Раптам па-над плошчаю засьвісьцеў, загрымеў гістарычны голас. Па эмацыйнасці яго можна было параўнаць хіба з голасам Гітлера, калі ён абвяшчаў у рэйхстагу вайну Польшчы. Голас апускаўся на сабраны натоўп як хлыст, даваў слухачам сэкундную перадышку, уздымаўся высока ў паветра й зноў лупіў па замерзлых вушах. Ніводнага слова нельга было разабраць, хаця мікрафон, па ўсім відаць, быў наладжаны цудоўна. Магчыма, у выступоўцы дэфэкт маўленьня, падумаў Стах, выціраючы мокры ад выдыхаемай пары нос. „Прадпрыемства, прадпрыемства,”— толькі й можна было зразумець, а Стаху навязьліва чулася: „Б'емся, п'ём, б'емся, п'ём, б'емся, п'ём, б'емся...” „Хто выступае?”— прашаптаў ён паміж патыліцаў. „Марлокін,”— адказаў нехта збоку й перажагнаўся. „Генэральны,”— дадаў нехта ззаду закахана.
Высветлілася, што й словы наступных выступоўцаў сталіся неспасцігальнымі. Яны проста былі загучнымі, яны стараліся ахапіць увесь горад, гэтыя галасы, яны варочалі гарамі, калі трэба было ўсяго толькі насыпаць пяску ў гадзіньнік. І таму Стах з палёгкаю ўздыхнуў, калі ўсе аратары нарэшце выступілі, і з аграмадных дынамікаў Сафія Ратару заныла пра залатое сэрца. У натоўпе ўсчаўся рух, парушыліся ладныя шыхты, адміністрацыя й госьці прадпрыемства зьніклі з поля зроку. Людзі нетаропка пасоўваліся бліжэй да трыбуны. Стах, якога ззаду прыемна падштурхоўвалі напорыстыя грудзі, таксама быў вымушаны рухацца наперад, сладастрасна ціснучыся да паголеных, пахнучых фарбаю патыліцаў. Першыя некалькі крокаў ён яшчэ нэрвова пахіхікваў, адчуваючы пад сваімі ніжнімі рэбрамі нечыя бесцырымонныя локці, потым збоку наваліліся так, што грудная клетка Стаха, як яму падалося, зазьвінела ад напругі. Рука Стахава згубілася недзе зьлева, між шчыльна ссунутых плячэй рознага полу, расшпілены пінжак злазіў са Стахавага цела гэтак пераканаўча, нібы яго зацягвала адмысловая бязьлітасная монструозная сушыльня. Стах рвануўся, напружыўся — беспасьпяхова. Стала зразумела, што ён знаходзіцца амаль у самым ачагу даўкі. Побач хруснула, вылаяўся матам нехта, голас каго надта ўжо нагадваў голас Цыцкі. Незразумела, як гэта ўдалося, але натоўп здолеў на некалькі імгненьняў расступіцца. Цыцка ляжаў на цьвёрдым сьнезе ў такой позе, быццам быў на ім намаляваны. Стах нахіліўся над ім і адразу ж зразумеў, што гэта было памылкаю — людзі рушылі далей, бо канвеер святкуючых пачынаўся ня тут, ня тут сканчаўся й зусім не адсюль кіраваўся. На Цыцку наступіла ваяўнічая жаночая нага, прыкрываючыся сьцягам спадніцы, і востры мысок доўгага брунатага боту ўвайшоў Цыцку ў жывот. Адразу ж другая нага, шырокая, у кароткіх вараных джынсах, з-пад якіх тапырыліся валасы, без ваганьняў наступіла Цыцку на вусны. Людзі рухаліся да трыбунаў. Сафія Ратару ў шосты раз цягнула прыпеў. Стах, пачуваючыся як пад коламі звар'яцелага камбайну, здолеў усё ж такі выдавіцца з натоўпу, як паста зь цюбіку, ды ўстаць на ногі.