Стах абражана замахаў рукамі. „Пратакол! — гідка агаліў зубы Ясіраў. „Хрэн зь ім,”— падумаў Стах, якому не цярпелася вырвацца на волю, і зьняу куртку.

— Далей, далей,— прадырыжаваў Ясіраў, разваліўшыся на крэсьле.

Стах зьняў швэдар і кашулю.

— Нагавіцы,— прамовіў Ясіраў па складох. Стах азірнуўся на дзьверы.

— Пратакол? Звальненьне?

Стах падпарадкаваўся. Ён стаяў у майтках пасярод кабінэту, і Ясіраў па-бацькоўску ўсміхаўся, пастукваючы пальцамі па стале. Дзіўна, але Стах зусім ня мерз, наадварот, цела, якое ўпершыню за такі цяжкі дзень змагло ўздыхнуць вольна, смакавала салодкі сюрпрыз паслабленьня, і пад пахі, пах якіх адразу ж пасяліўся ў пакоі, сьпешна атабарыўшыся ў ва ўсіх кутох, забіраўся прыемны халадок.

Добрае ацяпленьне.

— Калі вы... ну, мужчын любіце, я не дазволю,— сказаў Стах сарамліва.— Я на вас паскарджуся, чуеце?

— Як у цябе какетліва атрымалася,— праспяваў Ясіраў.— Ня бойся, ня буду я да цябе лезьці. Худы які, скура ды косьці... Ну, падпісвай.

Стах, натуральна, спачатку вырашыў прачытаць. Ён падыйшоў да стала, узяў паперу, але тут жа з жахам адчуў, што ў такі адказны момант яго ўсё ж падпільнавала эрэкцыя. Прычым якая... Сьняжана бы страціла прытомнасць. Стах адвярнуўся ад Ясірава, які зарагатаў, і прабег вачыма тэкст. Словаў там было мала. Абавязуюся адпрацаваць на прадпрыемстве дзесяць гадоў са дня падачы заявы. Абавязуюся ўладкаваць сюды на працу ўсіх сваіх дзяцей абодвух палоў. Абавязуюся прадастаўляць у адзьдзел аховы ўсе неабходныя яму зьвесткі пра настроі й пра ўсе размовы, якія пачую ад сваіх калегаў. Абавязуюся захоўваць наяўнасьць дакумэнту ў тайне. У выпадку парушэньня дамовы буду сплочваць прадпрыемству... Колькі? Ко-оль-кі-і?

— Я апранаюся,— кінуў Стах і падняў з падлогі нагавіцы.— Я адмаўляюся. Пішыце пратакол.

Ясіраў, зусім не зьдзівіўшыся, узяў асадку ды ўзмахнуў ёй па-над новым лістом. У той жа момант рука Стаха накрыла асадку, як каршук, і на паперу вылезьлі нейкія крамзюкі.

— Згодны. Я... Я расьпісваюся. Не! Не, згодны.

— І майткі.

— Навошта вам гэта?— прастагнаў Стах. Рука яго, якая толькі што падпісала самую важную паперу ў жыцьці, легла на гумку майткоў, пацягнула яе ўніз. Ясіраў корпаўся ў сваім стале, нешта шукаючы — збоку выдавала на тое, што ён часаў схаваную ў паліраваных нетрах стала загадкавую істоту, і істота гэтая шчасьліва павісквала. Партрэт генэральнага назіраў са сьцяны, па-казацку пасміхаючыся, як Стах выдастаў сябе з вузкіх майткоў і замёр, згорбіўшыся. У трохкутніку цёмнага ваеннага шкла таксама стаяў Стах, толькі паменшаны, і трымаў паміж ног галаву зьмяі — той зьмяі, якая прыносіць удачу. Зьмяя напружылася, здранцвела, прасіла літасьці.

— Любіш музыку?— спытаў Ясіраў зусім новым, незвычайным голасам. Вочы ягоныя бліснулі й тут жа згасьлі, каб праз імгненьне засьпяваць, ціха й хрыпла,— засьпяваць першы куплет гімну бесстароннасці. Стах разгублена глядзеў, як Ясіраў, трымаючы галаву пад абсалютна нежывым, парадным простым кутам, марадзёрскім рухам выцягнуў з-пад стала патэфон, што імшыста зайграў сваімі нікелевымі аздобамі пад сьветлападам лямпы, потым з грукатам паставіў на паперу са Стахавым подпісам зьзяючую гулкую трубу.

— Артылерыйская падрыхтоўка скончаная,— прашаптаў начальнік аховы, прыладжваючы трубу да корпусу патэфону.— Грасмэйстар Караштаньнікаў па вашым загадзе зьявіўся. На пазыцыях танцы. Любоў Арлова. Прашу падмацавання. Горад-герой.

Два байцы. Плі. Музыка.

Ясіраў зноў палез пад стол. Стах як зачараваны стаяў на месцы, баючыся варухнуцца — было адчуванне, што любы ягоны рух парушыць да часу прыхаваную гармонію вечара, і ня дай божа паляціць прахадная, і цыстэрны фарбы, і кабінэт, і сам Лараў, і неба пад тоўстым слоем бэтону й шыфэру, і заваконная поўня зь лягатыпам прадпрыемства у малянкоўскую шклянку якой-небудзь Рэспублікі Тартарары, і ўсьлед за імі, натуральна, туды ўсмокча й Стаха, без майткоў, беланогага, з бруднай душой, раба па сацыяльнасці, мастака па прызванні. Ясіраў вярнуўся з запыленай кружэлкай, з салодкім банцікам на вуснах накруціў спружыну, быццам набраў нумар каханкі.

Перейти на страницу:

Похожие книги