Перад трыбунаю зьмяіўся доўгі хвост людзей. Прагна заглынаючы паветра, Стах наступаў на пяткі Бурцэвічу, які чамусьці схаваў галаву ў плечы й варушыў пальцамі ў кішэнях пінжаку. Стах паспрабаваў азірнуцца, яму не далі, над плошчаю калыхаліся ў мутным паветры словы наступнай песьні: нешта про них и про нас. Загорнутыя ў палотнішчы зь лягатыпам прадпрыемства, уздымаліся высока ў неба мэталёвыя шасты, за якімі заклапочана ганяў фатографа Алег Ждановіч. Да трыбуны заставалася ўжо некалькі мэтраў. І нарэшце Стах змог разглядзець усё як сьлед: пад трыбунаю ў жоўтым аксамітным фатэлі сядзеў непрыкметны чалавек у дублёнцы й мехавым капелюшы. За ім гайдаліся высокія хударлявыя целаахоўнікі, а ля края трыбуны пра нешта перамаўляліся, пасміхаючыся, нібы пахваляючыся белымі зубамі, астатнія члены адміністрацыі й госьці. Пра цэсія з работнікаў урачыста прамінала чалавека ў фатэлі, і кожны, хто праходзіў міма, дакранаўся вуснамі да працягнутай яму рукі. Стах набліжаўся да трыбуны. Ён быў ужо зусім блізка, мог убачыць кожную зморшчыну на тварах кіраўнікоў, раптоўнае сонца ў іхных акулярах сьляпіла яму вочы. Пара зь іх іртоў далятала да Стахавага роту, упэўненыя іх словы штурмам бралі Стахавы вушы. „...аб'ём выпуску... Рудня... тая ў міні... а вунь тая... тэмпы...” Бурцэвіч нахіліўся над каральным і смачна прыклаўся да ягоных пальцаў, на адным зь якіх папераджальна ўспыхнуў пярсцёнак. „Гэта ўжо пераходзіць усялякія межы,”— падумаў Стах, адчуваючы ўнутры млосьць. Вуснамі, тымі ж самымі, якія пілі Таіну сьліну, якія працякалі ручаямі на яе смочкі,— гэтымі вуснамі дакранацца да валасатых пальцаў мужчыны, якога Стах бачыў упершыню ў жыцьці... Звольніцца. Звольніцца заўтра ж. Стах сам не разумеў, што за сіла стрымлівае яго, і чаму вясёлае слова „Заява” цяпер ужо не выклікае ў яго таго ўздыму, які калісьці, нібы паток свежага паветра, ратаваў Стаха ад рамесьніцкай смерці. Цалаваць пальцы генэральнага... А зрэшты, чаму б і не? У гэтым дзеяньні абсурду ня болей, чым, напрыклад, у цалаванні ілба мёртвага дзядулі, што ляжыць у труне нібыта ў ваньне. Дык тут хаця б жывога чалавека цалуеш, зь любога боку, зь якога ні вазьмі, жывога, ды яшчэ ня самага горшага,— дырэктара буйнога прамысловага прадпрыемства, разумнага, прадпрымальнага, нармальнага мужыка. А дзядуля, васковы халодны лоб якога Стах цалаваў, будучы яшчэ недабітым піянэрам, у параўнанні з Марлокіным быў поўным убоствам, смярдзючым алькаголікам, які трэціраваў маці, жлукціў з ранку да вечара вадкасьць ад паценьня ног ды забаўляўся з унукам тым, што вучыў малога лаяцца па мацеры. Так што цалаваць Марлокіна, па разважаньні, апыналася значна менш брыдкай справаю. Ды што тут цяжкага? Сэкундная апэрацыя. Ніхто ж не прымушае цябе смактаць яму пальцы. Лёгка дакраніся ды йдзі далей. Дакраніся... Пальцы Марлокіна пахлі дарагім дэзадарантам, пазногці былі каротка абстрыжаныя, на запясьці ягоным таямніча гарэў цыфэрблят гадзінніку бяз стрэлак. Стах разагнуўся, намагаючыся не парушаць заведзенага тэмпу, а душа Стахава сьпявала: здолеў! Марлокін з млявай усмешкай павярнуўся да астатніх членаў адміністрацыі й нешта прашаптаў. Стах ужо адыходзіў, калі сухая рука ў блёстках пярсьцёнкаў спаймала яго руку й сунула нешта ў Стахавы пальцы. На трыбуне паблажліва запляскалі. Стах пакланіўся й з пачуцьцём добра выкананай справы саступіў месца Мурлу. Паглядзеў на падарунак генэральнага — стракаты каляндарык зь лягатыпам прадпрыемства. Схаваў на сэрцы — адзіная на пінжаку кішэнь знаходзілася менавіта там.

Цалаваньне цягнулася яшчэ доўга. Тыя, хто ўжо выканаў пачэсны абавязак, разьбіліся на купкі. Маляры стаялі недалёка ад прахадной, палілі, сплёўвалі ў сьнег. Стах узбадзёрыўся, тая адлегласць між ім і ягонымі калегамі, якая настойліва дэманстравала сябе ад пачатку сьвята, кудысьці падзелася, цяпер ён пачуваўся роўным сярод роўных. Побач стаяла Сьняжана, Мурло распавядаў непрыстойныя показкі, і зьвяртаўся больш да Стаха, чым да астатніх, але сьмяяліся ўсе, і нават Кірыла Антоныч. Цеснае кола грэла Стахава самалюбства, ён удаваў на твары грубаватасьць, лавіў свой адбітак у шкле прахадной, і яму падавалася, што грубаватасьць такая вельмі пасуе ягонаму твару. „Ой, а можна паспрабаваць!”— Сьняжана ўзяла са Стахавай рукі цыгарэту, з фальшывай няўклюднасьцю зацягнулася, тэатральна закашлялася: „Брыдота!” Маляры засьмяяліся, і Стах гучней за ўсіх.

Нарэшце першая частка сьвята скончылася. Рэпрадуктары ўладнымі галасамі запрасілі ўсіх перайсці ў тэрмічны цэх. Там, як з жахам даведаўся Стах, мусіў прайсьці конкурс цэхавых сьценгазэтаў.

Перейти на страницу:

Похожие книги