Верны Стахаў заплечнік утульна ляжаў на падваконьні, дзе таксама нага злодзея засведчыла сваю прысутнасць. Стах весела падхапіў яго, узважыў на руках. У вапошні час ён адчуваў у сваіх членах дзіўную ўпэўненасьць, нейкае абнаўленьне крыві. Калі раней ён спрабаваў дыктаваць рукам дзеяньні, і праз кволасьць і дрыготку ўласнае волі рукі слухаліся Стаха нехаця, змушана, то цяпер, здавалася, надыйшоў час поўнай гармоніі: рукі пачалі дыктаваць Стаху, якое файнае ім можна знайсьці прымяненне, і Стах з радасьцю падпарадкаваўся ім. Усміхнуўшыся ў бок бязьлюднай суседзкай сядзібы, ён не спяшаючыся, смакуючы кожны рух дастаў з заплечніку вялікую бліскучую бляшанку фарбы й па-дзіцячаму прычасаны пэндзаль. На бляшанцы жоўты чалавечак у жоўтым камбінэзоне маляваў сонца, бок якога быў аздоблены надпісам ікарусавага колеру — GELB.
Глыбока ўздыхнуўшы й заплюшчыўшы вочы, Стах правёў пэндзлем па шурпатай сьцяне. Навакольле адгукнулася зьдзеклівым рогатам электрычкі. „На адзінаццаць,”— падумаў Стах міжволі і зноў лізнуў дом сваім новым, атрыманым у падарунак ад Кірылы Антоныча валасатым сябруком. „Зараз набягуць... І Дубраўскі прыпрэцца. І, можа быць, Вольва,— сіні, сіні.” Ён адплюшчыў вочы. На прагнілай, мокрай сьцяне, падобнай да параненага боку даўно затанулага карабля, гарэлі, пераплёўшы хвасты, дзьве ўзбуджаныя кобры. Ікарусавы колер — колер, які ніколі не забыць эмігрантам. Гэльб!
І Стах прыняўся за працу. Адразу ж дом з паважнага пэнсыянэру ператварыўся ў неданошанае гаротнае дзіцё. Фарба сьцякала па ім, як сьліна. Напачатку Стах вырашыў праверыць сябе на хуткасць. Неўзабаве празь неахайна нанесены макіяж пачаў прасьвечваць бруната-зялёны здрадніцкі тон. Хуткасьць не прыносіла плёну — дзе-нідзе фарба ператваралася ў засохлую корку, якая на некалькі сантымэтраў выступала з паверхні, а ў іншых месцах толькі некалькі кволых палосаў сарамліва, але беспасьпяхова хавалі марачную гніль. Але паступова Стах намацаў свой рытм, і вось ужо фарба клалася на сьцяну роўнымі пластамі, і не ўтварала больш лініяў, карункаў, малюнкаў, адвольных арнамэнтаў, а пакрывала старое дрэва неаспрэчным і суцэльным колерам. Стах разыйшоўся, ён пачаў выдзёўбваць невідушчай нагой траншэйку ў зямлі, прытанцоўваць, ён знаходзіў адмысловае задавальненьне ва ўключэньні гэтага вадкага экрану на дрымучай сьцяне. Вусны ягоныя ціха завяліся, забомкалі, пратарахцелі нешта бязладнае, настройваючыся, ніжнюю губу нецярпліва ўкусілі скачучыя ў роце як фальклорны ансамбль зубы,— і Стах нечакана для самога сябе прагнусавіў на матыў бетховэнскага „Сурка”:
— В соседнем доме окна жолты, По вечерам, по вечерам...
Ён вымавіў гэта досыць гучна, сьпінаю адчуваючы пустую вуліцу, вусьціш саду й замерзлае раздражнёнае сонца, якое кантралёры ссадзілі з электрычкі якраз на прыпынку „дачны пасёлак” і якое цяпер марудна, ледзь ня плачучы набліжалася да ягонага апранутага ў кароткую жоўтую спадніцу дома, ён быў амаль шчаслівы, ён зьлізнуў залатую кроплю з махнатага пэндзлю і апусьціў яго ў бляшанку, ён узмахнуў пэндзлем у прадчуваньні чарговага выдрэсіраванага мазка — але пэндзаль тупавата ўпёрся галоўкаю ў сьцяну, фарба расплюшчаным — шлоп! — павучком распаўзлася па маналітнай роўнядзі, бо... Бо ззаду дзявочы голас насмешліва й на дзіва музычна прасьпяваў:
— Скрипят задумчивые болты.
Подходят люди к воротам.
Стах рэзка азірнуўся, разагнаўшы даверлівую гразь. Склаўшы абыякавыя рукі на невысокім плоце, на суседнім участку, і ўсё ж так блізка, так блізка ад Стаха стаяла мілая дзяўчынка Тая, і пара яшчэ таяла каля яе зьзяючых, вострых, маленькіх зубоў.
— Прывітанне,— сказала яна з хітрай усмешкай, забаўляючыся выглядам зьбянтэжанага Стаха.— Прывітанне, дарагі сусед.
Стах разгублена хітнуў галавою ў вадказ. З пэндзлю крапала фарба й пакрывала зямлю густымі плямамі. Ён ня мог адвесьці ад яе вачэй, ад яе чорнай, зашпіленай пад самае горла курткі, ад скуранога барэту на коратка стрыжанай галаве, ад гэтага маленькага разбэшчанага тварыка, у якім мыш мірна суіснавала з коткай і ўтварала зь ёю вельмі дзейны хаўрус. У руцэ Таі паволі дыхала доўгая цыгарэта.
— Я гэтую муру са школы памятаю,— прамовіла яна, кідаючы недапалак на Стахаў участак.— Толькі мы яе ў клясе па-іншаму перараблялі.
— Як?— спытаў Стах, проста каб нешта сказаць.
— Ня памятаю,— кінула яна легкадумна.— А ты любіш фарбаваць, так?
— Ну...— пачаў было Стах, але яна яго не даслухаўшы перабіла:
— А мне мой астроляг казаў у нядзелю, што жоўтага колеру на гэтым тыдні трэба сцерагчыся.
— Астрапрагнозы выдумляюць тыя, хто...
— У цябе фарба крапае на джынсы,— праспявала Тая й, згубіўшы да Стаха ўсялякі інтарэс, рушыла да свайго дому.