Напярэдадні Дня яднаньня, які прыпаў на чацьвер, працоўны дзень быў скарочаны. Ужо а трэцяй Кірыла Антоныч, размазаўшы чарнату па стамлёным ілбе, дзелавіта махнуў рукой Мурлу: сканчаем, і брыгада, сінхронна сцягнуўшы пальчаткі, пачала зьбіраць рыштунак. Яны працавалі на гэты раз зусім блізка ад уласнага цэху, таму ўжо а палове на чацьвертую маляры выйшлі са сваіх уладанняў ды нясьпешна накіраваліся да цэнтральнай алеі. Ад іхных свежавымытых валасоў сплывала ў паветра лёгкая пара. Сьняжана ў гэты дзень мелася сустрэцца з бацькам, што працаваў у ЦаіНТ, і таму ніхто не трымаў сёньня Стахаву руку, ніхто не зазіраў яму ў твар з сабачым захапленьнем, не пагладжваў ягоныя барабанныя перапонкі аповедамі пра Танюхіных кавалераў. Стах ішоў амаль у вадзіноце, крыху адстаўшы ад брыгадзіра, Мурла й Дзеленстапа Каўкомавіча, якія паважна абмяркоўвалі заўтрашнюю хакейную сечу. Жанчыны рухаліся ззаду, пакуль не затрымаліся нарэшце ўсім гуртам каля грузавіка, проста з кодаба якога прадавалі сьвежаніну ў гонар сьвята. Бурцэвіч хутка таксама некуды зьнік, нават не разьвітаўшыся. Стах зь дзіўнай агідаю ўдыхаў насычанае імпартовым кіслародам паветра, кароткімі кіўкамі адказваў на поўныя павагі кіўкі сустрэчных. Засунуўшы рукі ў прасторныя кішэні новых шырачэзных нагавіцаў, вельмі папулярных на прадпрыемстве, ён упэўненай хадою ступаў па чужых сьлядох і разважаў пра тое, чым будзе займацца ў выходны. Тая адпадала — у графіку іхных спатканьняў падобныя вольныя дні не былі заплянаваныя. Найхутчэй дзень ён прысвеціць бляшанкам жоўтай, а ўвечары... Увечары можна пайсьці да Кірылы Антоныча глядзець хакей. Той запрашаў, ненастойліва, але было відаць, што дзядзьку хацелася, каб Стах завітаў да яго, што брыгадзір шчыра не разумеў, як можна адмовіцца ад такой прывабнай прапановы. Да хакею й да спорту ўвогуле Стах быў абыякавы, але дзядзька так маляўніча апісваў... так распавядаў, як гэта даводзіць да кіпеньня кроў... Кірыла Антоныч сам калісьці гуляў за зборную прадпрыемства. „Да борціку прыціснеш, і навалішся яшчэ ў прыдачу,”— казаў Кірыла Антоныч заўсёдным сваім спакойным тонам, але з вачэй ягоных ужо імкліва набліжалася да суразмоўцы драпежная бліскучая шайба.—'„Косці хрумсцяць... Музыка!” Мурло й Бурцэвіч згодна хіталі галовамі, а Стах няўпэўнена думаў: „Плябейства, ведама ж, увесь гэты хакей, але ж, каб зразумець сутнасьць фэномэну...” Можа, і праўда, узяць заўтра гарэліцы, ды заваліць у госьці да брыгадзіра?..

Перейти на страницу:

Похожие книги