага карыстання шафкі сядзіць на свежым нумары заводзкай шматтыражкі Дзеленстап Каўкомавіч Зараян і, мружачыся ад уласнага бесьсьмяроцьця, жуе: „Майго бацю звалі Каўказ Камуністычны. А дзеда — Бядрос. Бядрос быў спачатку жабрак, а потым...” Мова Дзеленстапа Каўкомавіча нялёгкая для ўспрымання — ангельскае вымаўленне (правільнага быць не магло — Каўкомыч ня ведаў, што такое дантыст), пастаяннае пад-цэкваньне, сапенне, разнастайныя гарлавыя вібрацыі. Дзеленстап Каўкомавіч любіў пераймаць птушыныя маналёгі, ён завучваў іх як актор завучвае свае словы ў п'есе, і пакрысе пачаў карыстацца моваю птушак у жыцьці. Стах сядзіць паблізу, адкалупваючы засохлую фарбу з курткі, потым з-пад пазногцяў — прыемны занятак. Ён мала што разумее, але яму цікава — у васобе Каўкомыча ён бачыць выміраючую жывёлу. З каўкомавіцкай на зразумелую яму перакладае Юра Цыцка — гэты калега Стаха слухае аповеды пра Зараянаў прыкладна столькі ж гадоў, колькі цяпер Стаху. Астатнія члены брыгады сядзяць за ліпучым, нібы мёдам нацёртым сталом, гуляюць у карты, ліжучы пальцы. Кірыла Антоныч, з нагамі ўладкаваўшыся ў сваёй цёплай шафачцы, чытае заводзкую шматтыражку („Жыцьцё й прыгоды сьлесара Пролава”), раз-пораз спадылба аглядае падначаленых: Дзела жуе, карты чмякаюць, новенькі слухае, Цыцка бубніць. Усё ў парадку. У самым куце схіліўся над кніжкай Грыша Мурло — ён пляменьнік таго Мурла, што працуе ў адміністрацыі (але не таго, зь якім размаўляў Стах, ён жа назваў намесьніка начальніку адзьдзелу кадраў Мурлом толькі таму, што бачыў у будынку адміністрацыі шыльду на дзьвярох з гэткім прозьвішчам). Мурло калі-нікалі загортвае кніжку, хаваючы ў ёй як закладку пляскатую далонь, і пазяхае, быццам сядзіць перад стаматолягам — старанна, шырока. Стах зьвярнуў увагу на вокладку: „Энгонскія крошкі. Нашэсце”. За сьцяной бурліць рогат — там бавіць перадпрацоўную чвэрць гадзіны жаночая частка брыгады. Зь некаторымі Стах ужо знаёмы: з падобнай да тлустага беляша Танюхаю й барбівалосай Сьняжанай.

Цыцка — таксама чалавек, які заслугоўвае ўвагі. Ён адзіны, як заўважыў Стах, хто можа проста, ня робячы пры гэтым нічога, глядзець на пыльныя разводы ў вакне, вывучаць рабрыстае світальнае неба. Кажуць, вершы піша, друкуе ў шматтыражцы.

У першы працоўны дзень Стаху не давалі рабіць анічога. „Стой тутака й вучыся,”— сказаў Стаху Кірыла Антоныч, рукі якога аж трэсьліся ад нецярпеньня ўзяць хутчэй пэндзаль. „Уваходзь у курс,”— дружалюбна пасьміхнуўся Мурло. Стах стаяў ды глядзеў — глядзеў, як брыгада звонку бязладна й неахвотна, а насамрэч вельмі ўмела і арганізавана пафарбавала да абеду палову фасаду цэху зборкі. Трэба зазначыць, што працы на восень у маляроў хапала — прадпрыемства перажывала пару рэканструкцыі, змрочныя хваравіта-цагляныя карпусы, пабудаваныя ў эпоху маладосьці Дзеленстапа Каўкомавіча, мусілі стаць блакітнымі, белымі, ружовымі,— карацей, набыць усе колеры дзіцячых пялюшак. У той жа дзень падчас абеду Стаха адправілі па бліны ў сталовую. Ён зьбегаў. Стаха пахвалілі, але бліноў не далі. Патлумачылі, што традыцыя такая. Кірыла Антоныч за час свайго царавання навогул усталяваў шмат традыцыяў, супраць якіх нікому і ў галаву не прыходзіла выступаць. Навічок у першы дзень нічога ня робіць, у тым ліку й не абедае. А сёмай усе мусяць быць на працы, але на працягу дваццаці пяці хвілінаў усе застаюцца ля сваіх шафак у пакоі для маляроў і пра працу ня кажуць ані слова. За любое нецэнзурнае слова маляр, зноў жа такі згодна з традыцыяй, пазбаўляўся прэміі — разьмяркоўваў іх Кірыла Антоныч. Была яшчэ традыцыя на першы погляд барбарская.

На трэці дзень маляраньня Стаха ў абед па бліны ніхто не пайшоў. Усе сабраліся ў сваім родным цэху, селі колам вакол стала. Кірыла Антоныч урачыста выдаваў з-за шафак зялёнае эмаляванае вядро з накрыўкай. Брыгада ўзьняла вочы ўгору. Накрыўка была зьнятая, і брыгадзір паклікаў Стаха, каб той паглядзеў на зьмесьціва вядра.

Перейти на страницу:

Похожие книги