Камендант і легіянеры і ўсе, хто стаяў тут убачылі, як мільганула над чыгуначным насыпам яшчэ некалькі постацей партызан і зніклі за імі. Камендант крыкнуў, выхапіў шашку і пагнаў па могілках каня, а за ім пабеглі легіянеры, ужо скучыўшыся адзін за адным.

— Прапала, не зловяць,— азваўся зноў той-жа абрадаваны голас.

— І пабаяцца,— сказаў яшчэ другі нехта,— яны смелыя толькі з мёртвымі.

— Не, комуністаў яны і мёртвых баяцца.

Апошнія словы сказала жанчына і гэта і ўсё, што пачула яна, ўзрадавала Лену. Усе апошнія дні Лена хадзіла носячы ў сэрцы страх за жыццё самага блізкага ёй чалавека і яго таварышоў. Іхная смерць была цяжарам, які, здавалася, яна ніколі не здолее панесці. Калі іх растрэльвалі, з яе вуснаў вырваўся крык роспачы, жудасны крык збалелай пакутамі за іхнае жыццё душы. Гэты крык яна прыглушыла сцяўшы вусны. Гэта было пачаткам жадання схаваць гора ў самой сабе. Ведаючы, што Дубравец і таварышы ўвечары пойдуць з гораду, пачала баяцца адзіноты. Пачуццё адзіноты дало сябе ведаць з асаблівай сілай, калі выпусціла руку Дубраўца. Яно холадам праняло цела і скавала яго. Што-ж яна будзе рабіць? Да каго пойдзе? Здавалася не здолее знайсці адказу на гэтыя пытанні. Але пачула галасы загаварыўшых і ўся істота яе напоўнілася радасцю. У галасах зусім не было страху перад крыклівым афіцэрам.

Лена адыйшла ад дрэва, ля якога стаяла да гэтага.

— Давайце пахаваем іх,— сказала яна,— а то вернецца і пачне зноў вязацца.

Падыйшлі мужчыны. Яны бралі дамавіны на вяроўкі, асцярожна неслі іх да выкапанай ямы і ставілі адну ля другой на яе дно. Калі ўзялі апошнюю, з лесу данесліся стрэлы партызан. Гэта было першым салютам над магілай чатырнаццаці растраляных комуністаў.

Красавік 1935 — красавік 1936 гг.

Перейти на страницу:

Похожие книги