— Аж дзьве,— у тон яму адказаў Стах і з прыкрасцю зразумеў, што казаць пра гэта нікому ня трэба было. Ды жаданьне пахваліцца такой гордаю праўдай было ўсеагульным. Недзе на верхняй палічцы Стаха зь нядаўняга часу ляжала, да пары ахайна згорнутае, шыкоўнае жаданьне такой размовы — каб хто-небудзь з мужыкоў запытаўся неяк наконт кабетаў, і Стах адказаў вось так, лёгка, мімаходзь, не задумваючыся, чыстую праўду. На шчасьце, ягоны адказ быў успрыняты як жарт, тонка хіхікнуў Мурло, затрос жаночымі грудзьмі Дзеленстап Каўкомавіч, усьміхнуўся Кірыла Антоныч.

— Дзьве,— скрывіўся Мурло, выстаўляючы на Стаха локаць, бо таго нечакана штурхнуў бяскрыўдны мужычок, і Стах ледзь не ўпаў галавой уперад.— Ты ня думай, што калі Сьняжанка з табой ходзіць, яна табе так проста дасьць. Пад ручку яна тут са многімі разгульвала, а каб легчы — ты што. Але ты дзейнічай.

Дзеленстап Каўкомавіч таксама нешта пражаваў, і Мурло задуменна пераклаў:

— Дзела вось кажа, што ён дзівіцца, як гэта Сьняжанка цябе абрала. Ёй сапраўдныя мужыкі падабаюцца. А ты ўсё малюеш ды сьцяхі пішаш. Ну жартую, жартую... Ты добры хлапец.

— Мы сур'ёзна, Стасік,— прабасіў Кірыла Антоныч ссунуўшы бровы і адначасова даследуючы языком лябірынты сваіх зубоў.— Чалавеку жаніцца трэба. Хто будзе працаваць тут, калі ня нашыя дзеці. Абстаноўка ў краіне складаная, сам ведаеш. Многа хто халявы шукае, а так каб рукамі... Мне ўжо й на прафкоме казалі: колькі, казалі, працэнтаў нежанатых? Выпраўляй, Антоныч, сітуацыю.

Яны ўжо прайшлі праз шкляныя дзьверы и спыніліся ля дэтэктару, чакаючы, пакуль падыдзе чарга Ззаду напіралі. Стах усхвалявана круціў у пальцах цыгарэту. Проста перад ім на сценцы будкі вісела пагрозьлівае папярэджанне: „Загадзя рыхтуйце пропуск!”, але Стах ведаў, што гэта ён здолее зрабіць і ў вапошні момант. Ад дэтэктару да турнікету быў адзін крок. Сыпны нарэшце ўздрыгнулі, турнікет коратка загудзеў, і Стах ступіў наперад. Адразу ж дэтэктар з паляўнічым азартам заверашчаў, а потым выпусціў у душнае, нібы ў вакзальнай залі чаканьня, паветра прахадной тонкі струмень надзвычай непрыемнага для вушэй сьвісту. Счэзьлі размовы, крутануліся на калючых шыях тысячы зацікаўленых галоваў, тысячы вачэй утаропіліся у Стаха Па той бок таксама ўтварыўся натоўп, бо нават тыя, хто ўжо прайшоў праверку й выходзіў з прадпрыемства, вярнуліся да турнікету паглядзець што здарылася. Цішыня вібравала й патрэсквала. Людзі глядзелі на Стаха, Стах глядзеў сабе пад ногі. Яму было страшэнна няўтульна пад гэтым пільным тысячавокім позіркам. Ды што здарылася? Падурэлі. Зламалася ў іх машынка гэтая, чаго ёй вішчаць, ён жа штодня праз прахадную ходзіць. Потым ён урэшце ўзьняў галаву й запытальна ўсміхнуўся:

— Ш-што?....

— Падыйдзі сюды,— вартаўніца ледзь стрымлівала шчасьлівую дрыготку.

Стах наблізіўся, нясьмелая ўсьмешка на ягоных вуснах падрыгвала, бы вужык на гарачай патэльні. Зараз, зараз усё высветліцца, і ў яго папросяць прабачэння, і з палёгкай пагаснуць гэткія строгія вочы навокал, і сумленьне ўзрадуецца, назіраючы, як ляціць у плявацельніцу некалі непрымірэнчы зуб.

— Падымі рукі,— сказала вартаўніца ласкава. Стах выканаў просьбу, бо толькі просьбай, але аніяк не загадам можна было назваць гэтыя словы, якія мусілі б належаць дзіцячаму краўцу. Але перад ім тырчала, перагнуўшыся праз сьценку шкляной будкі, бясполая істота ў вайсковай форме з пагонамі, у фуражцы зь лягатыпам прадпрыемства — яна хуценька, з прафэсыйнай пяшчотаю прастытуткі абмацала Стахавы плечы, палашчыла смочкі, пагладзіла жывот, які не разумеў, чаму ў нас сёньня такая затрымка зь вячэраю. На Стахавых сьцёгнах рукі яе спыніліся, правая зьнікла ў кішэні курткі, пагрэлася крыху ля цёплага боку мехавой падкладкі й, удзячная, выцягнула на белы сьвет цэляфанавы пакецік, у якім, нібы ў кокане, чакала свайго моманту ледзьве ня сотня навюткіх, пражэрлівых, цьмяна-бліскучых шрубкоў. Вартаўніца ўзьняла вочы ўгару й застагнала, падстаўляючы твар пад кароткі грыбны дожджык з прэміяльных. Па натоўпе прайшоў задаволены рокат. Стах тупа глядзеў на невядома скуль узяты пакецік, перавёў погляд на Кірылу Антоныча, разгублена затрэс падбародзьдзем у накірунку Мурла. Адкуль?

— Што гэта,— вартаўніца вярнулася на сваё працоўнае месца, і цяпер выключна дзеля захаваньня традыцый рэагавала так, як трэба. Праўда, казала яна без усялякіх пытальных інтанацыяў.— Так. Што гэта мы сабе дазваляем. Як гэта можна так нахабна, проста ў кішэні. Пасаромеўся бы, схаваў нармалёва, ты што ж, думаеш, мы тут усе дэбілы. Ну распавядай, дзе ўзяў. Што рабіць будзем.

— Гэта не маё, я гэтага ня браў,— прашаптаў Стах, але яго ніхто ня слухаў. Зь лесьвіцы, што вяла на другі паверх, спусьціліся двое дужых пэнсыянэраў з адзьдзела аховы.

— Што тут у цябе, Сямёнаўна?— бадзёра пракрычаў адзін, пакуль другі заклікаў натоўп разыходзіцца й не ствараць затораў. Людзі ўздыхнулі й рушылі ў заведзеным парадку. Уцягнуўшы галовы ў плечы, маляры не азіраючыся выйшлі з будынку.

Перейти на страницу:

Похожие книги