Першым прышоў Шаўрук, а праз нейкі час прыйшоў Бараўскі, а за ім і Ключынскі. Не было толькі Багдановіча. Круміньскі развязаў клумак, прынесены Ленай, выняў гранаты, загорнутыя ў фрэнчы і паклаў іх на сваім ложку пад падушкай. Шаўрук і Ключынскі змянілі сваю вопратку і ўжо былі гатовы ісці. Круміньскі ўсё часцей паглядаў на гадзіннік. Заставалася дваццаць хвілін да часу, вызначанага для адыходу, а Багдановіча ўсё не было. Гэта трывожыла.

— Што ж гэта з ім? Не разумее як час дораг, ці што?

Круміньскі раз за разам падыходзіў да акна, як толькі чуліся ўтвуліцы чые крокі.

— Зараз прыдзе,— супакойваў яго Шаўрук.

Але час ішоў, а таго не было. І ніхто нічога не разумеў. Паглядалі друг на дружку, як бы чакаючы адказу на свае думкі.

— Баіцца?

— А можа з ім што здарылася?

— Можа ўзялі яго?

— Чаго-ж так раптам?

Шаўрук паціскаў плячыма, нічога не разумеючы.

— Ва ўсякім выпадку мы не маем часу чакаць.— Круміньскі зірнуў на гадзіннік.—Застаецца тры хвіліны. Мы ідзем.

— Як-жа з ім? Няўжо збаяўся?

Памаўчалі.

— Збаяўся, а тады будзе баяцца арганізацыі і чаго добрага пойдзе да іх... У такіх выпадках гэтым канчаецца.

Памаўчалі. Круміньскі стаяў ля акна, трымаючы ў руцэ гадзіннік. Ля стала ўсхваляваная стаяла Лена.

— Не можа гэтага быць... чорт... — злаваў Шаўрук.

— Чакаць больш нельга.— Круміньскі паклаў гадзіннік у кішэню.— Ён альбо арыштаваны, альбо збаяўся і тады можна чакаць брыдасць.— Яшчэ раз зірнуў у акно. Няма.— Лена пабудзе ў кватэры пасля нас яшчэ дзесяць мінут. Калі прыдзе, адразу-ж яго да Дубраўца. Калі не — таксама адразу паведаміць Дубраўцу...— Раптам падаўся да Лены і ўзяў яе за плечы, ад чаго яна ўздрыганула.— Бывай, Лена. Беражы сябе... і яго...

Лена пазірала ў твар яму і ён бачыў, як нарастаў у яе вачах спалох. Яна не адказвала і не адрывала ад яго погляду. Гэта цягнулася толькі некалькі секунд. Потым апамяталася і пацягнулася губамі да яго вуснаў.

— Я ўсё праведаю сёння-ж, схаджу да яго дадому.

— Але раней трэба папярэдзіць Дубраўца на ўсякі выпадак.

— Я так і зраблю. Бывайце, таварышы.— Развіталася з усімі і яшчэ раз з Круміньскім, ужо без слоў. А за гэтым яны ўзялі пад бекешы гранаты і пашлі. Лена бачыла іх, як праходзілі двор, адзін за адным, пасля ў вуліцы. Круміньскі пашоў тратуарам, а Шаўрук, Бараўскі і Ключынскі, па бруку. Пазірала ўслед ім, аж пакуль зніклі яны, а тады адыйшла ад акна, адчула, як ніколі за ўсё жыццё сваё, адзіноту і незвычайную, жудасную цішыню і прыслухаўшыся да яе, зноў пашла да акна. Іх ужо не было, яна і не чакала ўбачыць іх, яна проста хацела адыйсці ад цішыні, якая палохала яе. Але вуліца была як і раней нешматлюднай, і ў ёй не адчувалася трывогі, якая жыла ў Лены. Гэтак-жа час ад часу праходзілі людзі, свяціла сонца і крычалі дзеці, а за акном, на дварэ, на самай сцежцы, чырыкалі, пераскакваючы з месца на месца, вараб’і. Яна прыпомніла, як удзень слухалі з Круміньскім за горадам жаўранкаў. Яны пазіралі ўверх у цёмную сіняву, запоўненую сонечным святлом і спевамі. Спевы не сціхаючы плавалі ў сіняве і адтуль час ад часу, рассыпаючыся трэлямі, падалі на зямлю шэранькімі камячкамі самі птушкі. Успаміны адштурхнулі яе ад акна, яны абудзілі страх, які адчувала на станцыі. Яна села на ложак, і паклала тварам на падушку галаву, і нерухома ляжала так, як ёй здалося, бясконца доўга. Пасля апамяталася, таропка звязала свой клумак і сабралася ісці. Багдановіч не прышоў.

* * *

Ішлі моўчкі. Двое наперадзе, Шаўрук і Бараўскі, а Ключынскі за імі і тратуарам Круміньскі. На завароце, як выходзілі на вуліцу, што далей вяла на шасе, Круміньскаму захацелася азірнуцца: ён ведаў, што Лена ў ягонай кватэры і напэўне яшчэ стаіць ля акна. Азірнуўшыся, ён не ўбачыў ужо дома ў якім жыў, яго засланілі другія дамы, але змеціў у вуліцы чалавека, які ішоў следам за імі і які, як толькі Круміньскі азірнуўся, павярнуў у адзін з двароў. Нічога не гаворачы таварышам, Круміньскі хутка азірнуўся яшчэ раз і зноў змеціў таго-ж чалавека. Як набліжаліся да завароту на сцежку, неўзаметку азірнуўся яшчэ раз і змеціўшы таго-ж чалавека, які на гэты раз зноў кінуўся хавацца ў трапіўшыя пад бокам вароты, зусім упэўнена сказаў:

— За намі сочаць, таварышы. Я тры разы змеціў таго-ж самага чалавека, які ідзе туляючыся па завуголлю. Вунь ё’н зноў,— азірнуўся Круміньскі і цяпер і Шаўрук і іншыя ўбачылі, як чалавек, які ішоў следам за імі так на адлегласці квартала, раптам спыніўся і чамусьці зняў з галавы шапку.— Трэба спяшацца,— сказаў Круміньскі і яны прыспешылі крокі.

Сонца заходзіць. Даўгія цені дамоў ускраіны засланяюць вуліцу. Яны ідуць мінаючы нізкія драўляныя хаты, бачаць свае постаці ў цёмных вокнах хат і яшчэ больш прыспешваюць крокі.

— Ну, сволач! — кідае некаму па адрасу Шаўрук.— Так гэта яму не абыйдзецца...

Перейти на страницу:

Похожие книги