— Ага,— пераможна ўсклікнуў Марлокін, і вочы яго памутнелі.— Я ж кажу... І таварыш Радзівіл... Знаёмцеся, дарэчы, хто яшчэ ня ведае,— Аляксандр Барысавіч Радзівіл, наш госьць, старшыня камітэту... камітэту... ну, няважна, карацей, самы пэрспэктыўны наш малады, так бы мовіць, гаспадарнік, так... Добрая газэта, выдатная,— голас Марлокіна станавіўся ўсё сур'ёзней.— Асабліва радкі гэныя... да сьлязы давялі... Эх... Та завадзкая прахадная, што ў людзі вывела мяня... Чыя сьценгазэта, кажаце?
— Маляры, таварыш дырэктар,— перад Марлокіным вырас распарадчык.
— Ну дык, як гэта гавораць... — прагнусавіў Марлокін.— Аўтара!
Добразычлівыя кулакі выпіхнулі Стаха прад вочы генэральнаму. Той працягнуў руку, але Стах, сам ня ведаючы чаму, укленчыў перад дырэктарам і ўпіўся ў яе вуснамі.
— Ну, ну,— з вачэй Марлокіна ледзь не бліснула яшчэ адна слязіна.— До, до... Парадаваў старога. Як зваць?
Адзін з намесьнікаў прашаптаў нешта на вуха Марлокіну ўсхваляванай скарагаворкай.
— Малайчына! Ступай. Ух, расчуліў...
Не зьвярнуўшы ўвагі на іншыя газэты, што ціснуліся да сьценаў пахілымі сьпінамі, Марлокін хуткім крокам пайшоў да выйсця. А рэпрадуктар ужо роў: „Першае месца ў конкурсе сценных газэтаў цахоў ды адзьдзелаў прадпрыемства заваяваў...” і г. д. Стах, якога білі па плячох усе, хто насіў на штрыфлі пэндзаль, зьбянтэжана раскрываў рот, але сказаць нічога ня мог. Прызналі... Упершыню... Першы посьпех... Як жа гэта ён мог сумнявацца... На шчацэ ягонай распускаўся густым барвовым цьветам шчодры пацалунак Сьняжаны.— Ну, прэміі нам забяспечаныя, — паўтараў Мурло.— Якое прэміі,— гундосіў Кірыла Антоныч.— За хлопца прыемна!
Між агульнай мітусьні Стаха не пакідала адчуванне, што на ім, як сонечны зайчык, блукае нечы зацікаўлены позірк. Калі ўсеагульная радасьць пачала пакрысе сьціхаць, ён аглядзеўся па бакох. Воддаль, паадстаўшы трохі ад астатніх начальнікаў, стаяў ля бела-зялёнага агрэгату той самы Радзівіл ды заклапочана, але сьветла й вельмі дзіўна пазіраў на шчасьлівага Стаха.
Народ высыпаў на плошчу. Рабочыя ў захапленні вохалі, лаяліся й храсьціліся: плошча была застаўленая палявымі кухнямі, каля якіх шчыравалі павары — сівыя дзяды, завешаныя ардэнамі, мэдалямі ды ордэнскімі плянкамі. Кожнаму жадаючаму, а прычасціцца бясплатнаю сьвяточнай ежаю жадалі хіба ня ўсе работнікі прадпрыемства, у бляшаную місу накладалі разварыстай пярлоўкі ды налівалі чысцюткай берасьцейскай гарэлкі ў малянкоўскія клясычна-рабрыстыя шклянкі. Многія выпівалі, хапалі жменяй хутка астываючую на марозе кашу ды спяшаліся зноў стаць у чаргу. Рух на плошчы разгараўся, людзі бегалі, сьмяяліся, недзе паблізу пятага мэханічнага цэху зайграў гармонік. Цямнела, адзін за адным па-над плошчаю запаліліся вялізныя пузатыя ліхтары, і вось ужо некаторыя падалі ў сьнег, па-жывёльнаму завываючы. Сьціх у дынаміках кабзон, і самы важны, самы моцны ліхтар асьвяціў сцэну. Там гулка завібраваў бубен, топнула табурэтачнай нагою паважная дама ў нацыянальным строі, ліха расьцягнуў пашчу гармоніку невысокі хлопец з накладным чубам. Пара маладых людзей студэнцкага веку з жарсьцю сплялася ў вабдымках і кінулася танчыць. Пад ненармальна вялікай балалайкай гінуў, адбіваючыся ад тоўстых, як тросы, струнаў, суханькі чалавек з п'янымі ачмурэлымі вачыма. Дама зараўла, вывяргаючы з роту тоны ватнай пары: „Ігдзе жа ты гуляла дзярэўня да на ценькі лес!!!” Маладзёвы сіпла прагаласілі: „Вух!” Бубнач калаціў свой інструмэнт, быццам прымушаў яго прызнацца ў страшным злачынстве. „Ансамбль „Яромка”!”— прагудзеў урачыста рэпрадуктар зьлева. „Пераможца-конкурсуўрдлоіконкурсуўіпртоіконкурсуўпвке!!!”— старанным мулою падтрымаў яго рэпрадуктар справа. „Толькі што з гастроляў паўсі!!!” Вакол сцэны імгненна сабраўся натоўп. „Аўтограф папрасі,”— стагнала работніца прадпрыемства, якая ня здолела прабіцца да яромкаўцаў, сваёй сяброўцы, якая лезла да сцэны па плячох калегаў, з задранаю да таліі форменнай спадніцай. „Вечна, бляха, кантралёры гэтыя шчэмяцца,”— нязлосна пракрычаў Бурцэвіч, рыхтуючыся да адчайнага скачку ў эпіцэнтар падзеяў. Палявыя кухні хутка пачалі зьбіраць рыштунак ды ад'язджаць у накірунку Плянава-аўтаномнага радыялягічнага адзьдзелу дастаўкі й забесьпячэньня. Многія з рабочых, ужо не зусім цьвёрда трымаючыся на нагах, накіроўваліся да цямнеючага ў канцы алеі прэсавага корпусу — там, як абвясьціў трэці рэпрадуктар, пачыналіся глядыятарскія баі.