Звычайная мутная вадкасьць калыхалася там, напаўняючы вядро трохі больш чым напалову. На яе паверхні плавалі зыркія ліпеньскія вясёлкі. На самым прыдоньні жаўцела нешта густое, што дзялілася з вадкасьцю колерам і насычанасцю. Стах адчуў, як закружылася ягоная галава, ён схапіўся за край стала, яго ледзь не званітавала. Дух, які вылез зь вядра, усадзіў Стаха ў маленькі вагончык нейкага жахлівага атракцыёну ды ўключыў электрычнасць. Адна за адной перад вачыма абрываліся и зноў узьнікалі стромыя пакручастыя дарожкі. Зь вялікім намаганьнем Стах адхіснуўся ад вядра й сеў на стол. З вачэй ягоных цяклі слёзы й нянавісць.

— Яшчэ не маляр, ужо ня хлопчык,— так працэнтаваў сітуацыю Дзеленстап Каўкомавіч. Кірыла Антоныч жа выдастаў аднекуль з-пад стала алюміневую лыжку ды малянкоўскія шклянкі. Усе астатнія напружана маўчалі ў прадчуванні чагосьці важнага.»

Стах пакрысе ачуняў. Ён нават здолеў правесьці аналіз зьмесьціва вядра й вызначыў, што ў ім утрымліваюцца фарба — на дне, і настой на фарбе — зьверху. Аналіз навакольля падказваў яму, што супраць яго задумваюць нешта нядобрае.

— Сябры мае!— сказаў Кірыла Антоныч так нечакана, што Стах здрыгануўся й ледзь ня ўпаў са стала.— Сябры мае маляры! Усе вы зьяўляецеся паважанымі й запатрабаванымі работнікамі нашага прадпрыемства. Усе вы ведаеце, які нялёгкі хлеб у чалавека нашай прафэсыі. Тым радасней сёньня нам усьведамляць, што ў шэрагі нашыя ўступае яшчэ адзін Адтулінец. Гэты чалавек пажадаў стаць членам нашай малярскай гільдыі, ён добраахвотна пагадзіўся дзяліць разам з намі ўсе цяжкасьці й радасці малярскае працы, пагадзіўся прыняць нашае сьветабачаньне, пагадзіўся служыць прадпрыемству верай і праўдай. Спытаем спачатку ў яго самога — ці йдзе ён у маляры добраахвотна, ці не абяцаўся ён іншай гільдыі?

Цыцка піхнуў Стаха ў бок і прашаптаў яму на вуха: „Кажы — добраахвотна, не абяцаўся”. Стах машынальна паўтарыў, але потым спахапіўся й вырашыў у гэтай гульні болей не ўдзельнічаць. Аднак давялося — настолькі абсурдным было наступнае пытаньне.

— Ці не зьяўляешся ты карэспандэнтам якой-небудзь з цэнтральных газэтаў, які ўладкаваўся на прадпрыемства з мэтаю напісаць пра яго паклёп?

— Не,— адказаў Стах неахвотна.

— Ці пагаджаешся ты ў такім выпадку аддаваць прадпрыемству ўсё, што маеш, працаваць у выпадку неабходнасьці бясплатна, падпарадкоўвацца любым загадам адміністрацыі, усведамляючы, што любая ўлада — ад бога, і не табе вырашаць, чарвяку й рабу, якія законы мусяць вызначаць нашае жыцьцё. Пагаджаешся? Цудоўна...

— Я не сказаў, што пагаджаюся!— ускрыкнуў Стах.— Я супраць. Я звальняюся зараз жа.

— Зваротнага шляху быць ня можа,— мякка сказаў брыгадзір.— Ты ўжо ведаеш надта шмат. Таму...

Стах зьлез са стала, да яго адразу ж падыйшлі Цыцка й Мурло.

— Але як жа так?— запытаўся Стах, краем вока ацэньваючы шанцы на ўцёкі.— Як жа я, чалавек, які вырашыў уступіць у слаўнае племя маляроў, магу быць адначасова рабом і чарвяком?

— Добрае пытаньне,— цярпліва адказаў Кірыла Антоныч.— Чамусьці ад часоў Пролава-дзеда яго ніхто не задаваў. Уся справа, Стасік, у тым, перад якім тварам ты паўстаеш на суд. Калі перад тымі людзьмі, што ніколі не працавалі на прадпрыемстве, то, вядома, ты слаўны маляр, які ў сілу свайго становішча й зьдзейсьненага працоўнага подзьвігу стаіць невымяральна вышэй за іх. Калі ж перад тварам генэральнага дырэктара Марлокіна або каго яшчэ вышэйшага, то ты раб і чарвяк. Бо мы ўсе маем зараз магчымасць мець кавалак хлеба толькі дзякуючы ім. Яны, паводле калектыўнае дамовы — наймальнікі. Выключна ад іх залежыць — караць нас або мілаваць.

— У вас, Кірыла Антоныч, нейкая вычварэнская лёгіка,— нахабна заявіў Стах і зрабіў крок да дзьвярэй. Мурло й Цыцка схапілі яго за рукі. Гэткага са Стахам не рабілі ад часу ягонай службы ў войску. Ён абмяк і даўся пасадзіць сябе ізноў на стол.

— Уладай, дадзенай мне адміністрацыяй, я ўрачыста хачу абвесьціць новага члена нашай брыгады!— усклікнуў Кірыла Антоныч.— І каб завершыць абрад ініцыяцыі, давайце, сябры мае, адведаем малярскае амброзіі, і дамо нашаму новаму сябру ўсмакаваць ад цела багіні Фарбы...

— ...каб ніхто ня здолеў сказаць, што маляр гідзіцца таго, чым ён працуе!— хорам сказала ўся брыгада.

— А пэндзаль у задніцу засоўваць ня трэба?— пачуўся голас Стаха. Тут жа магутны ўдар зьбіў яго з ног. Стах, не разумеючы, што гэта зь ім адбылося, павольна падымаўся, трымаючыся за ножку стала. Ён расплюшчыў адно вока (другое чамусьці не хацела) і ўбачыў Кірылу Антоныча, які дзьмуў на кулак, быццам каўбой на рулю пісталету.

— Навошта ж ты так, Стасік?— спытаў пяшчотна Кірыла Антоныч.— Мы ж з табой як з чалавекам...

Астатнія маляры дапівалі фарбавую настойку — маленькімі глыточкамі, нібы апякаючыся. Кірыла Антоныч дапамог Стаху падняцца й працягнуў яму алюміневую лыжку:

— Зачэрпвай, ды еш. Ну, давай.

Стах абвёў вачыма прысутных. Кожны цяпер глядзеў на яго, і ў паглядзе кожнага выразна бачылася разуменьне. А апрача разуменьня — заахвочванне: давай, Стасік, давай.

Стах прыняў у рукі лыжку — старую, адшліфаваную да бляску мноствам пальцаў і далоняў.

Перейти на страницу:

Похожие книги