— Ты футбол як?— спытаў Цыцка, заклапочана цыкнуўшы языком — адкалупваючы зь нёба прыліплую плястынку хлебнага мякішу.— Ды ніяк,— адмахнуўся Стах. Сьняжана зьнізу прыняла гэта на свой конт і таксама памахала рукой.— А як ты навогул тут апынуўся?— пахітаўшы галавою, спытаў Цыцка.— А, чыста выпадкова,— адказаў безуважна Стах. Сьняжана паварушыла, гледзячы на яго, вусікамі вейкаў.— Я...

— Запомні,— Цыцка нават прыпыніў працу.— Выпадкова тут ніхто не апынаецца.

Напачатку сваёй працы на прадпрыемстве Стах упарта пераконваў сябе, што ягонае знаходжаньне тут — часовае, што трансфармацыя яго з мастака ў маляра — ня больш за цікавы экспэрымэнт, які Стах ставіць сам над сабою. Як можна прэтэндаваць на пасаду знаўцы жыцьця ў зьменлівай, хісткай гіерархіі творчых асобаў, калі ня ведаеш гэтага жыцьця знутры, калі адарваны ад працоўнага люду. Стах быў пэўны: мастацтва — рэальнае вакно ў сьвет, а не намаляваная шыба на непранікальнай глухой сьцяне. Што ён бачыў за сваё кароткае існаваньне на гэтым сьвеце? Анічога, акрамя роднага гораду й малазнаёмых людзей, што былі пазбаўленыя да яго, Стаха, усялякага інтарэсу. Стах нават за гарадзкую рысу, якая праходзіла акурат за дачным пасёлкам, ніколі не выязджаў, хаця мог — недзе па-за ёю жылі ніколі ня бачаныя ім бабулькі, дзядзька па бацькавай лініі ды іншыя мітычныя сваякі. А цяпер ён апынуўся ў самай гушчы працоўных, простых грамадзянаў, ягоных суайчыннікаў, асобаў, рукамі якіх ствараюцца матэрыяльныя каштоўнасьці. Як ні круці, гэты слой насельніцтва ў любой краіне пераважае. І вось Стах сярод іх, у чужой, па шчырасці, абстаноўцы, але... Як жаніх, што нязмысьля скарміў прызначанае сваёй абраньніцы залатое кальцо ўнітазу, лезе за ўпрыгожаннем дрыжачай рукой, не зважаючы на сьлёзы ад выядаючага вочы смуроду й падступаючы да горла абед, так і Стах вырашыў для сябе, што без адчайнага нырца ў пралетарскія нетры ён ня здолее заставацца шчырым ні перад сабой, ні перад мастацтвам. Начамі ён доўга ня мог заснуць, настойліва намаўляючы таго сьмярдзючага, інфантыльнага хіпі, гэтага абрыдлага саліцёра-нонканфарміста, які жыў у Стаха ўнутры й нудзеў безь перапынку пра немагчымасць рабочага быць мастаком, састарэласьць футурызму й розьніцу ў ва інтэлектуальных узроўнях, прыняць Стахава часовае пераўвасабленьне. „Зноў спаў у плэеры,”— бурчэла ранкам маці, будзячы Стаха на працу. Да таго ж малярства, і ня дзе-небудзь, а на самім Прадпрыемстве, было неацэннай крыніцай досведу. Досьвед гэты мусіў адкрыць для Стаха новыя прасторы, новыя ідэі, новыя вобразы. Пакуль што не адкрываў, але ж і пабыў маляром Стах яшчэ зусім нічога. У параўнаньні, напрыклад, з тым жа Дзеленстапам Каўкомавічам або Кірылам Антонычам. Пасьля першых дзён працы тут Стах вызначыў для сябе галоўную задачу: трэба толькі накінуць на сябе шкуру маляра, але не дазволіць, каб яна прырасла да цела. Моцы, як меркаваў Стах, яму павінна хапіць. Так, так, не апускацца да ўзроўню далёкіх ад мастацкіх і мэтафізычных праблемаў работнікаў прадпрыемства, а падымаць іх — паступова, няўлоўна для саміх гэтых добрых, па сутнасьці, але цёмных і неадукаваных істотаў — да свайго ўзроўню, у вышыні якога Стах не сумняваўся. А ўсе мэтры — яны яму яшчэ зайздросьціць будуць. І трэба, трэба спытаць у Кірылы Антоныча, дзе ён набыў той цудоўны пыласос, пра які нядаўна распавядаў. З заробку Стах абавязкова набудзе маці гэткі ж. Вось парадуецца старая. І, дарэчы, наконт заробку. Цікава, якія тут традыцыі? З розных крыніцаў Стах ведаў, што зь першага заробку неабходна пачаставаць начальства, калегаў... праставіцца, адным словам. Ці не запрасіць усю брыгаду ў рэстарацыю. Невядома, як да гэтага паставяцца. Можа, Кірыла Антоныч скажа, што, маўляў, не пасьпеў грошы атрымаць, а ўжо прапіваць пабег. Кампрамэтуеш, скажа, сьвятыя, працоўныя, кроўна заробленыя. Што гэта табе, скажа, халява якая?

Пакуль Стаху праца ягоная была даспадобы. Ня столькі празь ейны аднастайны зьмест, колькі праз антураж: людзі, сытуацыі, архітэктура, стасункі. На цяперашні момант праца для Стаха была суцэльнымі „аднойчы”, а не абрыдлымі „як заўжды”. Аднойчы брыгада ў перадпрацоўныя хвіліны разгадвала крыжаванку, а Стах сядзеў на сагрэтым Каўкомычам месцы ды радасна жаваў хлеб з салам, зьдзіўляючыся, наколькі смачнымі апынуліся гэтыя на выгляд такія неэстэтычныя прадукты. Мурло з алоўкам нахіліўся над газэтаю, і ўсе маляры, апрача Стаха ды Кірылы Антоныча, бралі ў забаве пасільны ўдзел. Спачатку ўсё йшло гладка, Сатурн круціўся вакол сонца, Волга ўпадала ў Каспійскае мора, і Генры Форд шаргатаў навюткімі нарвэскімі кронамі.— Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыс-тэнцыя... тэнія... цыяналіст!— прачытаў Мурло.— Вось, ё, няма Антоныча, можа, ён бы й ведаў. Панапісваюць... Ну, хадзем далей. Васямнаццаць: правы прыток... даліся ім гэныя прытокі...

— Сартр,— сказаў гучна Стах.

Усе павярнуліся на ягонае жаваньне.

— Падавіўся, маленькі?

— Сартр. Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыстэнцыяліст.

— А ты адкуль ведаеш?

— Ну, чытаў... „Млосьць” там, і яшчэ... Карацей, экзістэнцыялізм — гэта гуманізм.

Перейти на страницу:

Похожие книги